Авіякампаніі airBaltic, LOT, KLM, Lufthansa, Wizz Air, SAS і Avia Solutions пачалі абмінаць тэрыторыю Беларусі пасьля захопу Пратасевіча

абноўлена
Жанчына стаіць з постэрам «Дзе Раман?!» у віленскім аэрапорце. 23 траўня 2021.
Жанчына стаіць з постэрам «Дзе Раман?!» у віленскім аэрапорце. 23 траўня 2021.

Авіякампанія AirBaltic адмовілася ад выкарыстаньня паветранай прасторы Беларусі з прычыны прымусовай пасадкі ў Менску самалёта Ryanair.

Латвійская авіякампанія АirBaltic вырашыла не лятаць над тэрыторыяй Беларусі. Пра гэта, як паведамляе партал Delfi, заявіў міністар транспарту Латвіі Таліс Лінкайтс.

«Нацыянальная авіякампанія AirBaltic бесьперапынна сочыць за сытуацыяй зь бясьпекай у паветранай прасторы розных краін. І ўжо прыняла рашэньне пакуль не выкарыстоўваць паветраную прастору Беларусі ў сваіх палётах. Са сваімі рэкамэндацыямі выступіць і Латвійскае агенцтва цывільнай авіяцыі. Ведаю, што і Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі запрасіла ўсю інфармацыю ад перавозчыкаў і краін-апэратараў. У найбліжэйшыя дні будуць вынесены канкрэтныя рэкамэндацыі ў гэтым пытаньні», — расказаў міністар транспартных сувязяў Латвіі.

Па словах кіраўніцы аддзелу карпаратыўных камунікацый Алісы Брыдэ, кампанія вырашыла пазьбягаць паветранай прасторы Беларусі на рэйсах з Рыгі ў Адэсу і Тбілісі, слухаючыся рэкамэндацыяў Агенцтва па авіяцыйнай бясьпецы Эўразьвязу.

Вугорская авіякампанія-лоўкостэр Wizz Air таксама пацьвердзіла, што 24 траўня рэйсы іх самалётаў перанакіраваныя ў абыход паветранай прасторы Беларусі. Так у Будапэшце адрэагавалі на сытуацыю з прымусовай пасадкай у Менску самалёта авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню, і наступным затрыманьнем абвешчанага ўладамі ў міжнародны вышук журналіста Рамана Пратасевіча.

Літоўская група кампаній авіябізнэсу Avia Solutions Group вырашыла таксама зьмяніць лётныя маршруты і абыходзіць паветраную прастору Беларусі.

«Асноўнымі прыярытэтамі нашых авіяперавозчыкаў зьяўляюцца бясьпека палётаў і пасажыраў, таму кампаніі групы з улікам сытуацыі і ў адсутнасьць афіцыйных тлумачэньняў зьмяняюць маршруты і будуць пазьбягаць паветранай прасторы Беларусі», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні.

Скандынаўская авіякампанія SAS, польская LOT і нідэрляндзкая KLM таксама паведамілі, што маюць намер адмовіцца ад выкарыстаньня беларускай паветранай прасторы, піша Reuters. Агенцтва AFP паведамляе, што нямецкая авіякампанія Lufthansa таксама аб'явіла аб прыпыненьні палётаў у паветранай прасторы Беларусі.

Захоўваецца стабільны авіятрафік, але асобныя перавозчыкі сталі аблятаць краіну, паведамілі Інтэрфаксу ў дзяржаўнай кампаніі «Белаэранавігацыя».

«Асобныя кампаніі паляцелі ў абыход Беларусі, але гэта звычайная сытуацыя, яны могуць самі мяняць маршруты па сваіх меркаваньнях. У цэлым не магу сказаць, што Беларусь пачалі абыходзіць», — пракамэнтаваў агенцтву бягучую сытуацыю намесьнік генэральнага дырэктара «Белаэранавігацыі» па арганізацыі паветранага руху Валяр’ян Гродзь.

Авіякампаніі Расеі лётаюць у Беларусь і празь яе паветраную прастору, паведамілі Tut.by у прэс-службе Расавіяцыі.

Фінская Finnair таксама заявіла, што без афіцыйных рэкамэндацый не плянуе аблятаць Беларусь на рэйсах у Грэцыю і Турэччыну. Не зьмянялі сваіх маршрутаў і буйныя авіякампаніі Lufthansa, Air France і Turkish Airlines. Яны надалей лятаюць празь Беларусь транзытам, а Lufthansa і Turkish Airlines выканалі 24 траўня прамыя рэйсы ў Менск. Ryanair таксама працягнула лятаць транзытам празь Беларусь.

Рэйс Ryanair Атэны — Вільня, які пасадзілі ў Менску Пратасевіч,
Рэйс Ryanair Атэны — Вільня, які пасадзілі ў Менску Пратасевіч,

​
XS
SM
MD
LG