На год Літва можа перавозіць для Беларусі да 3 млн тонаў нафты на год. Гэта адна шостая частка таго, што Беларусь звычайна купляла ў Расеі для ўласных патрэбаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Дзе браць нафту, калі не ў Расеі, і колькі страчвае Беларусь ад прыпыненьня паставак? Тлумачым разам з экспэртамКіраўнік транспартнай кампаніі LG Cargo, што належыць Літоўскай чыгунцы (Lietuvos gelezinkeliai), Эгідыюс Лазаўскас 3 студзеня заявіў журналістам, што Літва можа прапанаваць Беларусі інфраструктуру для паставак сырой нафты ў аб’ёме да 3 млн тонаў на год, паведамляе ТАСС.
Ён адзначыў, што адна Літва ня зможа перавезьці ўсе 18 млн тонаў сырой нафты, што Беларусь звычайна купляла ў Расеі для ўласных патрэбаў (агулам Расея прадавала Беларусі каля 24 млн тонаў на год, рэшта ішла на «перамытненьне»).
Каб запусьціць пастаўкі нафты зь Літвы, спатрэбіцца «адзін-два тыдні» пасьля таго, як беларускі бок прышле заяўку і вагоны. Пакуль гэтага не адбылося, адзначыў Лазаўскас.
Паводле яго, Літва можа ня проста перавозіць нафту для Беларусі чыгункай, але і задзейнічаць марскі порт у горадзе Клайпеда і нафтавую кампанію Klaipedos nafta, што мае тэрмінал прыёму сыравіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Латвія гатовая транспартаваць нафту ў БеларусьРаней пра магчымасьць вазіць нафту ў Беларусь казалі ў Латвіі. Паведамлялася, што «пытаньні дадзенай супрацы раней абмяркоўваліся зь беларускім бокам», але дакладныя аб’ёмы і даты не ўдакладняліся.
***
Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь зь 1 студзеня. Масква і Менск дагэтуль не дамовіліся па ключавых пытаньнях адносна цаны на нафту, тарыфу на транзыт праз тэрыторыю Беларусі, а таксама аб кампэнсацыі за пагаршэньне эканомікі беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў пасьля так званага падатковага манэўру ў Расеі.
Беларускія НПЗ пакуль працуюць на леташніх запасах, аб’ёму якіх хопіць прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыніла.
Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і РасеіАляксандар Лукашэнка яшчэ 31 сьнежня даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і задзейнічаць альтэрнатыўныя пастаўкі па магістральным нафраправодзе «Дружба». Але пра канкрэтныя дамовы не паведамлялася.
Падобнае даручэньне — адкрыць альтэрнатыўную пастаўку нафты праз прыбалтыйскія парты — ён даваў і год таму. Тады экспэрты адзначалі, што альтэрнатыўныя пастаўкі можна ладзіць ня толькі праз балтыйскія парты, але і праз украінскую Адэсу.