Анкета на лета. Івонка Сурвіла: «Хачу, каб памяталі, што была, жыла і моцна любіла Беларусь»

  • ВА

Івонка Сурвіла, 2018 год

У летнім праекце Свабоды мы прадстаўляем анкеты цікавых і вядомых людзей. Сёньняшняя рэспандэнтка — старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла.

Хто гэта?

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (з 1997 году), грамадзкая і палітычная дзяячка беларускай эміграцыі, мастачка, мовазнаўца. У 1958–1965 гадох працавала ў беларускай рэдакцыі гішпанскага Нацыянальнага радыё, з 1969-га — у бюро перакладаў пры Фэдэральным урадзе Канады. У 1974 годзе была абраная старшынёю Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Канадзе. У 1989 годзе арганізавала канадзкі Фонд дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі і заставалася яго кіраўніцай да 1997 году.

1. Калі вы адчувалі найбольшае ў жыцьці шчасьце?

Паколькі слова «шчасьце» звычайна ўключае паняцьці ўдзячнасьці і задавальненьня, паспрабую адказаць на гэтае пытаньне вось так. Найбольшае ў жыцьці шчасьце адчувала ў Мадрыдзе, дзе мы з мужам рабілі беларускія радыёперадачы і дзе нарадзіліся нашы дзяўчаткі — Ганя і Паўлінка. Адчула падобнае шчасьце, калі пасьля паўстагодзьдзя жыцьця на чужыне прыляцела ў 1992 годзе ў Менск.

Івонка Сурвіла выступае са сьвяточнай прамовай падчас сьвяткаваньня стагодзьдзя БНР. 23 сакавіка 2018 году

2. Які ваш найбольшы страх?

Перажыўшы ў дзяцінстве траўму вайны, страхаў я маю дасюль шмат. Вельмі цаню жыцьцё і таму баюся ўсяго, што можа яго перарваць. Гэта адчуваю і адносна Беларусі. Моцна перажывала чарнобыльскую бяду. Цяпер малю Бога, каб абараніў наш народ ад «саюзных дзяржаваў».

3. Які ваш самы раньні ўспамін?

Самы раньні ўспамін — бляск сонца над Нёманам. Але найшчасьлівейшыя ўспаміны з раньняга дзяцінства ў мяне з Засульля, дзе жылі мае дзяды. Цьвіце сад, сьвеціць сонца, пяе певень, а на стале — аладкі са сьмятанаю.

4. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў сабе?

Ёсьць (здаецца, француская) прыказка, якая радзіць не хваліцца сваімі дрэннымі рысамі: «Пра іх раскажуць вашы найлепшыя сябры».

5. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў іншых?

Вельмі не люблю няшчырасьці і неапраўданых амбіцыяў.

Івонка Сурвіла, архіўнае фота

6. Якая ў вас была самая няёмкая сытуацыя ў жыцьці?

Няёмкія сытуацыі часта здараюцца, калі чалавек ня ведае звычаяў краіны, куды прыехаў, а людзі, ня ведаючы звычаяў краіны, зь якой ён прыехаў, ня здольныя асэнсаваць ягоныя паводзіны. Такое часам здаралася і ў мяне.

7. Якая ў вас ёсьць самая дарагая вам рэч?

Здымкі, абразы, беларускія кнігі, мастацкія вырабы — за жыцьцё назьбіралася вельмі шмат «самых дарагіх» мне рэчаў. Цяжка сказаць, што зь іх найдаражэйшае.

8. Якую б вы хацелі мець супэрздольнасьць?

Думаю, што прыгадзілася б у працы аратарская «супэрздольнасьць»... Але таксама хацелася б мець і іншыя «супэрздольнасьці», якіх ня маю. Прыкладам, музычную.

9. Што робіць вас няшчаснай?

Грубая сіла, усякага роду гвалт, разьюшанасьць. Ня зношу нават крыку і сварак.

10. Якая ў вас самая непрыгожая звычка?

У дзяцінстве грызла ногці.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла выступае ў Брытанскім парлямэнце. 21 сакавіка 2018 году

11. Якую вы маеце заганную прыемнасьць?

Заганная прыемнасьць, мусіць, не была б для мяне прыемнасьцю.

12. У каго вам найбольш хацелася б папрасіць прабачэньня і чаму?

Усё жыцьцё старалася быць справядлівай, нікога не пакрыўдзіць. Хаця брат дасюль наракае, што выйшла замуж... Але за гэта прасіць прабачэньня ня буду.

13. Найлепшы пацалунак у вашым жыцьці?

За мае доўгія гады жыцьця было іх, магчыма, некалькі.

14. Найбольшае ў жыцьці расчараваньне?

Найбольшым расчараваньнем быў прыход да ўлады А. Лукашэнкі, тады, калі мы спадзяваліся, што незалежная Беларусь хутка станецца нармальнай эўрапейскай дзяржавай.

15. Калі б вы маглі нешта зьмяніць у мінулым жыцьці, што б гэта было?

Нарадзіла б яшчэ двое дзетак...

Івонка Сурвіла, архіўнае фота

16. Калі б вы маглі трапіць у мінуласьць, дзе б вы хацелі апынуцца?

Хацела б апынуцца ў 1960 годзе ў Мадрыдзе.

17. Калі вы былі найбліжэй да сьмерці?

Падчас вайны — у Беларусі, ва Ўсходняй Прусіі, на Балтыйскім моры. Магчыма, таксама ў бежанскім лягеры ў Даніі, дзе памерла мая сястрычка Прадслава, зь якой я ляжала ў шпіталі ў адным ложку.

18. Якая адна рэч павысіла б якасьць вашага жыцьця?

Калі б не памёр муж Янка.

19. Ваша найбольшае дасягненьне?

Стварэньне Канадзкага фонду дапамогі ахвярам чарнобыльскай катастрофы ў Беларусі.

20. Што вам не дае спаць па начах?

Пагроза незалежнасьці Беларусі.

21. Што б вы хацелі, каб пра вас памяталі?

Што была... жыла... і моцна любіла Беларусь.