Юркойцеў суд. Таямніца абрэвіятуры CMR

Фота з сайта www.transportal.by

Ключавы момант у справе ашмянскіх мытнікаў – «бесьперашкодны пропуск» фураў з галяндзкімі кветкамі, за што мытнікі нібыта атрымлівалі грошы ад сваіх начальнікаў. Ажно 4500 машын. Каля двух мільёнаў даляраў.

Пачатак ТУТ

Суд доўга бадаўся з тэрмінам «бесьперашкодны пропуск», пакуль ня высьветліў, што мытнікі ўвогуле «пропуску» машын не ажыцьцяўляюць. Яны афармляюць тавар. У абавязковым парадку запаўняецца накладная, якая толькі й можа засьведчыць – якім чынам афармляліся кветкі. Дык вось аказалася, што саміх гэтых накладных, якія могуць падтрымаць або абвергнуць абвінавачаньне, арыштаваным мытнікам не паказалі.

Пракурор пытаецца: Ці афармлялі вы машыны з кветкамі фірмы «Міленіюм», нумар машыны, дата? – Можа і афармляў, – адказвае Юркойць. Сотні машын афармляў, усіх не запомніш. Пакажыце мне дакумэнты. – А сьледчы вам не паказваў? – Не.

Паўза.

На руках у пракурора зводная табліца ўсіх 4500 фураў, складзеная сьледчым КДБ Бычакам, дзе ўказана, хто і што афармляў. Не сказана толькі – як афармляў – ці праводзіўся надгляд. Табліца Бычака ўражвае лічбамі, але сама па сабе ні пра што ня сьведчыць.

Мытнік Тадэвуш Высоцкі нават прыгадаў канкрэтную машыну, за «бесьперашкодны пропуск» якой ён нібыта атрымаў грошы, хоць дакладна памятае гэтую фуру і што праводзілася поўная выгрузка тавару.

Судзьдзя папрасіў праверыць, паднялі дакумэнты. І сапраўды, аказалася, выгружалі. «Бесьперашкодны пропуск» заняў трое сутак.

Паўза.

Міжнародная таварна-транспартная накладная CMR ёсьць на кожную з тысяч машын, якія фігуруюць у справе. Але сьледчы выкарыстаў гэтыя дакумэнты «для аб’ёму», каб нагнаць страшную суму нібыта атрыманага мытнікамі хабару. Аднак у сэнсе доказу віны ці невінаватасьці мытнікаў ён гэтыя дакумэнты не выкарыстоўваў, па сутнасьці ўтаіў.

Што ж такое гэтая загадкавая CMR?

«Трэба заўважыць, што важна ня толькі правільна запаўняць CMR, але і ўмець чытаць гэты дакумэнт. У накладной, апроч першапачаткова ўказаных зьвестак, у часе перавозкі зьяўляецца мноства пячатак і адзнак: упісваюцца нумары кантэйнэраў, плёмбаў і транзытных дэклярацыяў, указваюцца тэрміны дастаўкі грузу на мытню, час прыбыцьця, дата выгрузкі і шмат чаго іншага. Уменьне разабрацца, што да чаго, – дапаможа ў выпадку канфліктных сытуацыяў, калі трэба абгрунтаваць сваю пазыцыю ці прывесьці дакумэнтальна замацаваныя доказы».

Інакш кажучы, накладная абавязкова адлюструе, якім чынам афармлялася фура і ці былі з боку мытнага інспэктара парушэньні.

Пры надглядзе мытнік ускрывае арыгінальную плёмбу з кантэйнэра. Па завяршэньні надгляду ён ставіць сваю плёмбу. У CMR ён ставіць ня толькі сваю асабістую пячатку, але і нумар плёмбы, якую паставіў.

Калі ў суд будуць дастаўленыя CMR, можна будзе лёгка пабачыць, якія машыны ўскрываліся, гэта значыць, нічога «бесьперашкоднага» або «паскоранага» інспэктар не дапусьціў. Варта дадаць, што не інспэктар вырашае, якія машыны даглядаць, а якія не.

Каб высьветліць праўду, суд мусіць дасьледаваць кожную з тысяч накладных, па кожнай дапытаць абвінавачанага інспэктара, бо выстаўленае абвінавачаньне можа быць даказанае толькі такім чынам, а не паводле нейкай прыдуманай сьледчым сукупнасьці. Прыдуманай груба і, самае галоўнае, для абсурднай мэты падагнаць суму мітычнага хабару пад суму, знойдзеную ў Сарумянца. Што ўвогуле нагадвае казку пра леташні сьнег, дзе два мільёны нібыта раздадзеных мытнікам даляраў дзівосным чынам матэрыялізаваліся пад Сарумянцавай ваннай.

Хутчэй за ўсё, сьледчы разьлічваў, што суд ня будзе дасьледаваць такую колькасьць дакумэнтаў, бо тады працэс можа зацягнуцца на гады. Але іншага шляху папросту няма, бо менавіта па кожнай канкрэтнай накладной кожнаму канкрэтнаму мытніку інкрымінуецца незаконнае атрыманьне канкрэтнай сумы грошай.

Працяг ТУТ

Фота з сайта www.transportal.by

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.