Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Няма доказаў – няма і суду. А турма ёсьць


Алесь Юркойць. Здымак Дзяніса Раманюка

Прыпынены месяц назад «за недастатковасьцю доказаў» працэс ашмянскіх мытнікаў у Партызанскім судзе Менску сёньня ўзнавіўся і быў ізноў прыпынены на месяц – «для збору дастатковых доказаў».

Пачатак ТУТ

Доказы зьбіралі больш за два гады. Не назьбіралі. Але больш за два гады Алесь Юркойць і ягоныя калегі, якія не прызналі, што бралі ў начальнікаў грошы, утрымліваюцца ў менскай турме на Валадарцы.

Такога рашэньня, апроч самога суду, не чакаў ніхто. Загаласілі ў залі жонкі і маткі зьняволеных мытнікаў, запнуліся нават адвакаты. – Як гэта ня маеце думкі? – зьдзівіўся судзьдзя. Нарэшце адна цёцечка выказалася за ўсіх: «На усмотрение суда». Падсудныя ў клетцы проста ня ведалі, як рэагаваць. Адзін Юркойць ускочыў: Я супраць!

Ага, нехта гэта пачуе. Як казалі ў вёсцы маёй бабулі, «тваё “я” сьвіньня задам сьцерла».

Чалавек, які сядзеў разам зь Юркойцем, але ўжо выйшоў і цяпер прыходзіць на працэс падтрымаць Алеся, распавёў, што гэта значыць (сам праз тое прайшоў). З шасьці раніцы падсудныя на нагах, аўтазакі прывозяць іх у суд. Суд адбываецца з 10.30 і, як сёньня, да 10.40, дзесяць хвілін. Пасьля зьняволеныя да 16-ці чакаюць у ніжняй турме, у «стаканах», пакуль іх не вязуць назад у СІЗА.

Няхай сабе працэдура затратная (паўсотні чалавек ва ўсім гэтым задзейнічыя «з карысьцю для краіны»), але галоўнае – за што? За што яны сядзяць? Я скажу: за адсутнасьць віны, закон скажа – за недаказанасьць віны, суд скажа – за непрызнаньне віны.

Вунь тыя, што прызналіся, хабарнікі значыць, тыя на свабодзе, – абураецца маці зьняволенага Курневіча – дома жывуць, ядуць сыта, гуляюць, а тыя, каго яны агаварылі – за кратамі.

Сярод гэтых сытых – і той, хто нагаварыў на Юркойця – Чэпін.

– У 2005-м годзе, калі таксама судзілі групу ашмянскіх мытнікаў, мой брат з 50-ці адзіны не прызнаў сваёй віны, – распавяла мне Наташа, якая таксама прыйшла падтрымаць Юркойця, – і адзіны ад званка да званка адбарабаніў прысуджаныя яму 11 гадоў. Алесь прыяжджаў на той суд падтрымаць брата. Дык у тым працэсе фігурантам таксама быў Чэпін, і ў такой самай ролі.

На абурэньне залі судзьдзя «суцешыў», што больш чым на два месяцы суд перапыняцца ня можа і што пачнуць 29 красавіка.

Гэта, між іншым, працоўная субота. А далей – майскія, майскія, майскія… Яшчэ адзін перапынак.

Якія прагнозы?

Нібыта Партызанскі суд чакае вынікаў абласнога, дзе судзяць мытных начальнікаў, і які нібыта закончыцца ў чэрвені.

Але мне нешта падказвае, што справа тут, па-першае, у тым, каб сьціхла ўвага грамадзтва да працэсу. А яна і сьціхла, пагатоў пасьля тых гучных і аблудных судовых канвэераў, якія адбыліся ў сакавіку. І, само сабой, пасьля арыштаў нібыта за «Белы легіён». Па-другое, рашэньне чакаецца палітычнае – як кажа Лукашэнка, які і даў адмашку раскручваць мытную справу – не па закону, а па справядлівасьці. Розьніца ў тым, што закон для ўсіх адзін, а справядлівасьць у кожнага свая.

І, нарэшце, па-трэцяе, шмат чаго залежыць ад ваганьняў клімату ў грамадзтве і ў дзяржаве. Пасьля масавых пратэстаў гэтай вясны, куды выйшла шмат пэнсіянэраў, стала зразумела, што гэта два розныя кліматы. Грамадзтва абнавілася, яно схільнае да даверу, а без даверу ня будуць працаваць ніякія законы. Дзяржава, наадварот, замкнулася, ашчэрылася на грамадзтва, паказала яму свой кулак. Дзяржава не культывуе адкрытасьці да людзей. А калі дзяржава не імкнецца быць добрай, яна аўтаматычна становіцца злой.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG