Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд і «Белы легіён»


Суд над групай ашмянскіх мытнікаў, якіх вінавацяць у хабары. Адзін з абвінавачаных - Алесь Юркойцьь, вядомы краязнаўца, прапагандыст беларускай мовы.

На прыкладзе справы ашмянскіх мытнікаў мы ўжо разгледзелі схему, паводле якой у Беларусі фабрыкуюцца групавыя справы – ці гэта «хабарніцтва на мытні» ці «падрыхтоўка масавых беспарадкаў» ці які-небудзь бунт кактусаводаў, ня важна. Была б каманда зьверху.

Пачатак ТУТ

Важна, што ў кабінэтах дому пад бэльвэдэрам і «на месцах» гадамі зьбіраецца (калі не фармуецца) «кампрамат» на патэнцыйных «ворагаў улады» і як толькі ад улады паступае сыгнал, раскручваецца махавік, у якім задзейнічаныя сотні, калі ня тысячы службоўцаў. Робіцца гэта ўсё больш нягегла, белымі ніткамі ў спадзеве, што паслухмяны суд возьме толькі адзін бок і вырок атрымаецца такі, які б спадабаўся ўладзе. Суд, праўда, настолькі часта апраўдвае гэткія спадзяваньні, што сьледчыя канчаткова расслабляюцца і замест кампрамату выдаюць на працэс відавочныя фэйкі.

Так гэта выглядае ў Партызанскім судзе, які два месяцы шукае і ня можа знайсьці дастатковых доказаў віны Алеся Юркойця і ягоных калег, якія не прызналі свае віны. Так гэта выглядае і ў справе «Белага легіёну». Што можна прад’явіць Зьмітру Дашкевічу, уся дзейнасьць якога навідавоку?

Што праўда, у справе фэйкавага «Белага легіёну», апошні выхлап ад дзейнасьці якога даўно растаў недзе ў Тыбецкіх гарах, зьяўляецца новая для майго расповеду акалічнасьць, якая можа мне спатрэбіцца і ў развагах пра справу ашмянскіх мытнікаў.

Гаворка пакуль не пра палітыку, а пра «голыя» інтарэсы.

Відавочна, што кожны, хто выступае за абарону незалежнасьці Беларусі, з гледзішча Крамля вінаваты ў «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў». Ключавыя словы – з гледзішча Крамля.

Я напісаў – выступае. Дакладней будзе – кожны, на каго там падумаюць, што ён можа выступаць. Лукашэнкі зь ягонымі інтарэсамі ці страхамі тут папросту не відаць. Мяркую, ён можа знайсьці тысячу прычын інтэрнаваць гэтых людзей, ня зьвязваючы іх арышт з тым, што яны выступаюць за незалежнасьць Беларусі, за якую ён і сам нібыта выступае. Значыць, наўпрост – Крэмль. І справа «Белага легіёну» (якога даўно няма) лягічна кладзецца ў рэчышча помсты беларускім патрыётам і за паўстаньне Касьцюшкі, і за 1831 год, і за паўстаньне 1863 году, і за Слуцкі збройны чын, і за Булак-Балаховіча, і за БНР, і за незалежнасьць 1991.

Калі так, тады «Белы легіён» – апошні па часе ў сэрыі незьлічоных «справаў» ХХ стагодзьдзя, якія фабрыкаваліся людзьмі ў форме НКВД (ГПУ) супраць беларускай інтэлігенцыі і сканчаліся найчасьцей зьнішчэньнем – выкараненьнем беларускай ідэі як такой. Найбуйнейшая зь іх – справа фэйкавага «Саюзу вызваленьня Беларусі» (1930), калі былі нэўтралізаваныя сотні выбітных дзеячоў навукі і культуры.

Адрозьненьне адно і нязначнае. Да матываў беларускага патрыятызму і інтарэсаў Крамля дадаўся трэці – матыў аўтарытарнага правіцеля. Нязначны ён таму, што ў супрацьстаяньні беларусаў і Крамля ў выпадку агрэсіі апошняга, ня знойдзецца дастатковага мноства патрыётаў, якія б самачынна выйшлі на абарону Лукашэнкі. Іншая рэч, што гэты трэці матыў можа далучацца ці да беларускага патрыятызму ці да інтарэсаў Крамля. І ўсе 23 гады прэзыдэнцтва ён, як майгач Фуко, то нібыта за Беларусь, то за інтарэсы Крамля. Прынамсі, публіка гэта ўспрымае менавіта так і вагаецца ў сваім цярпеньні аўтарытарнае ўлады, думаючы, што ўлада то «за нас», то «супраць нас», то зноў «за нас», то зноў «супраць нас».

І сапраўды можна было прымаць да ведама словы Лукашэнкі пра «самае дарагое для нас незалежнасьць», «мы свайго не аддамо», «я буду адстрэльвацца» і падобныя, шмат каму хацелася верыць (а шмат хто і цяпер верыць), што гэтыя словы – пра Беларусь. Насамрэч усё, што Лукашэнка кажа пра Беларусь, да Беларусі мае роўна адваротнае значэньне. Беларусь для яго – пэрсанальная ўлада. Сёньня ён кажа пра гэта ўжо адкрытым тэкстам – вы мусіце свайго прэзыдэнта карміць і бараніць.

Трэба было дачакацца справы «Белага легіёну», каб давер да «незалежнасьці Лукашэнкі» зьнік цалкам. «Вы – мае ворагі» – сказаў Лукашэнка ўсім беларускім патрыётам. А паколькі матыў асабістае ўлады ў супрацьстаяньні беларускага патрыятызму і Крамля нязначны, разумець гэтыя словы трэба так: «Вы – ворагі Крамля, а значыць і мае, бо вы – за Беларусь».

Дашкевіча, Лазоўскага, Яўдаху і іншых арыштавалі менавіта як беларускіх патрыётаў. Гэта значыць, што заўтра могуць арыштаваць кожнага, хто мае дачыненьне да беларушчыны ці таго, пра каго Крэмль можа падумаць, што ён мае дачыненьне – хоць бы і толькі ў душы.

Маральна-псыхалягічны стан вельмі падобны да стану на беларускай мытні, дзе прыблізна што пяць-сем гадоў праводзяцца масавыя судовыя працэсы падобнага кшталту. Напэўна ж кожны, хто працуе на мытні (а таксама ў памежнай службе, напрыклад), разумее, што на яго зьбіраецца кампрамат (ня важна, фэйкавы ці не), што заўтра-пазаўтра на гары можа сьвіснуць рак і што па душы гэтага мытніка-памежніка пачуюцца бомы звона. Ён воляю лёсу апынецца ў складзе арганізаванай злачыннай групоўкі. Пытаньне ў тым – дзе бомкае гэты звон.

У часе Юркойцевага суду я мноства разоў чуў недаўменныя воклічы: навошта гэта трэба і каму? Сапраўды, неяк неразумна ламаць сотні лёсаў адно каб застрашыць самыя дысцыплінаваныя службы краіны. Недаўменьне было шчырым і ня толькі ад сваякоў, сяброў і прыхільнікаў абвінавачаных. Лукашэнка, вядома, любіць «ператрахіваць», але тут перабор настолькі вялікі, што й вынікі яго цалкам адваротныя. На межах працуюць запалоханыя людзі, даверу да якіх – нуль.

І вось тут трэба вярнуцца да таго, што інтарэс Лукашэнкі ў гэтых працэсах настолькі нязначны, што яго можна ня браць пад увагу. А варта толькі задацца пытаньнем: нашто Крамлю «ператрахіваць» беларускую мяжу, як адказы пасыплюцца, нібы з рога ўсяго многа.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG