«Шакуе якраз тое, што Захад называе выпадак у паветранай прасторы Беларусі „шакавальным“», — напісала прадстаўніца ведамства ў сваім акаўнце ў Facebook.
Паводле яе, жыцьцё цывілізаваных дэмакратый па траекторыі «што дазволена Юпітэру, не дазволена быку» даўно не актуальная ў сувязі са стратай колішніх лідэрскіх якасьцяў. Кроў і пакуты мільёнаў па ўсім сьвеце выбілі з-пад заходніх дэмагогаў табурэт, зь якога яны прапаведавалі, падсумавала Марыя Захарава.
Яна лічыць, што выкарыстаньне інфармацыйна-палітычных кампаній для фармаваньня празь СМІ адпаведнага ўспрыманьня ўжо не дае належнага эфэкту — сеціва памятае ўсе выпадкі гвалтоўных выкраданьняў, прымусовых пасадак і незаконных арыштаў, учыненыя «ахоўнікамі парадку і захавальнікамі маралі».
Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў тым часам запэўніў, што Масква «не пакіне Беларусь у бядзе».
«Мы заўсёды гатовыя прыйсьці на дапамогу свайму суседу і стратэгічнаму саюзьніку. Бо ў аснове нашых адносінаў — братэрскія, а часта і сямейныя повязі, агульная гісторыя і духоўныя каштоўнасьці», — цытуе яго расейская газэта «Аргументы и факты».
Выказаўся і прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў. Камэнтуючы заклікі Захаду ўвесьці санкцыі ў сувязі з інцыдэнтам з самалётам авіякампаніі Ryanair, ён заявіў, што спачатку трэба дачакацца высноваў адмыслоўцаў, паведамляе тэлеканал РБК.
«Пакуль трэба проста цьвяроза даць ацэнку падзеяў з гэтым самалётам. Хтосьці патрабуе санкцыі, хтосьці кажа, што ўсё адпавядала міжнародным правілам і нормам. Мы б цяпер не хацелі ўдзельнічаць у гэтай гонцы навыперадкі», — сказаў афіцыйны прадстаўнік Крамля.
23 траўня самалёт, які ляцеў з Атэнаў у Вільню, экстрана сеў у менскім аэрапорце праз паведамленьне аб мініраваньні. На борце знаходзіўся Раман Пратасевіч, рэдактар Telegram-каналу «Беларусь головного мозга», прызнанага ў краіне «экстрэмісцкім». Яго затрымалі разам зь дзяўчынай Соф’яй Сапегай, грамадзянкай Расеі.
Супраць журналіста завялі крымінальная справу па некалькіх артыкулах, у тым ліку аб арганізацыі масавых беспарадкаў. Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.