Сьцісла:
- Інтэрпрэтацыя падзеяў у небе над Беларусьсю моцна адрозьніваецца.
- Калі экіпаж дзейнічаў уласнай воляй, то ягоныя рашэньні нелягічныя.
- Захад расцэньвае сытуацыю як прымусовую пасадку самалёта дзеля затрыманьня Рамана Пратасевіча.
- Гэта помста беларускіх уладаў чалавеку, які летась прынёс ім шмат непрыемнасьцяў.
- Цяпер ЭЗ і ЗША ўспрымаюць існае беларускае кіраўніцтва як праблему для міжнароднай бясьпекі.
Інтэрпрэтацыя падзеяў, што адбыліся 23 траўня ў небе над Беларусьсю, моцна адрозьніваецца. Афіцыйная вэрсія беларускага боку выглядае так. Борт FR4978 падаў сыгнал, які сьведчыў пра тое, што на самалёце ўзьнікла аварыйная сытуацыя. І рашэньнем камандзіра паветранага судна самалёт зрабіў пасадку ў менскім аэрапорце.
А вось паводле інфармацыі ірляндзкай авіякампаніі Ryanair, якой належыць самалёт, экіпаж быў папярэджаны дыспэтчарскай службай Беларусі аб патэнцыйнай пагрозе бясьпекі на борце і атрымаў ад яе інструкцыі перанакіраваць самалёт у «найбліжэйшы» аэрапорт — Менск.
Здаецца, што вэрсія авіякампаніі больш праўдападобная. Бо самалёт павярнуў у бок Менску тады, калі да віленскага аэрапорту заставалася ўсяго 10 хвілін лёту (73 км), а да літоўскай мяжы ўсяго 30 км. Яму заставалася ўсяго дзве хвіліны да перасячэння літоўскай мяжы. А да менскага аэрапорту адлегласьць значна большая. Тым больш што спачатку самалёт чамусьці павярнуў на поўдзень, і толькі потым — на ўсход у кірунку Менску. Калі экіпаж дзейнічаў з уласнай волі, то ягоныя рашэньні нелягічныя.
У паведамленьні паўафіцыйнага тэлеграм-каналу «Пул Первого» быў цікавы сюжэт: «Пра сытуацыю было даложана прэзыдэнту. Лукашэнка даў безумоўную каманду: самалёт разварочваць і прымаць. У гэтай сытуацыі самае галоўнае — бясьпека і жыцьці людзей!». Такім чынам, загад «разварочваць» самалёт даў Лукашэнка.
І тут у момант кульмінацыі драмы на сцэне зьяўляецца вайсковы самалёт-зьнішчальнік МіГ-29. Магчыма, гэта і стала галоўным аргумэнтам у рашэньні экіпажу. Бо калі б на борце сапраўды была бомба, то як зьнішчальнік мог дапамагчы прадухіліць выбух?
Таксама варта заўважыць, што працяглы час у афіцыйных паведамленьнях беларускага боку нічога не казалі пра затрыманьне Рамана Пратасевіча. І толькі позна вечарам тэлеканалы паведамілі, што, маўляў, выпадкова высьветлілася, што сярод пасажыраў знаходзіцца гэты грамадзянін, у выніку яго зь сяброўкай затрымалі.
Пазыцыя заходніх краін з нагоды гэтага інцыдэнту адназначная. Яны расцэньваюць яго як прымусовую пасадку самалёта дзеля затрыманьня Рамана Пратасевіча і пагражаюць афіцыйнаму Менску санкцыямі. Таксама Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) падзяляе гэтую вэрсію. Яна заявіла, што сур’ёзна занепакоена з нагоды «відавочна вымушанай пасадкі рэйсу Ryanair, якая можа супярэчыць Чыкагскай канвэнцыі (аб цывільнай авіяцыі)».
А ўжо сёньня, 24 траўня, кіраўнік авіякампаніі Ryanair Майкл ОʼЛіры заявіў, што пасадка самалёта Ryanair, на якім ляцеў Раман Пратасевіч, была «актам спансаванага дзяржавай пірацтва».
Беларускае кіраўніцтва добра разумела, які вялізны скандал выклічуць ягоныя дзеяньні. Перахоп цывільнага самалёта вайсковым зьнішчальнікам — гэта занадта нават для Лукашэнкі. Тым ня менш беларускія ўлады на яго пайшлі. Навошта?
Наўрад ці гэта можна лічыць прадухіленьнем нейкай рэальнай пагрозы, бо Раман Пратасевіч ужо не працуе на тым «страшным» тэлеграм-канале, які ў Беларусі прызнаны экстрэмісцкім. Асноўнае тлумачэньне палягае ў тым, што гэта помста чалавеку, які летась прынёс уладам шмат непрыемнасьцяў. Зважаючы на тое, якая радасьць ахапіла прыхільнікаў Лукашэнкі з нагоды гэтай падзеі, можна зразумець матывы і яго самога. Таксама гэта папярэджаньне ўсім цэнтрам беларускай апазыцыі за мяжой. Маўляў, у нас рукі доўгія.
Як і ў сытуацыі з атакай на Tut.by, цяпер кіраўніцтва Беларусі мала хвалююць тыя нэгатыўныя наступствы, якія могуць зьявіцца ў адказ на згаданыя дзеяньні. Усё прыносіцца ў ахвяру.
А наступствы могуць быць значныя. Бо дасюль Захад разглядаў сытуацыю ў Беларусі як унутраную гуманітарную праблему: парушэньне ўладамі Беларусі правоў сваіх грамадзянаў. Цяпер жа, пасьля гэтага інцыдэнту, ЭЗ і ЗША ўспрымаюць існае беларускае кіраўніцтва як праблему для міжнароднай бясьпекі. А гэта зусім іншы статус. З усімі магчымымі наступствамі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.