Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Расея прыпынілі перамовы пра транзыт нафты, — «Коммерсантъ»

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Расейскае выданьне «Коммерсантъ» са спасылкай на ўласныя крыніцы сьцьвярджае, што Масква і Менск фактычна прыпынілі перамовы пра транзыт расейскай нафты празь Беларусь, а калі і працягнуць сустрэчы, то тыя будуць толькі «намінальнымі».

Беларусь і Расея, мяркуюць крыніцы выданьня, цяпер хутчэй за ўсё будуць чакаць аўтаматычнага індэксаваньня стаўкі транзыту нафты — ад 1 лютага, як дамаўляліся раней, яна вырасьце на прагнозны памер інфляцыі плюс тры адсоткі (3,8% + 3%).

Беларускі бок патрабаваў падвышэньня тарыфу на 2020 год адразу на 16,6% у сувязі са здарэньнем з бруднай расейскай нафтай («Коммерсантъ» сьцьвярджае, нібыта Менск пагадзіўся і на 14%, але і гэта Масква палічыла завышаным).

Асноўная прычына зацягваньня перамоваў, піша «Коммерсантъ», у тым, што «пакуль невядомыя дакладныя аб'ёмы, які пойдуць праз рэспубліку», таму і абмяркоўваць цэны на транзыт бяссэнсоўна. А аб’ёмы транзыту празь Беларусь «шмат у чым залежаць» ад аб’ёмаў паставак нафты ў Беларусь.

Апошняе вырашаецца на перамовах «Белнафтахіму» і расейскіх нафтавых кампаніяў, на якіх беларускі бок не пагаджаецца плаціць расейцам прэмію ў 6 даляраў на тону, а пастаўнікі настойваюць на тым, што «Белнафтахім» цяпер і так плоціць толькі 83% рынкавай цаны нафты.

Крыніца выданьня «Коммерсантъ» таксама сьцьвярджае, што на апошняй сустрэчы беларускі бок заяўляў, што разьлічвае толькі на пастаўкі 17,5 млн тонаў нафты на свае нафтаперапрацоўчыя заводы, тады як расейскі бок разьлічваў паставіць 24 млн.

У прэс-службе «Белнафтахіму» тым часам кажуць «Інтэрфаксу», што беларускія НПЗ працягваюць працу зь мінімальнай загрузкай. Экспарт нафтапрадуктаў прыпынены, пастаўкі ідуць перадусім на ўнутраны рынак. Цяперашняя загрузка НПЗ «дазваляе падтрымліваць ключавыя тэхналягічныя працэсы».

Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася

  • 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
  • Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
  • Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
  • 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
  • Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
  • Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
  • Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год​). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
  • Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
  • Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
  • Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
  • Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
  • Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.

Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст

Дзе браць нафту, калі не ў Расеі, і колькі страчвае Беларусь ад прыпыненьня паставак? Тлумачым разам з экспэртам

Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG