Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Румас: Беларусь і Латвія павінны актыўна выкарыстоўваць свой транзытны патэнцыял


Артурс Крышʼяніс Карыньш, архіўнае фота

Беларусь зацікаўлена ў пашырэньні інструмэнтаў фінансавай і тэхнічнай дапамогі ад Эўразьвязу, заявіў беларускі прэм’ер-міністар Сяргей Румас падчас сустрэчы з прэмʼер-міністрам Латвіі Крышʼянісам Карыньшам.

«Мы зацікаўленыя ў пашырэньні інструмэнтаў фінансавай і тэхнічнай дапамогі ЭЗ і хацелі б шырэй выкарыстоўваць патэнцыял „Усходняга партнэрства“ для разьвіцьця беларускай эканомікі. І дапамогу Латвіі ў прасоўваньні па гэтым шляху мы вельмі цэнім», — цытуе БелТА Сяргея Румаса.

Беларускі прэм’ер падзякаваў Латвіі за яе канструктыўную пазыцыю ў выстройваньні поўнамаштабнага дыялёгу Беларусі з ЭЗ, у тым ліку падтрымку намаганьняў Беларусі ў ліквідацыі любых перашкод на шляху інвэстыцыйнага і крэдытнага супрацоўніцтва з краінамі ЭЗ.

Румас спадзяецца, што сустрэча з латвійскім калегам дапаможа «сфармаваць сурʼёзную аснову» для візыту Адяксандра Лукашэнкі ў Рыгу «ўжо ў найбліжэйшы час».

Паводле Румаса, Беларусь і Латвія павінны актыўна выкарыстоўваць свой транзытны патэнцыял.

«Як суседзі і адначасова краіны з высокім транзытным патэнцыялам мы павінны выстройваць канструктыўны прагматычны дыялёг і актыўна выкарыстоўваць перавагі свайго геапалітычнага становішча. Транспартна-лягістычная сфэра заўсёды была стратэгічным напрамкам нашага супрацоўніцтва», — сказаў Румас.

Прэмʼер-міністар прапанаваў абмеркаваць «напрамкі, дзе можам дадаць у нашым супрацоўніцтве».

Крышʼяніс Карыньш заявіў, што для Латвіі Беларусь — вельмі важная суседка.

«І мы вельмі рады бачыць незалежную, стабільную і пасьпяховую Беларусь», — сказаў ён.

Паводле Карыньша, Латвія зацікаўлена ня толькі ва ўмацаваньні двухбаковых стасункаў, але і адносін паміж Беларусьсю і ЭЗ, асабліва ва «Ўсходнім партнэрстве».

«У ім мы ўдзельнічаем вельмі актыўна і зь цікавасьцю назіраем, як Беларусь і ЭЗ могуць умацоўваць свае адносіны. І, вядома ж, у гэтым ключы мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб прасоўваць пазытыўныя адносіны паміж Беларусьсю і NATO», — сказаў Крышʼяніс Карыньш.

Аляксандра Лукашэнку ў 2018 і 2019 гадах запрашалі ў Латвію, але кіраўнік Беларусі там так і не пабываў за ўсю гісторыю. У Беларусь мінулым летам прыяжджаў міністар замежных справаў Латвіі, два гады таму — папярэдні прэм’ер Латвіі Марыс Кучынскіс.

Раней паведамлялася, што афіцыйная нагода візыту ў Менск Крышʼяніса Карыньша — нарада наконт арганізацыі чэмпіянату сьвету ў хакеі 2021 году. Падчас візыту ён сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам і прэм’ерам Беларусі Сяргеем Румасам.

Артурс Крышʼяніс Карыньш пры тым адзначыў, што «Латвія зацікаўленая ў добрасуседзкіх адносінах і больш цеснай эканамічнай супрацы зь Беларусьсю», а чэмпіянат ён разглядае як «магчымасьць умацаваць адносіны між дзьвюма краінамі».

Ці будуць абмяркоўвацца канкрэтныя эканамічныя пытаньні, невядома. Але нядаўна Латвія (і сьледам за ёй Літва) прапанавала Беларусі паслугі ў захоўваньні і транспартаваньні нафты на замену расейскай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG