Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку запрасілі ў Варшаву, Вену і Рыгу. Куды ён паедзе?


Аляксандар Лукашэнка

На сёньня тры краіны Эўразьвязу афіцыйна запрасілі зь візытам Аляксандра Лукашэнку: Аўстрыя, Латвія і Польшча. Але пакуль ніводны з гэтых візытаў афіцыйна не пацьверджаны.

Ці наведае Лукашэнка «Музэй акупацыі Латвіі» ў Рызе?

Найбольш верагодна, што Лукашэнка паедзе ў Рыгу. Паводле латвійскіх крыніцаў, візыт чакаецца ў траўні.

Афіцыйнае запрашэньне кіраўнік Беларусі атрымаў у лютым 2018 году. Яго перадаў тагачасны прэм’ер Марыс Кучынскіс падчас наведваньня Менску.

Спачатку пра гэта маўчалі. Але 19 ліпеня міністар замежных справаў Латвіі Эдгарс Рынкевічс пасьля перамоваў зь беларускім калегам Уладзімерам Макеем у Рызе расказаў пра падрыхтоўку візыту Лукашэнкі.

Учора латвійскі партал Baltijas Balss паведаміў, што прадстаўнікі абедзьвюх дзяржаваў сьпяшаюцца правесьці афіцыйны візыт Лукашэнкі да завяршэньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Раймандаса Вэюаніса.

Прэзыдэнта Латвіі абірае парлямэнт. Паводле мясцовых экспэртаў, ён «практычна ня мае шанцаў пераабрацца. А наступны прэзыдэнт латвійскай дзяржавы, магчыма, будзе інакш настроены да кіраўніка Беларусі».

Амбасадар Беларусі ў Латвіі Васіль Марковіч пацьвердзіў, што візыт рыхтуецца, бакі працуюць над эканамічным складнікам будучых перамоваў.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі зазначыў Свабодзе, што візыт Лукашэнкі ў Рыгу — гэта ініцыятыва двух міністраў замежных справаў.

Раман Якаўлеўскі
Раман Якаўлеўскі

«І Рынкевічс, і Макей неаднойчы публічна афішавалі свае добрыя асабістыя дачыненьні. Яны называюць адзін аднаго сябрамі. І калі Рынкевічс пасьля нядаўніх парлямэнцкіх выбараў у Латвіі застаўся на сваёй пасадзе, я ўжо не сумняваўся, што візыт Лукашэнкі адбудзецца», — адзначае экспэрт.

Адзінае, што ўскладняе гэты візыт — пратакольная працэдура, лічыць Раман Якаўлеўскі:

«Дзяржаўны пратакол прадугледжвае наведваньне высокімі гасьцямі „Музэю акупацыі Латвіі“. У ім тры разьдзелы: „Першы год савецкай акупацыі (1940-1941)“, „Акупацыя фашыстоўскай Нямеччынай (1941-1944) і „Пасьляваенная савецкая акупацыя“ (1944-1991)“. Не магу не згадаць, што ў свой час афіцыйны візыт Уладзіміра Пуціна ў Латвію не адбыўся толькі таму, што расейскі кіраўнік адмовіўся наведваць гэты музэй».

Варшава: ці паедзе Лукашэнка бяз Пуціна

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда запрасіў Аляксандра Лукашэнку на ўрачыстасьці з нагоды 80-годзьдзя пачатку Другой усясьветнай вайны. Вялікая міжнародная сустрэча прызначаная на 1 верасьня, да 80-годзьдзя пачатку вайны.

Паводле тлумачэньняў канцылярыі прэзыдэнта Дуды, «Польшча будзе ўшаноўваць гэтую дату разам з краінамі, зь якімі мы сёньня блізка супрацоўнічаем на карысьць міру ў сьвеце паводле прынцыпаў міжнароднага права. Да іх адносяцца дзяржавы NATO, Эўразьвязу і „Ўсходняга партнэрства“, у тым ліку і Беларусь як чалец апошняй ініцыятывы».

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на гэтую сустрэчу не запрошаны.

У Вену запрасіў канцлер, а не прэзыдэнт

Запрашэньне наведаць Аўстрыю Лукашэнка мае не ад аўстрыйскага прэзыдэнта Аляксандра Ван дэр Бэлена, а ад фэдэральнага канцлера Сэбастыяна Курца.

«Але гэта не павінна ўводзіць у зман. Гэта сапраўды візыт на найвышэйшым узроўні. Зьвярніце ўвагу, што на самітах Эўразьвязу, дзе зьбіраюцца найвышэйшыя паводле пасады асобы, Аўстрыю прадстаўляе фэдэральны канцлер. Гэтаксама як Нямеччыну Ангела Мэркель. Так што запрашэньне аўстрыйскага прэзыдэнта Лукашэнку не патрэбнае», — кажа Раман Якаўлеўскі.

Ён таксама нагадвае, што такія візыты прызначаюцца на час, які пасуе абодвум бакам:

«Таму я думаю, што канчатковая дата наведваньня Вены будзе вызначана падчас візыту Курца ў Менск 27–29 сакавіка».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG