Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі Беларусь прайграе гэтую „нафтавую бітву“ — яна прайграе незалежнасьць»


Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Душанбэ, 14 чэрвеня 2019

Палітоляг Павал Вусаў лічыць, што цяперашняя «нафтавая вайна» — гэта працяг агульнай «інтэграцыйнай вайны», сьцьвярджае, што ў Крамлі ўжо прынятае рашэньне даціскаць Лукашэнку, і заяўляе, што Беларусі застаецца спадзявацца толькі на «падарунак зь неба».

Сьцісла:

  • Канстытуцыйныя зьмены, прапанаваныя Пуціным, могуць нават радыкалізаваць дзеяньні Крамля ў дачыненьні да Беларусі.
  • «Нафтавая вайна» становіцца інструмэнтам, каб прымусіць Беларусь да інтэграцыі.
  • Тое, што Масква так моцна ўзялася за інтэграцыю і «саюзную дзяржаву», ламае традыцыйную парадыгму адносін Беларусі і Расеі.
  • Расея, па сутнасьці, ня вельмі сьпяшаецца ў сваіх рашэньнях і проста паціху зацягвае пятлю.
  • У Крамлі ўжо прынятае рашэньне даціскаць Лукашэнку.

— Перш чым мы пачнем аналізаваць цяперашні стан «нафтавай вайны» паміж Менскам і Масквой, я папрашу вас адказаць на пытаньне, ці мяняе стратэгічна сытуацыю ў беларуска-расейскіх адносінах сёньняшняя пуцінская заява пра канстытуцыйныя зьмены?

— Крэмль стварае мэханізм транзіту ўлады. Змены канстытуцыі і ўраду ўносяць пэўную ўнутраную непрадказальнасць, але наўрад ці гэта паўплывае на сутнасьць стратэгіі ў дачыненьні да Беларусі. Магчыма, унутраныя пэртрубацыі ў Расеі нават могуць радыкалізаваць дзеяньні Крамля ў дачыненьні да Беларусі.

— Беларускае кіраўніцтва гучна заяўляе, што будзе шукаць альтэрнатыву расейскай нафце. Некаторыя СМІ нагадалі, што пра нафтавую альтэрнатыву Лукашэнка заяўляў і 10, і 15 гадоў таму. Чым можа скончыцца цяперашні канфлікт? Ці імаверна, што Расея «ўпрэцца», разумеючы, што любая альтэрнатыва расейскай нафце для Беларусі эканамічна менш выгадная?

— Кантэкст дадзенай «энэргетычнай вайны» зусім інакшы, чым пры папярэдніх канфліктах. Гэта працяг інтэграцыйнай вайны, інтэграцыйнага ціску, які рэалізуе Расея ў дачыненьні да Беларусі. Нафтавае пытаньне было цалкам прывязанае да праграмы гэтак званай «паглыбленай інтэграцыі», якая павінна была быць падпісаная ў мінулым сьнежні. Але мы ведаем, што Лукашэнка адмовіўся ад падпісаньня гэтай праграмы. Як выявілася, там ёсьць і 31-я мапа, якая фактычна пазбаўляе Беларусь незалежнасьці. У выніку нафтавая вайна становіцца інструмэнтам, каб прымусіць Беларусь да паглыбленьня інтэграцыі.

Павал Вусаў
Павал Вусаў

Фактычна, калі Беларусь прайграе гэтую нафтавую бітву — яна прайграе незалежнасьць. Я кажу пра кіраўніцтва дзяржавы, і Лукашэнка разумее, што шмат што пастаўлена на карту і магчымасьцяў для манэўру няшмат. Няма магчымасьці вельмі хутка знайсьці альтэрнатыву і замену расейскай нафце. Гэта сьведчыць пра абсалютны правал палітыкі чаканьня, лявіраваньня. Замест таго каб шукаць альтэрнатыву эканамічную і энэргетычную — Лукашэнка гуляў у сваю традыцыйную гульню: зацягваць час, верыць у тое, што Расея пойдзе на саступкі.

Але інтэграцыйнае пытаньне на сёньня вельмі важнае для Расеі. Гэта фактычна працяг той імпэрскай палітыкі, якую вядзе Расея апошнія гады, асабліва пасьля 2014 году. І Беларусь — гэта той ключавы элемэнт зьбіраньня імпэрыі, які Расея хоча прыдбаць.

— Давайце разгледзім козыры і слабыя карты, якія ёсьць на руках у абодвух бакоў. Пагроза зрыву транзыту расейскай нафты ў Эўропу можа закранаць і інтарэсы Эўропы, якая не захоча гэтага дапусьціць. Ці ёсьць у Беларусі магчымасьці весьці зацяжную нафтавую вайну?

— Магчымы перапынак паставак нафты ў Эўропу — гэта парушэньне шматбаковых дамоўленасьцяў і ўдар па міжнародным іміджы Беларусі, які Лукашэнка хоча цяпер падтрымліваць. У 2007 годзе Лукашэнка спрабаваў тут шантажаваць Расею, але цяпер зусім іншыя ўмовы. Цяпер у Расеі значна больш мэханізмаў уплыву на Беларусь — фінансавыя, абмежаваньне доступу беларускіх тавараў на расейскі рынак і гэтак далей. Так што Расея мае магчымасьці зламіць сабатаж Беларусі і знайсьці іншыя шляхі пастаўкі нафты. На сёньня ў Менску ня так шмат інструмэнтаў, каб супрацьстаяць гэтаму ціску.

— У Беларусі выбарчы год. А напярэдадні выбараў Лукашэнка звычайна імкнецца залагодзіць усе праблемы з Масквой, каб канфлікт не ўплываў на выбарчую кампанію. Цяпер канфлікт у самым разгары. Ці спрабуе Лукашэнка традыцыйна выбіць з Масквы лепшыя эканамічныя ўмовы, ці можна лічыць, што ён нарэшце зразумеў, што націск Расеі — гэта сур’ёзна, і таму трэба імкнуцца стратэгічна ад яго пазбавіцца?

— Цяпер зусім іншы падыход Расеі да Беларусі. Тое, што Масква так моцна ўзялася за інтэграцыю і «саюзную дзяржаву», ламае традыцыйную парадыгму адносін Беларусі і Расеі. А беларускія ўлады толькі цяпер зразумелі сутнасьць гэтых пераменаў. Сыстэмную палітыку трэба было мяняць адразу пасьля 2014 году — але мы ведаем, што нейкіх радыкальных зьменаў у дачыненьні да Расеі не было. Прысутнасьць «русского мира» ў Беларусі была велізарная, і гэта кідалася ў вочы.

Пэрыяд прэзыдэнцкай кампаніі быў не выпадкова абраны Расеяй для атакі на Лукашэнку. У Крамлі разумеюць, што ў такія пэрыяды Лукашэнка слабы і падатны на зьнешнія ўплывы. Расея можа шантажаваць Лукашэнку тым, што не прызнае вынікі выбараў. Мы ведаем, як праз расейскія тэлеграм-каналы ўкідвалася інфармацыя, што ў Крамлі не жадаюць, каб Лукашэнка заставаўся прэзыдэнтам.

— Такія плёткі запускаюцца перад кожнымі выбарамі. «Ня з нашым шчасьцем», бо ў выніку Расея ўсё роўна падтрымлівае Лукашэнку.

— Так, але цяпер сытуацыя радыкальна зьмянілася.

— Калі аналітыкі спрабуюць адказаць на пытаньне, чаму Менск увесь 2019 год гуляў у інтэграцыю, то вэрсіі звычайна наступныя — пацягнуць час, дацягнуць да выбараў, каб правесьці іх у эканамічна спрыяльных умовах. Але ці можна сказаць, што гэтая стаўка не згуляла, бо Масква заціскае ўжо цяпер?

— Безумоўна. Лукашэнка і атачэньне абралі сваю традыцыйную тактыку, якая ў свой час апраўдвалася — зацягваць перамовы. А потым Расея мяняла свой падыход, лагодзіла ўмовы, і ўсё заставалася, як было напярэдадні. Але падыход Расеі да Беларусі цалкам зьмяніўся. Цяпер Беларусь разглядаецца Крамлём як аб’ект, які неабходна інтэграваць і зрабіць часткай імпэрыі. Бо на сёньня Расея кампэнсуе ўсе свае эканамічныя праблемы і міжнародную ізаляцыю геапалітычнымі «перамогамі».

На жаль, беларускі бок гэтага ніяк не хацеў разумець і ня ведаю, ці разумее гэта зараз — улічваючы тыя маштабныя рэпрэсіі, якія праводзяцца адносна тых, хто выступае супраць інтэграцыі з Расеяй.

— Але калі дапусьціць, што кіраўніцтва Беларусі ўсё гэта зразумела — якія ў яго магчымыя варыянты? Дэнансаваць усе дамовы аб «саюзнай дзяржаве»? Ведаючы Лукашэнку, мы разумеем, што ён на гэта ня пойдзе.

— Сытуацыя амаль тупіковая, але тут магчымыя два выхады, на якія Лукашэнка, безумоўна, не гатовы пайсьці. Першы — замарозка «саюзнай дзяржавы». На сёньня гэтая інтэграцыя пусьціла вельмі глыбокія карані — у эканоміку, сыстэму бясьпекі, войска. Значная большасьць беларускіх прадпрыемстваў арыентаваная і нават зацыкленая на расейскі рынак.

Гэтыя праблемы — вынік сыстэмных памылак, нежаданьня Лукашэнкі рэфармаваць эканоміку і арыентацыі яе на Расею. Што не дазваляе Беларусі пайсьці на нейкія радыкальныя крокі.

Другі варыянт — «падарунак зь неба». То бок нейкія драматычныя міжнародныя падзеі, якія могуць адцягнуць увагу Расеі ад Беларусі. Напрыклад, канфрантацыя Ірану з ЗША, іншыя канфлікты, у якія Расея будзе ўцягнутая, і для Крамля на нейкі час Беларусь будзе адсунутая на другі плян у імпэрскіх намерах Расеі.

Калі не адбудзецца ані першага, ані другога, то становішча Беларусі на сёньня вельмі драматычнае. Расея, па сутнасьці, ня вельмі сьпяшаецца ў сваіх рашэньнях і проста паціху зацягвае пятлю, абмяжоўвае паёк для Беларусі.

Расея не жадае поўнага каляпсу беларускай эканомікі, але ня будзе адыходзіць ад сваёй стратэгіі. Я думаю, псыхалягічна ў Крамлі ўжо прынятае рашэньне даціскаць Лукашэнку.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG