Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сапраўды Расея хоча прадаваць Беларусі нафту па цэнах, «вышэйшых за ўсясьветныя»? Разьбіраемся з экспэртамі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што не дамовіўся з Уладзімірам Пуціным аб цэнах на нафту, бо яны «вышэйшыя за ўсясьветныя». Свабода паспрабавала разабрацца, што ён меў на ўвазе.

Аляксандар Лукашэнка 9 сьнежня расказаў пра перамовы з Расеяй аб цэнах на нафту і газ.

«Чаму мы дагэтуль з прэзыдэнтам Расеі не дамовіліся аб нафце? Таму што Расея хоча, каб мы набылі ў яе нафту па цэнах, вышэйшых за ўсясьветныя», — заявіў Лукашэнка.

Што маглі значыць словы Лукашэнкі? Спрабуем разабрацца.

«Белнафтахім казаў, што цана расейскай нафты складае 83% ад усясьветнай пасьля падатковага манэўру ў Расеі. Складана сказаць, пра што ён казаў. Магчыма, ён улічвае нейкія іншыя акалічнасьці», — кажа аглядальніца Тацяна Манёнак.

«Гэта эмацыйныя заявы»

Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць, што словы Лукашэнкі хутчэй эмацыйныя.

«Гэта не пытаньне пра разьлікі, гэта кажа пра адносіны паміж Лукашэнкам і Пуціным. Бо на працягу 20 гадоў усё было добра. Энэргетычны гандаль складаў да 12% ВУП. Але сёньня мы бачым, што Расея разбурае беларускі эмірат, у гэтым няма сумневаў. Калі ня будзе гэтых нафтавых прыбыткаў, то Беларусь нарэшце пачне бачыць рынкавую пэрспэктыву, арыентавацца на чалавечы капітал», — упэўнены эканаміст.

«Хітра скамбінаваўшы лічбы, можна паказаць, што нешта даражэй»

Старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб мяркуе, што калі Расея прапанавала «такія высокія цэны», то няма ніякай праблемы набываць нафту ў іншых краінах, па ўсясьветных цэнах. Але ён зьвяртае ўвагу, што ў заяве Лукашэнкі ня ўсё так адназначна.

«Перамовы аб нафце дасягнулі такой ступені вастрыні, што трэба скептычна ставіцца да інфармацыі пра іх. Не рэалістычна, каб Пуцін прымушаў набываць нафту па цэнах, вышэйшых за ўсясьветныя. Але гледзячы як гэта лічыць. Трэба лічыць кошт сыравіны і кошт транспартаваньня. Хітра скамбінаваўшы лічбы, можна паказаць, што нешта для нас даражэй. Але калі Расея прапануе такія кошты, давайце набываць у іншых краін, няма праблемы. Усе гэты размовы кажуць, што Лукашэнка хоча атрымаць ад Расеі ўмовы, выгаднейшыя за ўсясьветныя», — мяркуе экспэрт.

1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу. Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.

Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася

  • 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
  • Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
  • Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
  • 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
  • Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
  • Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
  • Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год​). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
  • Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
  • Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
  • Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
  • Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
  • Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.

Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст

Дзе браць нафту, калі не ў Расеі, і колькі страчвае Беларусь ад прыпыненьня паставак? Тлумачым разам з экспэртам

Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG