Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У ісламе кажуць, што калі жанчына цярпіць, то Бог адплаціць у будучыні. Але нельга трываць у сям'і, калі тыран»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

25 лістапада — міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын. Гэты дзень быў заснаваны Генэральнай Асамблеяй ААН у 1999 годзе.

Паводле дадзеных МУС, у Беларусі за сем месяцаў 2019 году ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек, 4,5 тысячы хатніх скандалістаў былі прымусова адселеныя ад сям’і. У бліжэйшай пэрспэктыве гаворкі пра падрыхтоўку законапраекту аб процідзеяньні хатняму гвалту не ідзе.

Восеньню 2018 году Свабода наведала прытулак «Радзіслава» для жанчын, якія сталі ахвярамі хатняга гвалту. Шэсьць жанчын на ўмовах ананімнасьці пагадзіліся распавесьці свае гісторыі на відэакамэру пры пагашаным сьвятле. Мы даведаліся, як зьмянілася іх жыцьцё за гэты год.

На сайце Свабоды вы можаце знайсьці гісторыі 44-гадовай Алы, 26-гадовай Натальлі, 24-гадовай Аліны і 59-гадовай Валянціны, якія здолелі сысьці ад гвалту і распачаць новае жыцьцё. 38-гадовая Марына па-ранейшаму жыве з былым мужам і трыма дзецьмі ў адной кватэры. Мы завяршаем цыкль гісторыяй 42-гадовай Натальлі, якая не разьвялася з мужам, якія зьбіваў яе. Жанчына працягвае жыць, а дакладней начаваць у іх агульнай кватэры, у якой практычна няма мэблі.

Гісторыя апошняя. Незавершаная

Натальля жыла з сынам і дачкой у «Радзіславе» больш за дзевяць месяцаў. Шмат гадоў яе зьбіваў і прыніжаў муж, ураджэнец Таджыкістану. Жанчына апынулася ў шэлтары пасьля таго, як ён выгнаў яе зь дзецьмі зь нядаўна атрыманай кватэры.

Пасьля «Радзіславы» Натальля вярнулася ў кватэру да мужа, а дзеці пераехалі ў вёску да бацькоў жанчыны. Натальля працуе на дзьвюх працах, прыходзіць у кватэру позна ўвечары, каб толькі пераначаваць. Дзеці езьдзяць зь вёскі ў менскую школу на маршрутцы. Натальля марыць, каб муж зьехаў на радзіму ў Таджыкістан. Пасьля замужжа жанчына прыняла іслам. «У ісламе жанчыны звычайна цярпяць усе пабоі і прыніжэньні. Я лічу гэта няправільным», кажа Натальля. Мы сустракаемся на тэрыторыі менскага заводу, дзе жанчына працуе кладаўшчыцай. Натальля не пагаджаецца, каб я зрабіла яе фотаздымак. Жанчына ня скардзіцца і ня жаліцца, проста стрымана расказвае пра сваё няпростае жыцьцё...

«Тата стаў піць, сын сабраў рэчы і вярнуўся ў вёску»

— Калі пачаліся летнія канікулы, дзеці пераехалі жыць у вёску да маіх бацькоў. «Радзіслава» нас больш не магла трымаць. Цяпер я працую на дзьвюх працах. Уначы вяртаюся дадому і начую ў кватэры з мужам. На некаторы час да нас 13-гадовы сын пераехаў, так лета ўтрох і пражылі. А потым муж стаў піць, сын сабраў рэчы і вярнуўся ў вёску. 16-гадовая дачка з татам не кантактавала з таго моманту, як летам 2018 году мы засяліліся ў «Радзіславу». Ня хоча...

У гэтай менскай кватэры мы ўсе прапісаныя. Муж паставіў умовы, каб я аплачвала камунальныя паслугі і частку крэдыту. Ён нідзе афіцыйна не працуе (ходзіць на падпрацоўкі), алімэнты плаціць ня хоча, за 9 месяцаў запазычанасьць у яго. Інспэктары тэлефануюць, каб заплаціў запазычанасьць па крэдыце за кватэру і па камунальных паслугах. Сьвятло пагражаюць выключыць. Ён на мяне цісьне, каб давала яму грошы. Я сказала — не. Дала пэўную суму на камунальныя паслугі — і ўсё.

Дзеці кожную раніцу езьдзяць у школу на маршрутцы ў Менск. Вёска знаходзіцца за 40 кілямэтраў ад Менску, таму ім трэба рана ўставаць, каб пасьпець у школу да 8-ай гадзіны. Думаю, што сына на зіму трэба перавесьці ў вясковую школу...

«Пагражае, што прывядзе другую жонку»

— Чаму вы не разводзіцеся?

— Пакуль развод ролі не адыгрывае. Мы кватэру падзяліць ня можам, пакуль крэдыт за яе ня выплачаны. Плацім толькі трэці год, а ўзялі крэдыт на 20 гадоў. Мы можам толькі разьдзяліць рахункі, каб я плаціла за сябе і дзяцей, а ён за сябе.

Муж цяпер пагражае, што жэніцца і прывядзе другую жонку ў кватэру. Кажа: «Як ты будзеш жыць як суседка? Зьбірай рэчы і зьяжджай у сваю вёску». Я адказваю: «І я магу прывесьці. Гэтая і твая, і мая, і дзяцей кватэры. Паводле закону большая частка — наша, а ты ў свой пакойчык прыводзь каго хочаш. Пабудавалі на ўсю сямʼю трохпакаёвую кватэру, а нас на вуліцу гоніш...».

Некаторы час я падтрымлівала адносіны зь ім, калі ўтрох з сынам жылі. Калі праз запазычанасьць 240 рублёў за «камуналку» інспэктары пагражалі сьвятло адключыць, муж пазычыў у суседа грошы і спадзяваўся, што я вярну пазыку. А калі я заплаціла суседу ня ўсю суму, ён перастаў са мной размаўляць.

«Навошта цярпець прыніжэньне і пабоі?»

Пасьля замужжа Натальля прыняла іслам, яе дзеці — таксама. Хустку жанчына ня носіць, ходзіць у мячэць на сьвяты, дзеці там вывучаюць Каран на занятках. У мячэці ведаюць пра яе складаную сямейную сытуацыю.

— Нягледзячы на ўсе складанасьці я заўсёды ўсьміхаюся. Я ніколі ня плачу на людзях, як бы мне цяжка ні было. Выгнаў ён нас, і я знайшла другую працу. Некаторыя жанчыны ў «Радзіславе» зь цяжкасьцю ўсё перажываюць. А ў мяне столькі працы, што перажываць часу няма. Я прывыкла, што я адна дзяцей «падымаю». Я гэтага не баюся. Прашу Бога, каб толькі здароўе даў, каб дзеці вучыліся і працавалі. Я не адчайваюся.

У ісламе кажуць, што калі жанчына цярпіць, то Бог адплаціць у будучыні. Я адно разумею – нельга трываць у сям'і, калі тыран. Калі ёсьць куды ісьці, трэба сыходзіць. Навошта трываць? У ісламе жанчыны звычайна цярпяць усе гэтыя пабоі і прыніжэньні. Я лічу гэта няправільным. Трываць можна, як я, -- цягнуць адна дзяцей. Я, праўда, таксама трывала вельмі доўга. Восем гадоў мы разам пражылі ў інтэрнаце, і я ўсё трывала. Шмат разоў міліцыю выклікала, хаця магла б разьвесьціся і выгнаць яго. Цяпер разумею, што дарма гэта рабіла. Імам сказаў, што з мужам пагаварыў, але для яго гэта нічога ня значыць...

«Нас ня могуць ізноў узяць у „Радзіславу“, бо я нічога не зьмяніла ў жыцьці»

Натальля прызнаецца, што ёй цяжка наладзіць кантакт зь дзецьмі, якія знаходзяцца ў складаным пераходным узросьце.

— Дачка кажа, што, калі я прыяжджаю ў вёску, выходныя ў пекла ператвараюцца, бо я пачынаю іх выхоўваць. Падлеткі хочуць хутчэй вырасьці, каб жыць самастойна. Сын вучыцца дрэнна, часам у школу ня ходзіць. Чакае, калі яму 16 гадоў споўніцца і яго змогуць афіцыйна ўзяць на працу. Вучыцца ня хоча, а працаваць гатовы. Нецікава яму ў школе, хаця ён і разумны хлопчык...

Аднойчы я ўгаварыла мужа да псыхоляга схадзіць. Падабралі яму мужчыну-псыхоляга, бо да жанчын ён нэгатыўна ставіцца. Схадзіў і сказаў, што яму там рабіць няма чаго, бо ў яго праблемныя дзеці і праблемная жонка, а сам ён — добры. Кажа, што галоўная праблема ў тым, што мы яго ня слухаем. Насамрэч ён — наша галоўная праблема...

У вёсцы бабуля і дзядуля не спраўляюцца. Мама проста ня любіць зяця, але нічога не камэнтуе. Мой бацька часам скардзіцца, што той дзяцей не глядзіць. Калі мы сышлі на 9 месяцаў у «Радзіславу», на мужа гэта ніяк не паўплывала, бо яму сямʼя не патрэбная. Кантактаў у нас ніякіх няма, але і разьвесьціся, каб жыць зь ім як з суседам у адной кватэры, я маральна не змагу.

Я прасілася ў «Радзіславу» на зіму пажыць, бо дзецям і дорага, і холадна езьдзіць штодня зь вёскі ў горад. Мне адказалі, што мы ня можам вас больш узяць, бо вы доўга пражылі ў шэлтары і так нічога не зьмянілі ў жыцьці. Так, я не змагла зьмяніць, але я стала больш моцная. Цяпер я магу даць яму адпор, спрачаюся зь ім. Паказваю, што не баюся яго. Мацнейшая стала ўнутры. Ён і не буяніць цяпер, ня бʼецца, можам толькі пасварыцца.

Муж — не грамадзянін Беларусі. У аддзеле міграцыі мне патлумачылі, што яго немагчыма дэпартаваць, бо ён ня мае грамадзянства ніводнай краіны. У свой час ён адмовіўся ад таджыцкага грамадзянства, а беларускае так і не атрымаў за 20 гадоў з прычыны парушэньняў, выклікаў міліцыі, паводзінаў... Яму 45 гадоў. Хай бы паехаў у Таджыкістан і там жаніўся, мы б тады жылі спакойна. Усе таджыкі езьдзяць на заробкі, дасылаюць грошы семʼям. Звычайна ў таджыкаў на першым месцы сямʼя. Ня ведаю, што ён за таджык. 25 гадоў таму ня быў гатовы сямʼю ўтрымліваць, і цяпер не гатовы...

«У кватэры нават ложкаў няма. Ён сьпіць на падлозе, а я на матрацы»

Натальля кажа, што хацела б зьняць двухпакаёвую кватэру ў Менску, але яе заробку на гэта не хапае.

— Я атрымліваю 850 рублёў на дзьвюх працах. Дзецям на дарогу ў Менск і назад кожны дзень трэба даць 5 рублёў — гэта 200 рублёў на месяц. У школе за харчаваньне трэба плаціць 60 рублёў за кожнага — 120 на дваіх. Зімовыя рэчы дзецям патрэбныя, а яны грошы каштуюць. Мой бацька, пэнсіянэр, дагэтуль працуе, каб нам дапамагчы. Нам трэба здымаць, як мінімум, двухпакаёвую кватэру, а гэта каштуе каля 350 даляраў. Гэта два мае заробкі. А жыць тады за што? Калі б ён алімэнты плаціў, можа, мы б і змаглі. Усё ўпіраецца ў грошы... Я сабе нічога не купляю. Нават у цырульню ісьці няма грошай. Усё на дзяцей аддаю.

Цяпер мы рамонт у вясковай хаце робім. Я ведаю, што гэты дом застанецца мне і маім дзецям. А ў кватэру нічога не ўкладаю. Больш за два гады прайшло, а там нават ложкаў няма. Ён сьпіць на падлозе, а я на матрацы. Дзіцячы ложак двухʼярусны стаіць, які мы з інтэрнату перавезьлі. Кухні няма. Ёсьць газавая пліта, шафа і стол, якія з інтэрнату перавезьлі... А ў вёсцы ўсе ўмовы — ванная, туалет, газ праведзены. Цёпла.

Напэўна, так і будзем жыць. Дзеці ў вёсцы, я — на дзьвюх працах. Начаваць буду ў Менску, а па выходных — у бацькоў. Так і будзем — дзе памірымся, дзе не памірымся...

***

У кастрычніку 2018 году пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі МУС адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб процідзеяньні хатняму гвалту». Кіраўнік Беларусі заявіў, што гэта «дурасьць, узятая з Захаду», а таксама расказаў, што ад яго «часта атрымліваў» старэйшы сын Віктар.

Паводле дадзеных МУС, у Беларусі за сем месяцаў 2019 году ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек, 4,5 тысячы хатніх скандалістаў былі прымусова адселеныя ад сям’і. У бліжэйшай пэрспэктыве гаворкі пра падрыхтоўку законапраекту аб процідзеяньні хатняму гвалту не ідзе.

Грамадзкае абʼяднаньне «Радзіслава» было створанае ў 2002 годзе ў Менску жанчынамі, якія пацярпелі ад гвалту, для аказаньня дапамогі іншым жанчынам, якія патрапілі ў такую самую сытуацыю. Цяпер у ім 30 спальных месцаў. Жанчыны могуць жыць у прытулку ад 1 дня да 1 году. Ім бясплатна прадастаўляецца дапамога псыхолягаў, сацыяльных работнікаў, юрыстаў.

24-гадзінны тэлефон тэрміновай дапамогі — 8029 610 83 55

email: kartanasiliya@gmail.coм

Як караюць за хатні гвалт у Беларусі?

У Беларусі няма мэханізму прадухіленьня хатняга гвалту, ёсьць толькі пакараньні за фактычна ўчынены гвалт. Канстытуцыя Беларусі гарантуе права на прыватнае жыцьцё, недатыкальнасьць, абарону гонару і годнасьці.

Паводле МУС, у 2019 годзе ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек і 4,5 тысячы хатніх скандалістаў сёлета прымусова адселеныя ад сям’і.

Пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі ў 2018 годзе, які расказаў, што сам біў свайго сына, Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту».

У канцэпцыі таго законапраекту:

  • Даваліся азначэньні хатняга гвалту і крыўдзіцеля;
  • Уводзілася працэдура ацэнкі рызыкі — вызначэньня верагоднасьці паўторнага нанясеньня шкоды жыцьцю ці здароўю пацярпелага;
  • Прадугледжвалася ўжываньне так званага абарончага прадпісаньня, якое абмяжоўвае дзеяньні агрэсара на час ад 3 да 30 сутак.

Для ахвяраў хатняга гвалту дзейнічае «гарачая лінія» па нумары тэлефона 8 801 100-8-801.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG