Лінкі ўнівэрсальнага доступу

80% цяжкіх злачынстваў у Стаўпецкім раёне зьвязаныя зь сямейным гвалтам


Ілюстрацыйнае фота

Начальнік райаддзела міліцыі ў Стоўпцах Іван Мамайка распавёў, што ажно 80 працэнтаў цяжкіх злачынстваў, якія рэгіструюцца раённай міліцыяй, зьвязаны менавіта з насільлем супраць блізкіх людзей. Яго словы цытуе стаўпецкая газэта «Прамень».

Сямейна-побытавае насільле Маймака назваў сур’ёзнай і далікатнай справай.

— Калі пачынаеш разьбірацца ў канкрэтнай сытуацыі, то становіцца відавочна, што гэтае злачынства — не выпадковае, яму папярэднічаў працяглы пэрыяд рукапрыкладзтва, зьняваг, абраз і да т. п., — аналізуе кіраўнік раённай міліцыі.

Ён распавёў, што сьляды пабояў пацярпелымі старанна ўтойваюцца. Маўчаць, паводле Мамайкі, і суседзі, якія чуюць крыкі, але лічаць за лепшае ня лезьці ня ў сваю справу. Але апошнім часам у міліцыю паступае ўсё больш тэлефанаваньняў і сыгналаў ад неабыякавых людзей.

Пры выкліку міліцыі на сямейны скандал, дзе ідзе гаворка пра пабоі, агрэсара зьмяшчаюць у ізалятар часовага ўтрыманьня. Аднак многім, паводле Мамайкі, гэта не падабаецца.

— Аднак мы бачым перавагі такога падыходу, — сказаў кіраўнік райаддзеда. — Рэзка «падае градус» канфліктных адносін, зьмяняюцца паводзіны. У судзе, куды потым паступае адміністрацыйны матэрыял, бакі звычайна прыміраюцца, аднак прафіляктычны эфэкт усё роўна ёсьць.

У Беларусі няма мэханізму прадухіленьня хатняга гвалту, ёсьць толькі пакараньні за фактычна ўчынены гвалт. Канстытуцыя Беларусі гарантуе права на прыватнае жыцьцё, недатыкальнасьць, абарону гонару і годнасьці. Паводле МУС, у 2019 годзе ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек і 4,5 тысячы хатніх скандалістаў сёлета прымусова адселеныя ад сям’і.

Пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі ў 2018 годзе, які расказаў, што сам біў свайго сына, Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту».

У канцэпцыі таго законапраекту:

  • Даваліся азначэньні хатняга гвалту і крыўдзіцеля;
  • Уводзілася працэдура ацэнкі рызыкі — вызначэньня верагоднасьці паўторнага нанясеньня шкоды жыцьцю ці здароўю пацярпелага;
  • Прадугледжвалася ўжываньне так званага абарончага прадпісаньня, якое абмяжоўвае дзеяньні агрэсара на час ад 3 да 30 сутак.

Для ахвяраў хатняга гвалту дзейнічае «гарачая лінія» па нумары тэлефона 8 801 100-8-801.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG