Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зламаная сківіца і страсеньне мозгу. «Гэта прафіляктыка, казаў, у войску і не такое цярпелі» — споведзь ахвяры хатняга гвалту 


У прытулку для ахвяраў хатняга гвалту «Радзіслава» жывуць жанчыны, якія сышлі з дому, бо больш не маглі цярпець зьбіцьцё, прыніжэньне і пакуты. Распавядаць пра перажытае ім цяжка, згадваць пра перажытыя пакуты пры ўключанай відэакамэры яшчэ больш складана. 25-гадовая Тацяна пагадзілася падзялілася сваёй гісторыяй са Свабодай. Яна жыве ў «Радзіславе» амаль паўгода. Тацяна разьвялася з мужам, які жорстка зьбіваў яе. Яе двое сыноў жывуць у інтэрнаце для дзяцей з асаблівасьцямі разьвіцьця. Жанчына перакананая, што з часам, калі яна знойдзе сталую працу і жытло, дзеці будуць жыць разам зь ёй.

«Я трапляла ў рэанімацыю. Быў пералом сківіцы, некалькі сатрасеньняў мозгу»

— Як вы трапілі ў «Радзіславу»?

— Я нарадзілася ў Асіповічах. У 2000 годзе мой бацька забіў маю маці. Пад апякунства мяне ўзяла родная цётка, сястра маці. Я пераехала да яе жыць у вёску ў Пухавіцкім раёне. У сям’і была родная дачка. Натуральна, што да мяне ставіліся ня так, як да роднай дачкі. Нейкую працу рабіла, каб мець свае грошыкі, хадзіла ў ягады... Да ўсяго была зь дзяцінства прывучаная.

У 2008 годзе ў той жа вёсцы мне спадабаўся малады чалавек. На той момант мне было амаль 15 гадоў, а яму — 24 гады. Гэта было першае каханьне. Цётцы было ўсё роўна, абы мяне сплавіць. Мы пачалі сустракацца. Я зацяжарала, старэйшы сын нарадзіўся ў студзені 2009 году, а ў ліпені мы афіцыйна расьпісаліся. Хаця мне было толькі 15 гадоў, шлюб дазволілі зарэгістраваць. Першы год ўсё было добра, потым ён пачаў падымаць на мяне руку. Зьявілася рэўнасьць...

Муж раней служыў па кантракце ў войску, пасьля чаго яму далі пажыцьцёвую 1-ую групу інваліднасьці. У яго рэдкае захворваньне крыві, двойчы на год трэба рабіць пераліваньне крыві. Гэта ўсё адбіваецца на здароўі. Ён можа падняць руку на мяне празь любую дробязь. У баршчы пярчынка, якая трапіла на зуб, і боршч мог ляцець у мяне. Нават і нагоды ня трэба было. Потым нарадзілася другое дзіця і пачалося...

Ён пачаў мяне зьбіваць да такой ступені, што я трапляла ў рэанімацыю. Быў пералом сківіцы, дагэтуль ёсьць вельмі дрэнныя наступствы. У мяне было некалькі сатрасеньняў мозгу. Мне не было куды сысьці. Цётка зь дзецьмі мяне не прымала, мамы не было, бацька выйшаў з турмы і жыў зь іншай сямʼёй, са мной не кантактаваў. І мне прыходзілася вяртацца ў гэты дом да мужа. А дом — ягоны, падаравала радня. Натуральна, я забірала ўсе заявы зь міліцыі. Яму толькі штрафы давалі.

З 2011 па 2015 гады было вельмі складана. Мы разыходзіліся, я жыла ў чужых людзей зь дзецьмі, але ўсё роўна прыходзілася вяртацца. Зімой у сьнег ён мяне выганяў з дому на мароз. У вадзе зь вядра тапіў. Калі некаму расказваеш, гэта падаецца неверагодным.

Калі прыяжджалі міліцыянты, то казалі. «Вы — сямʼя, у вас шлюб, вы памірыцеся». Ставілі нас на «СОП» (сацыяльна небясьпечнае становішча — РС). Мы былі на «СОП» не таму, што ў сямʼі пʼюць, а таму, што ён мяне зьбіваў. Так усё працягвалася да 2015 году. Потым старэйшаму сыну паставілі дыягназ — разумовая адсталасьць і моўная затрымка. Што гэтаму паспрыяла, патлумачыць не маглі, але, напэўна, паўплывалі і гэтыя скандалы, і тое, што ён нас з дому выганяў. Дзеці палохаліся, і гэта магло такім чынам адбіцца.

Ён пачаў мяне зьбіваць да такой ступені, што я трапляла ў рэанімацыю.

Сына адправілі вучыцца ў дапаможную школу-інтэрнат. Я забірала яго толькі на выходныя. Пасьля гэтага муж грошы не хацеў даваць, езьдзіць да сына не хацеў. Ізноў пайшлі скандалы, пабоі. Далей паўстала пытаньне наконт другога дзіцяці. У яго толькі моўная затрымка. У 2017 годзе я аддала яго ў моўную дапаможную школу. Рашэньне было маё. Зь мужам нельга было параіцца, бо ён не семʼянін і не бацька, ён ня меў да гэтага цікавасьці. 31 жніўня 2017 году ён мяне апошні раз зьбіў. Былі страшныя пабоі. Нягледзячы на іх я завезла дзіця ў школу...

Ён займаўся гандлем расейскай гарэлкай і сьпіртам. Яго і міліцыя за гэта «шчаміла», але гэта ніяк ня яго не ўплывала. Ён лічыць, што ён цар і Бог.

«Мне псыхолягі сказалі: альбо вы разьвядзіцеся, альбо ў вас у сямʼі будзе труп»

— Ці ён тлумачыў, чаму і за што ён вас бʼе?

— Усякае магло быць. Ён раўнаваў да такой ступені, што было немагчыма. Мог зьбіваў мяне за тое, што я нешта своечасова не зрабіла. Калі ён уставаў раніцай і кудысьці зьбіраўся, то мяне не папярэджваў, я павінна была сама здагадацца. І калі тэмпэратура гарбаты ў тую хвіліну, калі яму было патрэбна, была ня 40 градусаў, то ў мяне магло ляцець усё, у тым ліку магла ляцець і я. Ці слова ня так сказала, ці несвоечасова прыехала ад сына з інтэрнату. Ён мог выпіць зь сябрамі, а потым а пятай гадзіне ночы «адмалаціць мяне» і выгнаць з дому.

Радня, суседзі, мэдычныя работнікі — усё ведалі, бо я зьвярталася па дапамогу. У шпіталь мяне забіралі. Калі быў пералом сківіцы, я ў рэанімацыі ляжала. Размовы зь ім праводзілі. Радня мяне шкадавала. Казалі, каб я ад яго сыходзіла, але ўсе разумелі, што сыходзіць мне няма куды. «Сыходзь, — казалі ўсе, — мы б з такім не жылі, хоць на вуліцу ідзі». Так лёгка сказаць, а калі двое дзяцей на руках?

Нашай сямʼёй апекавалася SOS-вёска, псыхолягі прыяжджалі, вялі зь ім размовы, але гэта было бяз сэнсу. Мне псыхолягі сказалі: альбо вы разьвядзіцеся альбо ў вас у сямʼі проста будзе труп...

«Самае галоўнае, што я перастала баяцца былога мужа»

— Што стала апошняй кропляй, калі вы сышлі канчаткова?

— У лістападзе 2017 году я зьехала ў Менск да цёткі. Ехала з адным пакетам, бо разумела, што калі я ня зьеду, пачнецца такое... Мы потым спрабавалі размаўляць, але я ўжо заснавалася ў Менску, адчувала сябе спакойна, што мяне ніхто не бʼе, адчувала, што я ў бясьпецы. Знайшла працу прыбіральшчыцай. Дзеці вучацца ў школе-інтэрнаце і я забіраю іх толькі на выходныя ці на вакацыі.

Самае галоўнае, што я перастала баяцца былога мужа.

Ён першы падаў на развод. Цётка сказала: «Пажывеш у мяне вясну, а далей думай сама». Сёлета ў красавіку мы разьвяліся. Цётка сказала, каб 31 траўня я зь дзецьмі выехала. Я была на мяжы, ісьці было няма куды. У выніку жанчына з працы падказала мне, каб я шукала ў інтэрнэце арганізацыі, якія дапамагаюць жанчынам у такіх сытуацыях. У той момант я ўжо ледзь не зь 11 паверху хацела выкінуцца ад безвыходнасьці...

Вольга Гарбунова
Вольга Гарбунова

Я зьвярнулася ў «Радзіславу». Воля Гарбунова (кіраўніца грамадзкага абʼяднаньня «Радзіслава») зрэагавала адразу. Я пазваніла ў суботу, у нядзелю яна нас сюды забрала. Адаптацыя адбывалася месяц-два. Дзякуючы псыхолягам, сацыяльным работнікам я зразумела, што ёсьць людзі, якія могуць падтрымаць у цяжкай сытуацыі. Я ўстала на ногі, стала ўпэўнена сябе адчуваць. Раней у мяне быў страх, я баялася ўсіх людзей.

Праз два месяцы пасьля працы з псыхолягам я магу сама прымаць рашэньні. Самае галоўнае, што я перастала баяцца былога мужа, таму што ў мяне быў страшны страх. Мне падавалася, што ён будзе мяне перасьледаваць у любым цёмным куце, што я не дайду да падʼезду... Дзякуючы «Радзіславе» я знайшла працу — прыбіраю офісы, прыватныя дамы. Я магу і касіркай пайсьці працаваць, бо я вучылася на кантралёра-прадаўца.

— А што адбылося 18 гадоў таму ў вашай сямʼі? Чаму бацька забіў маці?

— Я была маленькая, мне было 6 гадоў. Кажуць, што рэўнасьць. Сядзелі ў кампаніі... Яму далі 15 гадоў, ён зь іх 10 адсядзеў і выйшаў.

— Як гэта на вас паўплывала?

— На мяне яшчэ больш-менш. У мяне ёсьць старэйшы на 10 гадоў брат. Ён гэта бачыў. Якая б маці не была, гэта ўсё роўна родны чалавек... Ёсьць і добрыя ўспаміны, ёсьць і балючыя. Я не хачу, каб мае дзеці так пакутавалі. Я хачу ім даць самае лепшае. Хоць яны і мала са мной цяпер знаходзяцца, мы вырашаем гэтае пытаньне. Мэдыцына рухаецца. Пэдагогі працуюць, дзеці ідуць на паляпшэньне. Мне хочацца дзецям даць пяшчоту і каханьне, каб яны не бачылі гэтых скандалаў, каб яны не вырасьлі такімі монстрамі.

«Увесь час параўноўваў з войскам, што салдаты там і не такое цярпелі»

— Як вы думаеце, чаму ваш былы муж стаў такім?

— Яны цяжка жылі ў вёсцы. Дапамагалі бацьку ўвесь час, маці хварэла. Бацькі не маглі дазволіць купіць дзецям цацкі. «Мы толькі працавалі ў дзяцінстве», — згадваў былы муж. Да яго бацькі не прыяжджалі, калі ён быў у войску. Я думаю, што і войска адбілася. Ён спачатку служыў, а потым па кантракту ў войску працаваў. Там і хваробу атрымаў, адну на мільён. Гэта таксама паўплывала.

Дзяцей ён мог таксама біць. Малодшага больш любіў, да старэйшага як да ізгоя ставіўся. Называў дзяцей спінагрызамі. Ён мог мяне «адмалаціць» і праз 30 хвілінаў сьмяяцца, як нічога не здарылася. Гэта прафіляктыка, казаў, гэта карысна. Увесь час параўноўваў з войскам, што салдаты там і не такое цярпелі.

«Мяне лупілі скакалкамі і дратамі за тое, што я не памыла посуд»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:54 0:00

Цяпер ён плаціць алімэнты на дваіх дзяцей — 60 рублёў са сваёй пэнсіі па інваліднасьці. Хаця грошы ў яго ёсьць, бо займаецца гарэлкай. Езьдзіў у Нямеччыну адпачываць. Я не хачу, каб ён зь дзецьмі кантактаваў. Ён прыніжаў мяне пры сябрах, пры родных, таму што разумеў, што я буду вымушаная вярнуцца. Гаварыў: «Яна да мяне прыпаўзе як апошняя..., будзе на каленях маліць, каб вярнуцца да мяне. Яна ня выжыве без мяне». Ён быў настолькі перакананы, што я ня стану на ногі, бо ў мяне нідзе не было дапамогі. А каб я ведала пра «Радзіславу» раней, то я б пяць гадоў таму сышла. Калі б тады побач былі людзі, якія б дапамаглі мне маральна выйсьці з гэтага....

— Якая ваша мара?

— Хочацца свой куток, шчасьлівую сямʼю, дзе будзе клопат, разуменьне, дзе людзі цэняць адзін аднаго.

Псыхоляг: «Такіх жанчын, асабліва ў сельскай мясцовасьці, нямала, але зьвяртаюцца па дапамогу яны ня часта»

Вольга Казак
Вольга Казак

Гісторыю хатняга гвалту камэнтуе псыхоляг грамадзкага абʼяднаньня «Радзіслава» Вольга Казак.

— Мы ведаем гэтую жанчыны на працягу працяглага часу, таму я заўважаю перамены. Спачатку яна была як дзікунка, не давярала нікому. Яна прызвычаілася, напэўна, што яе ўвесь час бʼюць ці абражаюць. Яна спрабавала праскочыць, юркнуць, каб яе не заўважылі, ня вельмі актыўна ішла на кантакт. Цяпер яна стала нашмат цяплейшай, стала давяраць, стала адкрытай. Гэта заўважныя зьмены. Такім дзеўчынам, жанчынам няшмат трэба для таго, каб іх адагрэць, каб яны былі больш адкрытыя. Мне падаецца, гэта вельмі важна для дзяцей, каб яна была цёплай, спакойнай мамай. Калі яна трывожная, недаверлівая, калі ў яе шмат страху, яна, канечне, можа недадаваць дзецям, таму што яна сама спустошаная ад стрымліваньня сваіх уласных эмоцый.

— Вы ня першы год працуеце з жанчынамі, якія сталі ахвярамі хатняга гвалту. Наколькі гэтая гісторыя тыповая? Ці шмат жанчын у сельскай мясцовасьці, якія жывуць ва ўмовах прыніжэньня і зьбіцьця?

— Мне падаецца, што такіх жанчын, асабліва ў сельскай мясцовасьці, нямала, але даходзяць да нас, зьвяртаюцца па дапамогу яны ня часта. Я не магу сказаць, што гэта вельмі тыповы прыклад тых, хто пасяляецца ў «Радзіславе». Мне падаецца, што на больш раньніх стадыях жанчыны зьвяртаюцца да нас па дапамогу. Цяпер пра хатні гвалт гавораць болей, ёсьць інфармацыя ў інтэрнэце, і тыя, хто адкрытыя, прыходзяць да нас нашмат раней.

Дзеўчыны, якія растуць у праблемнай сямʼі, дзе бацькі злоўжываюць, якія прызвычаіліся шмат працаваць, вельмі цярплівыя. Яны доўга церпяць, не разьлічваюць на дапамогу, не разьлічваюць на кардынальныя зьмены і працягваюць жыць у такіх адносінах, не зьвяртаючыся па дапамогу. У жанчын, якія жывуць у горадзе, больш камунікацый, больш кантрастаў, і таму больш верагодна, што яны зьвернуцца па дапамогу.

У сельскай мясцовасьці няма магчымасьці зьвярнуцца па дапамогу. Нават калі ёсьць псыхоляг, яны баяцца зьвярнуцца, таму што ён ведае сямʼю. Яны яму не давяраюць, таму што ён можа распавесьці пра гэта. У горадзе больш схавацца можна, можна знайсьці псыхоляга, які ня ведае тваю сямʼю, які ня будзе хадзіць з табой у адну краму. Менш страху і больш даверу да спэцыялістаў.

— Хачу зьвярнуць увагу на тое, што былы муж жанчыны служыў у войску і ён прыводзіў прыклад, што ў войску салдаты і не такое цярпелі. Наколькі шырока распаўсюджаны ў розных сфэрах грамадзтва гвалт уплывае на адносіны ў сямʼі?

— Гэта адназначна. У нас былі жанчыны, якія пацярпелі ад мужоў ці партнэраў, якія служылі ў Аўганістане, у Чачні. Часта ў іх бываюць чэрапна-мазгавыя траўмы, кантузіі, яны перажылі ў свой час посттраўматычнае стрэсавае расстройства. Не магу сказаць, што ў 100% выпадкаў, але часьцей за ўсё менш захаваныя тыя, хто служыў у войску, удзельнічаў у ваенных дзеяньнях. Магчыма, яны не атрымалі патрэбнай дапамогі, не зьвярталіся па яе. Насамрэч яны менш адчувальныя да гвалту, яны бачылі яго і ўжываюць яго.

Агрэсіўная мадэль паводзінаў у адносінах — гэта засвоеная мадэль паводзінаў, а там гэтага было вельмі шмат, і гэта ўплялося ў іх асобы. Калі ёсьць у анамнезе ў партнэра служба ў войску, удзел у вайсковых дзеяньнях (прынамсі з таго досьведу, якія маюць жанчыны, якія да нас зьвярталіся), я магу сказаць, што ў большасьці выпадкаў, яны будуць ужываць гвалт у дачыненьні да сваіх блізкіх. Хаця яны і сьцьвярджаюць зваротнае, кажуць пра тое, што цэняць сямʼю, бо столькі ўсяго перажылі, але ўсё роўна, яны потым зрываюцца і ўжываюць гвалт, пры гэтым лічаць, што гэта нармальна і натуральна. І абвінавачваюць пацярпелую пры гэтым, што яна яго справакавала.

***

Пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі МУС адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб процідзеяньні хатняму гвалту». Кіраўнік Беларусі заявіў, што гэта «дурасьць, узятая з Захаду», а там «мужык з мужыком жэніцца, дзяцей няма каму нараджаць». Ён таксама расказаў, што ад яго «часта атрымліваў» старэйшы сын Віктар — цяперашні ягоны памочнік па нацыянальнай бясьпецы.

Сёлета ў ліпені МУС апублікавала на сваім сайце канцэпцыю закону «Аб папярэджаньні гвалту ў сям’і». Новы закон плянавалі прыняць у 2019 годзе. Свае прапановы, якія былі ў канцэпцыі закону, МУС зьбіраецца прапрацоўваць у рамках карэкціроўкі заканадаўчых актаў, якія ўжо дзейнічаюць.

Грамадзкае абʼяднаньне «Радзіслава» было створана ў 2002 годзе ў горадзе ў Менску жанчынамі, якія пацярпелі ад гвалту, для аказаньня дапамогі іншым жанчынам, якія патрапілі ў такую ж сытуацыю. Цяпер у ім 30 спальных месцаў. Жанчыны могуць жыць у прытулку ад 1 дня да 1 году. Ім бясплатна прадастаўляецца дапамога псыхолягаў, сацыяльных работнікаў, юрыстаў.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG