Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе гвалт у дзяржаве, там гвалт і ў сям’і


Ілюстрацыйнае фота. Дзень Волі ў Менску. 25 сакавіка 2017 году

Многія ня хочуць разумець, што ў краіне, дзе культывуецца дзяржаўны гвалт, цяжка процідзейнічаць гвалту хатняму.

Заява Лукашэнкі пра нэгатыўнае стаўленьне да закону аб процідзеяньні хатняму гвалту выклікала моцны грамадзкі розгалас. Дыскусіі не спыняюцца, прыхільнікі закону вырашылі працягваць барацьбу за яго прыняцьце. Але, на мой погляд, на гэтую праблему трэба глядзець значна шырэй. Дарэчы, менавіта так бачыць сытуацыю і сам кіраўнік Беларусі.

Пра тое, што падыход Лукашэнкі да прадстаўнікоў дзяржаўных мэдыяў быў добра зрэжысаваны, сьведчыць якраз сюжэт зь ягонымі развагамі аб праекце гэтага закону. Журналіст, які задаваў пытаньне пра хатні гвалт, адразу стварыў нэгатыўны тон, фактычна акарыкатурыўшы згаданы дакумэнт. То бок ён быў загадзя падрыхтаваны з разьлікам на тое, што Лукашэнка падхопіць гэты тон. І сапраўды, першая рэпліка афіцыйнага лідэра была ў рэзананс з пытаньнем: «Бязглузьдзіца поўная».

Наўрад ці Лукашэнка чытаў сам праект закону. Гэтага і не патрабавалася. Кіраўнік Беларусі, як чалавек з вострым палітычным чуцьцём, хутка ўлавіў ідэалёгію, канцэптуальны сэнс гэтага закону. І шчыра абурыўся.

Невыпадкова ён адразу абрынуўся на заходні ўплыў у зьвязку з гэтым законам: «Уся гэтая дурата, узятая найперш з Захаду... Гэта модная цяпер фармулёўка на Захадзе». І меў рацыю. Бо сапраўды, праект закону грунтуецца на заходняй канцэпцыі правоў чалавека, павагі да чалавечай годнасьці, недатыкальнасьці асобы.

дрынаньне гэтай канцэпцыі ў Беларусі ўзьведзена амаль што ў ідэалягічны прынцып, яна разглядаецца як падступная задума дзеля разбурэньня беларускай сацыяльнай мадэлі знутры. «Заходнія каштоўнасьці ня маюць нічога агульнага з мэнталітэтам беларускіх людзей», — казаў некалі Лукашэнка. Вось і цяпер ён найперш акцэнтаваў увагу на тым, што гэты закон не адпавядае «нашым традыцыям» і «нашаму досьведу».

І сапраўды, палітычны рэжым, існая сацыяльная мадэль грунтуецца на зусім процілеглых прынцыпах. Якраз гвалт — тая аснова, той цэмэнт, які замацоўвае функцыянаваньне беларускага аўтарытарызму. Створаная ў Беларусі паліцэйская дзяржава без усеагульнага гвалту існаваць ня можа, ён распаўсюджваецца на ўсе сфэры.

У кіраваньні эканомікай дамінуюць адміністрацыйна-камандныя мэтады. «Кроў з носу» — вось той дэвіз, якім Лукашэнка прапануе кіравацца кіраўнікам эканамічных ведамстваў і дырэктарату. «Ня выканаеш задачу — пасаджу», — ня раз казаў кіраўнік дзяржавы чарговаму няшчаснаму дырэктару прадпрыемства. Дык і шмат жа зь іх пераседзела за кратамі.

Ці вось узгадаем апошні прыклад у Лоеўскім раёне, калі настаўнікаў на іх прафэсійнае сьвята прымусілі парадкаваць жывёлагадоўчыя фэрмы. І як вы думаеце, тыя настаўнікі, вярнуўшыся ў клясы пасьля такой зьнявагі, будуць вучыць дзяцей павазе да чалавечай асобы?

Пра гвалт супраць палітычных апанэнтаў у Беларусі можна пісаць цэлыя тамы. І сам Лукашэнка даваў гэтаму працэсу маральнае абгрунтаваньне. У красавіку 1995 году спэцназ зьбіў апазыцыйных дэпутатаў Вярхоўнага Савету. Праз год прэзыдэнт краіны пракамэнтаваў гэта так: «Ледзь-ледзь камусьці намялі бакі, дык ужо расплакаліся... Хіба гэта па-мужчынску?» («Народная Воля», 1996, № 80).

Пасьля зьбіцьця спэцназам кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна Лукашэнка пад бурныя аплядысмэнты дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу ганарліва казаў: «Як далі — так ляцелі ашмёткі па закутках» («Советская Белоруссия», 2006, 3 сакавіка). Крывавы разгон апазыцыйнага мітынгу 19 сьнежня 2010 году кіраўнік дзяржавы на наступны дзень на прэсавай канфэрэнцыі пракамэнтаваў так: «Бачыце, па галаве далі. Ну і што?»

Зразумела, асабістыя якасьці самога Лукашэнкі моцна ўплываюць на ўсе грамадзкія працэсы. Ён ня толькі біў рэменем сына Віктара. Нагадаю, што ў 1989 годзе супраць дырэктара саўгаса «Городец» Аляксандра Лукашэнкі была распачатая крымінальная справа за зьбіцьцё падначаленага мэханізатара. Але яе не давялі да канца, бо тады будучы прэзыдэнт быў дэпутатам. У ягоным лексыконе ўвесь час прысутнічае дэманстрацыя сілы, жорсткасьць, тэрміналёгія «па мордзе даць», «адкруцім галаву», «ногі паадкручваем», «рукі паадсякаем» і інш.

І вось у такой краіне, дзе гвалт узьведзены ў культ, спосаб існаваньня соцыюму, актывісты, якія змагаюцца супраць сямейнага гвалту, імкнуцца стварыць аазіс, выспу павагі да правоў чалавека і чалавечай годнасьці. Неяк саманадзейна. Баюся, ізалявацца ад нораваў, якія дамінуюць у дзяржаве, не атрымаецца. Можа, не з таго канца трэба пачынаць?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG