Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дыскусія вакол канцэпцыі закону аб хатнім гвалце — сутыкненьне ідэалёгій», — Альхоўка адказвае Рымашэўскаму


Ірына Альхоўка.
Ірына Альхоўка.

Сябра Нацыянальнай рады ў гендэрнай палітыцы Ірына Альхоўка, якая ў складзе працоўнай групы ўдзельнічала ў распрацоўцы Міністэрствам унутраных справаў канцэпцыі закону аб прадухіленьні хатняга гвалту, адказвае сустаршыню Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталю Рышашэўскаму, які заявіў у інтэрвію Свабодзе, што «ў скандальным правале канцэпцыі віна ня толькі ўраду, але і распрацоўшчыкаў закону».

«Ідэалёгія замяніла здаровы сэнс»

— Ірына, ад пятніцы не сьціхаюць дыскусіі ў сацыяльных сетках пасьля крытыкі Аляксандрам Лукашэнкам канцэпцыі закону аб папярэджаньні хатняга гвалту. У іх актыўна бярэ ўдзел сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Палітык выклаў сваё бачаньне ў інтэрвію Свабодзе. Там былі і закіды ў бок вашай арганізацыі і распрацоўшчыкаў закону. Паводле яго, «гэта прыклад, як ня трэба распрацоўваць законапраект. Бо тое, што на этапе распрацоўкі не запрасілі ніводнага прадстаўніка цэркваў, таксама сем’яў, з каторых гвалтам дзяржава забрала дзяцей ( на фоне неперастанных мэдыйных публікацый на гэтую тэму) — проста грубая прафэсійная памылка каманды распрацоўшчыкаў». Як бы вы адказалі на гэтую крытыку?

— Слухаючы заклікі да дэмакратыі, уліку поглядаў і інтарэсаў розных групаў і пра тое, што да распрацоўкі канцэпцыі не былі прыцягнутыя рэлігійныя арганізацыі, я ўспамінаю добрыя падвойныя стандарты.

Дастаткова ўспомніць кампанію розных канфэсій па абмежаваньні правоў жанчын на аборт, у выніку якой, сярод іншага, было ўведзенае перадабортнае кансультаваньне і «дні цішыні», якія наўпрост умешваюцца ў асабістае жыцьцё жанчыны, а таксама справы сям’і, калі такое рашэньне прымаецца сумесна. Жанчына настолькі дурная, прымаючы рашэньне аб перапыненьні непажаданай цяжарнасьці, што дзяржава і царква павінны зладзіць ёй праверку, можа перадумае. Толькі легальны аборт — гэта не злачынства, і жанчыны, якія прымаюць такое рашэньне, не парушаюць закон. У адрозьненьне ад хатняга гвалту, які нават у рамках дзеючага заканадаўства, прызнаецца правапарушэньнем і злачынствам. І каб яго спыніць, дзяржава проста абавязана ўмяшацца і даць адэкватную ацэнку.

Увогуле, «неабыякавая» грамадзкасьць так лёгка дазваляе сабе ўмешвацца ў жыцьцё жанчын і сямʼі ў адным выпадку, але заплюшчвае вочы — у іншым. Усе, чаго можна дамагчыся такімі захадамі, гэта тое, што да народжаных нялюбімых дзяцей дададуцца няшчасныя, выхаваныя папругай. Чаму прадстаўнікі розных канфэсій не былi заклапочаныя тады неабходнасьцю пачуць розныя думкі? Таму што як і ў выпадку з канцэпцыяй закону аб хатнім гвалце, ідэалёгія замяніла здаровы сэнс.

«Ніводная жаночая арганізацыя, якая брала ўдзел у распрацоўцы канцэпцыі, не займалася шальмаваньнем рэлігійных арганізацый і рассыланьнем паклёпаў»

— Віталь Рымашэўскі лічыць, што «у распрацоўшчыкаў закону атрымалася замест кансалідацыі і згуртаваньня хаўрусьнікаў у барацьбе з хатнім гвалтам — раскол беларускага грамадзтва... Царква — супраць хатняга гвалту (безумоўна, ёсьць адыёзныя асобы ў кожнай арганізацыі, але не яны вызначаюць пазыцыю царквы). А мясцовая кампанія фэміністак выстаўляе ўсе хрысьціянскія канфэсіі прыхільнікамі гвалту, а гэта ёсьць хлусьня». Як бы вы адказалі на такі закід?

— Мяне зьдзіўляюць словы аб нейкай кампаніі ў дачыненьні да праціўнікаў канцэпцыі закону. Ніводная жаночая арганізацыя, якая брала ўдзел у распрацоўцы канцэпцыі, не займалася шальмаваньнем рэлігійных арганізацый і рассыланьнем паклёпаў. З дакладнасьцю наадварот, паляваньне на ведзьмаў абвясьцілі «неабыякавыя» грамадзяне, закідваючы розныя дзяржорганы скаргамі на дзейнасьць «фема-фашыстак», якія распаўсюджваюць гендэрную ідэалёгію, расхістваць нацыянальныя асновы.

Стаўленьне чыноўнікаў да такіх пасквіляў добра чулася, калі яны фактычна апраўдваліся перад намі, таму што яны вымушаныя былі рэагаваць на гэтыя лісты. Міжнародным арганізацыям таксама дасталася... Пра які дыялёг і абмен меркаваньняў можа ісьці гаворка, калі выкарыстоўваюцца такія мэтады?

«Меркаваньне ёсьць у кожнага, а кампэтэнцыі — у прафэсіяналаў»

— У чым вы бачыце прычыну такіх вострых дыскусій вакол канцэпцыі закону аб хатнім гвалце?

— Дыскусія за ці супраць канцэпцыі закону аб папярэджаньні хатняга гвалту — гэта выключна сутыкненьне ідэалёгій. Ніякіх абмеркаваньняў на прафэсійным узроўні па сутнасьці нормаў, прапанаваных у канцэпцыі, няма. Пераважная колькасьць крытыкаў канцэпцыі закону яе ня чыталі і нават не зьбіраліся ў ёй разьбірацца. Якое ваша меркаваньне аб эфэктыўнасьці ахоўнага прадпісаньня? Якую альтэрнатыву вы можаце прапанаваць? Як на правапрымяняльную практыку паўплывае працэдура ацэнкі рызык? Чаму прававая дапамога для ахвяраў хатняга гвалту павінна быць бясплатнай? Што можна зрабіць, каб пацярпелыя не забіралі свае заявы зь міліцыі? Як зьмяніць крытэрыі, калі прызнаюць, што дзіця знаходзяцца ў сацыяльна-небясьпечным становішчы па прычыне хатняга гвалту, каб дапамагчы яму, а не караць? Якімі павінны быць карэкцыйныя праграмы для вінаватых?

Сярод рэлігійных арганізацый, зь якімі можна абмяркоўваць гэтыя і іншыя пытаньні на прафэсійным узроўні, я ведаю толькі Саюз сястрынстваў БПЦ, які некалькі гадоў дапамагаў ахвярам сямейнага гвалту ў Лідзе, прадастаўляючы прытулак. І мне шкада, што іх не прыцягнулі да абмеркаваньня канцэпцыі закону. А сярод тых, хто ставіў свае подпісы супраць канцэпцыі закону, няма тых, хто ў стане даць адказы на гэтыя пытаньні. Замест канкрэтных прапаноў мы маем — «замацаваць юрыдычную прэзумпцыю добрасумленнасьці бацькоў». Прапанаванае ў канцэпцыі вызначэньне эканамічнага гвалту «занадта расплывістае». А гэта не вытрымлівае ніякай крытыкі.

Меркаваньне ёсьць у кожнага, а кампэтэнцыі — у прафэсіяналаў. Калі сёньня на вуліцы спытаць людзей, ці жадаюць яны плаціць падаткі або сартаваць сьмецьце, большасьць адкажа адмоўна. Маюць права мець меркаваньне. Але гэта не спыняе дзяржаву ад рэгуляваньня меркаваньняў і «хацелак» грамадзян, і ад прыняцьця заканадаўчых нормаў, якія спрыяюць зьмене сьвядомасьці і паводзін грамадзян і стварэньню новых традыцый. Мы ўсе прайграем, калі дзяржаўныя рашэньні прымаюцца на аснове галасоў, якія крычаць гучней, а не на аснове абʼектыўных фактаў, аналізе правапрымяняльнай практыкі, выніках дасьледаваньняў, якія праводзяцца, у тым ліку, пры ўдзеле профільных міністэрстваў.

— Вельмі актыўна ў сеціве абмяркоўваецца тэма, ці можна біць дзяцей...

— Кажуць, што трэба пакінуць бацькам права караць дзяцей і разглядаць гэта як частку працэсу выхаваньня... Пачытайце кароткую справаздачу па выніках дасьледаваньня Дзіцячага фонду UNICEF «Ацэнка сытуацыі з гвалтам у дачыненьні да дзяцей у Рэспубліцы Беларусь», праведзенага пры ўдзеле Мінадукацыі, МУС, Мінпрацы і сацабароны, мясцовых органаў улады і адміністрацый школ. І задайце сабе пытаньне — чаму яна «кароткая»? Што вырашылі не выносіць на суд грамадзкасьці? Дакладна не дадзеныя аб колькасьці прафіляктычных мерапрыемстваў «Мама, тата, я — дружная сямʼя».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG