Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто зь беларускіх кіраўнікоў біў сваіх дзяцей


Пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў канцэпцыю закону аб папярэджаньні хатняга гвалту і прызнаўся, што біў свайго старэйшага сына Віктара, мы запыталіся двух былых кіраўнікоў Беларусі, ці білі яны сваіх дзяцей і ці лічаць патрэбным закон аб хатнім гвалце.

«Выклікі нарадаў міліцыі на хатнія скандалы — асноўная частка дзейнасьці дзяжурнай часткі міліцыі»

Былы кіраўнік Беларусі, экс-старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, першы ў сувэрэннай Беларусі генэрал-лейтэнант міліцыі Мечыслаў Грыб:

— Як вы выхоўвалі дзяцей? Ці ў вас у сямʼі практыкаваліся фізычныя пакараньні?

— У мяне двое дзяцей, сын і дачка. Я ўвесь час па 12 гадзін на працы быў, у асноўным выхоўвала дзяцей мая жонка Любоў Іванаўна, нябожчыца ўжо. Я быў зь дзецьмі, як выпадала вольная хвіліна, але я дзяцей ніколі ня біў, не падымаў на іх руку. Бывала ўсякае, дзесьці і голас павысіш, і нешта загадаеш. Жыцьцё ёсьць жыцьцё, яно даволі складанае, але біць — не, ніколі ня біў, і я гэтага не разумеў.

Дзеці яны ж дзеці, да іх трэба ставіцца наперш як да дарослых, хоць яны і маленькія, тады яны цябе будуць лепш разумець і зь мі можна размаўляць. А лічыць іх проста малымі, каб яны выконвалі ўсе твае загады, каб твае погляды мелі, каб баяліся, — не, у нас такога не было.

— А як вас выхоўвалі бацькі?

— Я рос у сялянскай сямʼі. Бацька на фронце загінуў, адна маці выхоўвала чатырох непаўнагадовых дзяцей — тры хлопцы было і сястра. Мы расьлі самі па сабе, маці не было калі на нас вялікую ўвагу зьвяртаць, таму што была праца, праца і праца ў калгасе, каб хаця як-небудзь і чым-небудзь пракарміць нас. Голас падымала маці часам, магла замахнуцца чымсьці, бо праца цяжкая, і дзеці надакучваюць рознымі выхадкамі, але каб сыстэма была пакараньняў, біцьця — не было такога ў нас, у нашай неадукаванай сялянскай сямʼі такога не было.

— Вы шмат гадоў працавалі ў міліцыі. З вашага досьведу працы ў міліцыі, як трэба змагацца з хатнім гвалтам, ці патрэбны спэцыялізаваны закон?

— Такія законы патрэбныя. Хатні гвалт вельмі распаўсюджаны. Я гэта сам бачыў, калі я працаваў у раённых аддзелах міліцыі ў Віцебску. Калі дзяжурыш ці сам, ці калі ты — кіраўнік райаддзелу, то ведаеш, што гэтыя выклікі нарадаў міліцыі на хатнія скандалы — гэта асноўная частка дзейнасьці дзяжурнай часткі міліцыі. Напіўся, прыйшоў дадому, пабіў, выгнаў голую, разутую, разьдзетую на сьнег, дзяцей замкнуў і так далей. Зразумела, мы заўсёды рэагавалі, выяжджалі. Забярэм гэтага чалавека, прывязем у пастарунак, закрыем да раніцы. А раніцай жонка прыходзіць і да начальніка райаддзелу, пачынае маліцца, каб не судзілі і адпусьцілі. Справа ў тым, што яна разумее, што ў іх трое-чацьвёра дзяцей, калі яго пасадзяць, хто іх карміць будзе.

Вельмі складанае пытаньне, таму ў заканадаўчым пляне гэта ўсё павінна быць вельмі дэталёва і разумна адлюстравана. Без закону вельмі цяжка працаваць і работнікам міліцыі, і вельмі цяжка гэтым людзям, якія просяць дапамогі ў міліцыі. Усё павінна быць вельмі дакладна прапісана ў законе. У нас куды не павернесься, усё роўна праглядаецца савецкая галава, ва ўсіх пытаньнях.

«Калі вы паважаеце сваіх дзяцей, то падняць на іх руку немагчыма»

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі, экс-старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч:

— Ні мяне маці ніколі ня была, ні сястру маю. Бяз бацькі мы выхоўваліся. У мяне ніколі думка не ўзьнікала, каб падняць руку на дачку альбо на сына. Мне здаецца, гэта — традыцыя любой прыстойнай сямʼі, калі людзі растуць з павагай адзін да другога. А калі вы паважаеце сваіх дзяцей, то падняць на іх руку немагчыма. Вы бачыце, што ў нас у краіне адбываецца. Біць і зьдзекавацца — гэта манера сёньняшняй улады.

— А што вы думаеце пра неабходнасьць закону аб прадухіленьні хатняга гвалту?

— Я думаю, што трэба па-іншаму працаваць у грамадзтве і прапагандаваць іншыя каштоўнасьці. Я — не гарачы прыхільнік гэтага закону. Гэта далікатная справа, яго распрацаваць ня проста, але відавочна, у гэты час глябалізацыі такі закон павінен быць. Думаю, што вельмі цяжкая справа яго распрацаваць, каб ён быў прыстойным і паважаў чалавечую годнасьць.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG