Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біць ці ня біць — у падлеткавым грамадзтве не пытаньне


Міліцэйскі начальнік у цывільным зьбівае фотакарэспандэнта Уладзя Грыдзіна, 2010

Вядома ж, біць. Заявы Лукашэнкі пра патрэбу пэдагагічнай папругі і біцьцё сына Віці, як і дэактуалізацыю закону пра хатні гвалт беларускі народ у большасьці ўспрыняў станоўча. Прэзыдэнт — нармальны мужык!

Падлеткавае грамадзтва жыве інстынктамі. Дарослых і мудрых у нас на сто тысяч адзінкі. Яны кажуць, што біць ня варта. Але іхны голас гучыць на іншай хвалі, яго не чуваць. Падлеткамі кіруюць інстынкты, нават калі біялягічна падлетку даўно за сорак. Нават калі ён дырэктар школы ці дзейны судзьдзя ці прэзыдэнт.

У грамадзтве, дзе няма маральных аўтарытэтаў, ніякі закон ня будзе працаваць адэкватна.

Вікторыя Ільлінская ў сваім фэйсбуку выказала важную думку: закон пра хатні гвалт можа стаць яшчэ адным інструмэнтам гвалту над няўгоднымі. Ну вось паступіць у суд заява, што Зьміцер Дашкевіч лупцуе сваіх мілых чадаў, і што? Суд працуе ня з доказамі, а з указаньнямі зьверху. Так, як на працэсе Алеся Юркойця — аб’ектыўныя факты проста прапускаюцца міма вушэй, бо фактычна працэс вядзе КГБ, які ўсё гэта і прыдумаў. Падлеткі-ўлада судзіць дарослага, а падлеткі-народ яе падтрымлівае, бо кіруецца тым самым «кодэксам» — інстынктамі.

Альбо вось гісторыя, якую мне распавёў гісторык Васіль Герасімчык са свайго досьведу школьнага настаўніцтва. Вучань моцна любіў майстраваць (залатыя рукі), але ўсіх астатніх прадметаў цураўся. Са школы тэлефанавалі дадому, слухаўку звычайна брала маці, і ёй гэта ўсё неяк удавалася пакрываць. Разумная маці — сын не абалдуй, увесь час заняты любімай справай, майструе. А тут аднойчы нарваліся на бацьку. Стомлены камбайнёр, вярнуўшыся з працы, падняў слухаўку. Ай, ля-ля, ай, лю-лю. І вось. Бацька «ўставіў» сыну і «ўставіў» маці. На вэрбальным узроўні. Сын, які на АБЖ запісаў тэлефон службы, што сочыць за хатнім гвалтам, набраў нумар і паведаміў: Ай, ля-ля, ай, лю-лю. Зараз жа прыехалі мянты. Стомленага камбайнёра вывезьлі ў лес, адмянташылі па нырках і вярнулі дадому. То бок, падлетак ад народа выклікаў на дарослага падлеткаў ад улады. Ну і далей — глядзіце японскі фільм «Каралеўская бітва».

У Беларусі, ды як і паўсюль у сьвеце, улада імкнецца да ўзурпацыі, аўтарытарызму і дыктатуры. Гэта яе прырода. І народ таксама кіруецца інстынктамі. Знакамітая беларуская дысконтная картка «Халва» гэта пацьвярджае сваёй наўмысна прапушчанай літарай — халява. І ўсё гэта цалкам натуральна, калі не ідэалізаваць народ і ўладу. Гэта адносіны дзьвюх камандаў дваравых падлеткаў. Іх дачыненьні даўно б разьвіваліся так, як у рамане «Валадар мух» Уільяма Голдынга, калі б у сьвеце не было дарослых і мудрых.

Дарослыя не гуляюць з падлеткамі (народам) і рэдка зьяўляюцца ва ўладзе (як Гавэл, напрыклад, і тое з рэйтынгам 1%, то бок, як выключэньне). Дарослыя і мудрыя зьбіраюцца ў клюбе «Эліта». І ад таго, наколькі сур’ёзны ўплыў гэтай эліты ў грамадзтве, залежыць балянс паміж камандамі падлеткаў і тое, ці гатовае грамадзтва прыняць закон пра хатні гвалт, адмену сьмяротнае кары ці аднаполыя шлюбы. Прыняць — гэта значыць, адэкватна выконваць.

У Беларусі эліта атамізаваная, яна мала на што ўплывае. Ёсьць таксама муляж эліты (падлеткі ва ўладзе прыдумалі сабе сваіх «дарослых», а на справе такую самую шпану) — генэрал-літаратар Чаргінец ці галоўны сябр Ярмоленка (той, што «слушай батьку»), ці якая-небудзь дэпутат-пяюньня Дарафеева («бела-белая русь, я табою гаржусь»). Народ на вуліцах на пытаньне, каму ў Менску паставіць помнік, адказвае алаверды: Домрачавай, Лукашэнку, «няма каму»… Па дзяржаўнай лініі зьбіраюць грошы на помнік карове. Ну з кім тут гаварыць пра хатні гвалт? Можа быць з кавалерамі ордэна Францішка Скарыны расейскімі папсавікамі Бабкінай і Баскавым?

Лукашэнка, Быкаў, Домрачава. Каму паставіць помнік у Менску?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:23 0:00

У гісторыі з майстравітым вучнем у цывілізаваным грамадзтве мусіў зьявіцца маральны аўтарытэт — усімі шанаваны настаўнік ці нават які-небудзь стары мудры ўчастковы. Але ў спэктаклі, які чвэрць веку ставіцца на беларускай зямлі, такія героі даўно выкрасьленыя са сцэнара. Іх проста няма.

Якая выснова? Усе гэтыя 25 гадоў падлетак-прэзыдэнт рабіў усё дзеля таго, каб у Беларусі не было эліты. Найбольш знакавыя захады: ліквідацыя праспэкту Скарыны, закрыцьцё газэты «Имя» і стварэньне свайго Саюзу пісьменьнікаў (пры існаваньні, дзякуй Барысу Пятровічу, старога, нармальнага). Гэта ўдары, але ёсьць і пастаянныя «рэжымы». Заніжэньне плянкі адукацыі (ня трэба нам гімназіі), СМІ (эліту ў тэлевізар на пушчаць!), поўная ігнарацыя такіх зьяваў, як Нобэль Сьвятланы Алексіевіч.

Вядома, дзякуй, што не расстрэльваюць. У 1930-я эліту проста фізычна пусьцілі пад нож. Але трэба разумець, што роля эліты сёньня трымаецца выключна на недзяржаўных (а па сутнасьці і «антыдзяржаўных») ініцыятывах (Пеця, ідзі дадому! — Мама, я яшчэ пагуляю!), дзе дарослыя і мудрыя ў партызанскіх умовах выконваюць свае бацькоўскія функцыі выхаваньня падлеткаў — як народа, так і дзяржавы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG