Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біць ці ня біць? «Час разьвітацца з адгалоскамі сярэднявечча»


«Час разьвітацца з адгалоскамі сярэднявечча»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:34:55 0:00

Біць ці ня біць? Быць ці ня быць закону аб хатнім гвалце? Гэтыя пытаньні востра дыскутуюцца ў Беларусі пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка рэзка скрытыкаваў падрыхтаваную міністэрствам унутраных справаў канцэпцыю закону аб папярэджаньні хатняга гвалту і прызнаўся, што біў свайго старэйшага сына.

Праблемы хатняга гвалту ў спэцыяльным выпуску «Зоны Свабоды» абмяркоўваюць стваральніца і кіраўніца прытулку для ахвяраў хатняга гвалту «Радзіслава» Вольга Гарбунова, кіраўніца аб’яднаньня «Гендэрныя пэрспэктывы» і сябра Нацыянальнай рады ў гендэрнай палітыцы Ірына Альхоўка і дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.

Прапануем фрагмэнт дыскусіі:

«Мы будзем мець скажоную псыхіку ў будучых пакаленьнях»

Ганна Соўсь: Калі ва Ўкраіне больш за 15 гадоў таму прынялі закон аб папярэджаньні хатняга гвалту, напачатку колькасьць зафіксаваных выпадкаў хатняга гвалту павялічылася, але не таму, што іх стала больш, а таму, што іх сталі больш фіксаваць. Ірына, вы шмат гадоў прысьвяцілі гэтай праблеме. Лёс канцэпцыі закону аб папярэджаньні хатняга гвалту пакуль невядомы. Калі закон ня будзе прыняты бліжэйшымі гадамі, то што?

Ірына Альзоўка.
Ірына Альзоўка.

Ірына Альхоўка: Будзе вельмі дрэнна. Мы будзем атрымліваць вось такія гісторыі, як у жанчын, якія жывуць у прытулку «Радзіслава». Гэта будзе штодзённая практыка, на жаль. Мы атрымаем пакаленьне людзей, цяперашніх дзяцей, якія вырастуць ва ўмовах не свабоды, гвалту, падаўленьня ўласнага меркаваньня. І гэта ўжо цяпер адбываецца.

Мы будзем мець скажоную псыхіку ў будучых пакаленьнях. Гэта будзе адбівацца на нашых традыцыях, на павазе да каштоўнасьці жыцьця адзін аднаго. Ёсьць падвоеныя стандарты ў дачыненьні да хатняга гвалту, калі мы параўноўваем яго зь іншымі правапарушэньнямі, злачынствамі. Калі на вуліцы да мяне падыдзе незнаёмы чалавек і ўдарыць, то гэтаму злачынству нашмат больш вагі надаецца, чым калі такое ж дзеяньне адбываецца з сям’і. Але насамрэч прырода адна і тая ж, яна нават больш згубныя вынікі маем у сямʼі.

Я думаю, што для нас, як для грамадзтва, якое хоча лічыцца прагрэсіўным, прававой дзяржавай, гэта будзе вельмі вялікі адкат назад. Канечне, патрэбныя дыскусіі. Але мяне вельмі хвалюе дыскусія пра традыцыі, тое, пра што гавораць праціўнікі канцэпцыі. Якія традыцыі парушыць закон, які будзе забараняць біць членаў сваёй сямʼі? Мне падаецца, што ён не парушыць ніякія традыцыі, а калі ёсьць нейкія адгалоскі сярэднявечча, то зь імі час разьвітацца. Мы пазыцыянуем сябе як грамадзтва, якое хоча жыць з новымі тэхналёгіямі, а ў сябе ў сямʼі некаторыя хочуць жыць паводле законаў дамастрою.

«Запрашайце іх да дыскусій і вы знойдзеце паразуменьне»

Ганна Соўсь: Калі праект канцэпцыі не перарасьце ў законапраект, калі яго не распрацуюць, не вынесуць на абмеркаваньне, не прагаласуюць за закон, то што будзе?

Ганна Канапацкая.
Ганна Канапацкая.

Ганна Канапацкая: Я буду аптымісткай. У нас ёсьць магчымасьць паўплываць на ўлады і паскорыць прыняцьце законапраекту Але трэба, каб людзі, якія бралі ўдзел у распрацоўцы канцэпцыі, выйшлі і адкрылі гэтую дыскусію і патлумачылі, чаму гэта трэба. Трэба, каб максымальна вялікая колькасьць грамадзянаў уздымала гэтае пытаньне і разумела, што гэты законапраект павінен быць падрыхтаваны і прыняты. Калі вы бачыце, што рэлігійныя арганізацыі выстаўляюць пытаньні, не закрывайцеся, запрашайце іх да дыскусій і вы знойдзеце паразуменьне.

«Калі вы самі — не ахвяра гвалту, не прахадзіце міма»

Ганна Соўсь: Вольга, нашу дыскусію паглядзяць на Белсаце альбо пачытаюць ці паслухаюць на Свабодзе ў тым ліку і жанчыны, якія церпяць ад хатняга гвалту. Што б вы ім параілі? Што бы вы сказалі людзям, якія саромеюцца сказаць, што яны ахвяры хатняга гвалту?

Вольга Гарбунова: Наш досьвед працы сьведчыць пра тое, што вельмі страшна і сорамна пра гэта расказваць. Часта жанчыны адчуваюць віну за тое, што адбываецца ў сямʼі і зь дзецьмі. На самой справе важна разумець, што з кожнай праблемы, з кожнай бяды ёсьць выйсьце. На дадзены момант ёсьць шмат дзяржаўных і недзяржаўных рэсурсаў, якімі можна скарыстацца ў такой сытуацыі.

Калі вы падазраяце, што з вамі адбываецца тое, пра што мы гаворым у перадачы, у першую чаргу мы рэкамэндуем выклікаць міліцыю, тэлефанаваць на агульнанацыянальную гарачую лінію, кансультавацца са спэцыялістамі. Калі экстрэнна патрэбныя дапамога «Радзіславы», гэтыя кантаты можна знайсьці ў сеціве. На шчасьце, ня толькі ў Менску ёсьць такія паслугі, але і ў іншых гарадах. Ёсьць сыстэма дзяржаўных крызісных пакояў. Насамрэч атрымаць дапамогу бывае цяжка ў такіх сытуацыях і ў міліцыі, і ў дзяржаўных структурах, і ў нас не заўсёды ёсьць свабодныя спальныя месцы, але вельмі важна шукаць гэту дапамогу і настойліва прасіць яе.

Калі вы самі — не ахвяра гвалту, не прахадзіце міма. У грамадзтве ёсьць абыякавасьць, мы бачым яе адгалоскі ў адкрытых лістах, якія дасылалі супраць канцэпцыі законапраекту аб папярэджаньні хатняга гвалту. Гэта як раз паказьнік таго, што вялікая колькасьць людзей пакуль не разумее, ім усё роўна, што адбываецца побач з суседзямі, знаёмымі і блізкімі. Важна ня быць абыякавым. Калі вы бачыце, што нехта пакутуе ад гвалту, можна стаць тым першым чалавекам, якому даверацца, распавядуць, і вы зможаце дапамагчы.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG