Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закон пра хатні гвалт усё ж будзе? Тры цытаты беларускіх чыноўнікаў


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Аляксандар Лукашэнка 5 кастрычніка выказаўся рэзка супраць законапраекту «Аб процідзеяньні хатняму гвалту», абгрунтаваўшы гэта тым, што гэта «дурасьць, узятая з Захаду», а там «мужык з мужыком жэніцца, дзяцей няма каму нараджаць».

Ён таксама расказаў, што ад яго «часта атрымліваў» старэйшы сын Віктар — цяперашні ягоны памочнік па нацыянальнай бясьпецы.

Але не падобна, каб чыноўнікі зусім пахавалі ідэю такога закону

Галоўная спэцыялістка аддзелу мэдычнай дапамогі маці і дзецям Галоўнага ўпраўленьня арганізацыі мэдычнай дапамогі і экспэртызы Міністэрства аховы здароўя Юлія Савачкіна, як піша Tut.by, заявіла 9 кастрычніка наступнае:

«Закон павінен быць, аднак да гэтага трэба падыходзіць асьцярожна. Мы павінны ўмець сувымяраць усе за і супраць, каб вытрымаць нейкую раўнавагу і не нашкодзіць. Трэба абмеркаваньне, можа, нейкія карэктаваньні, грамадзкае абмеркаваньне. І пасьля гэтага, я думаю, ён павінен быць прыняты».

Тады ж галоўная спэцыялістка ўпраўленьня сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалягічнай працы Міністэрства адукацыі Алена Сімакова заявіла, паводле Tut.by:

«Сёньня пэдагогіка і тэорыя выхаваньня пайшлі так далёка, што можна ўжываць розныя мэтады пакараньня, не зьвяртаючыся да фізычнага гвалту».

Яна дадала, што Мінадукацыі цяпер распрацоўвае пастанову аб парадку прызнаньня дзяцей такімі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы, і паводле дакумэнту «ўмяшаньне ў сям’ю будзе магчымым толькі ў крайнім выпадку, калі ёсьць пагроза для дзяцей». Канцэпцыю законапраекту, супраць якой выступіў Лукашэнка, яна не камэнтавала наўпрост. Але дадала, што да азначэньня таго, дзе гвалт, а дзе выхаваньне, «трэба вельмі дакладна і пісьменна падыйсьці».

Старшыня камітэту па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне Менгарвыканкаму Жанна Рамановіч 10 кастрычніка сказала Citydog, што «кіраўнік дзяржавы мае рацыю»:

«Законапраект павінен быць распрацаваны з удзелам грамадзкасьці, і гэта павінны быць спэцыялісты. У нас ёсьць нарматыўна-прававыя акты і законы, якія якраз кажуць пра прафіляктыку хатняга гвалту. Можа, асобна такі закон і не патрэбны. Зацьвярджаючы і прымаючы закон, мы кажам, што ў нас глябальная праблема. Гэта ёсьць, як і паўсюль, але ня можа быць нацыянальнай праблемай».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG