Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мог гадзінамі гаварыць, што я павінна правільна маліцца і баяцца мужа», — споведзь ахвяры хатняга гвалту з камэнтаром псыхоляга


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

37-гадовая Сьвятлана (імя зьмененая на просьбу жанчыны) у дзяцінстве страціла слых у выніку хваробы. Гэта не перашкодзіла ёй стаць выдатніцай у школе, атрымаць вышэйшую адукацыю і працу ў Акадэміі навук. У жанчыны трое дзяцей.

Сьвятлана зьвярнулася ў прытулак для ахвяраў хатняга гвалту «Радзіславу» па псыхалягічную і юрыдычную дапамогу, калі яна разводзілася з мужам, які прыніжаў яе і не дазваляў прымаць самастойных рашэньняў.

Сьвятлана па вуснах разумее, што гаворыць суразмоўца. «Я толькі націск няправільна стаўлю», — усьміхаецца жанчына. Нягледзячы на добрую інтэграцыю, яна прызнаецца, што ў сьвеце глухіх ёй больш камфортна. Яе былы муж таксама дрэнна чуе. Ён ня мае вышэйшай адукацыі, працуе кіроўцам, але патрабуе ад былой жонкі падпарадкаваньня ва ўсім.

«Ён выцягнуў мяне з ванны і стаў жорстка зьбіваць»

— Я ня разумела, як правільна будаваць адносіны, бо прывыкла падпарадкоўвацца маці. Спрабавала вырвацца зь яе празьмернай апекі, а выніку ад вельмі залежных адносінаў з маці я прыйшла да вельмі залежных адносінаў з мужам.

У мяне трое дзяцей, старэйшаму сыну — 12 гадоў, малодшай дачцэ — паўтары гады. Дома дзецьмі займаюся ў асноўным я. Калі я прасіла былога мужа дапамагчы зь дзецьмі, ён казаў, што абавязаны толькі зарабляць грошы. І ўсё. Ён увесь час на мяне ціснуў: «Ты павінна так рабіць! Ты няправільна робіш, няправільна гаворыш, няправільна думаеш...»

Ён патрабаваў ідэальнага парадку ў доме, ідэальнай паслухмянасьці ў дзяцей. А гэта ў мяне не заўсёды атрымлівалася. Тады ён зрываўся. Увесь час патрабаваў, каб я ва ўсім зь яго меркаваньнем пагаджалася. Лекцыі мне гадзінамі чытаў. Я не хацела слухаць, а ён усё роўна патрабаваў: выслухай да канца. «Я галоўны ў сям’і, калі ты ня згодная са мной, з маім меркаваньнем, значыць ты — супраць мяне», — казаў ён.

Я не адчувала каханьня, любві, я адчувала, што я — рэч, уласнасьць. Дайшло да таго, што я фізычна і маральна была настолькі спустошаная, што пачаліся праблемы са здароўем — галаўныя болі да ванітаў. Пачала хадзіць па лекарам. Я заўважыла, што калі мне добра, то яму становіцца дрэнна, і ён пачынае прыдзірацца. Я пачынаю плакаць, тады ён супакойваецца, просіць прабачэньня. Усё становіцца нібыта нармальна, а потым ізноў пачынае ціснуць. Пасьля такіх зрываў я адчувала сябе вельмі дрэнна, падала з ног.

У інтэрнэце пачытала пра энэргетычных вампіраў і пра тое, як трэба зь імі кантактаваць. Я стала спрабаваць і, як ня дзіўна, стала атрымлівацца. Трэба пабудаваць нябачную сьцяну, і галоўнае — не зрывацца. Пагаджацца зь ім і ня плакаць увогуле. Тады ён яшчэ больш распаляўся. Чым больш мы жылі разам, тым большай станавілася агрэсія. Дайшло да таго, што ён мог мяне ўдарыць. Гэта стала апошняй кропкай.

Я прыйшла дадому ўвечары, набрала вады ў ванну. Дзеці гулялі, а я пайшла мыцца. Ён зайшоў і запытаўся: «Чаму так позна дзеці гуляюць, і а ты ў ваньне?» Я яму: «Давай ня будзем пры дзецях, закрый дзьверы». Яму не спадабалася, што я яму дала адпор, выцягнуў мяне з ванны і стаў жорстка зьбіваць. Кулаком ударыў, ня памятаю куды біў, было шмат сінякоў. Гэта быў пераломны момант. Я задумалася, да чаго гэта ўсё прывядзе.

Каля году я спрабавала выйсьці з тупіку. Мне параілі зьвярнуцца да псыхоляга. Псыхоляг не зусім ведала, што такое гвалт у сямʼі, яна спрабавала памірыць нас, зьвярнулася да мужа. А ён нагаварыў ёй, што я ўсё раблю ня так. Я калі была ў яе, не магла нічога расказаць і расплакалася. Яна стала на бок мужа, сказала, каб я рабіла тое, што ён патрабуе. Пасьля гэтага псыхоляг сказала, каб я зьвярнулася да псыхатэрапэўта, каб мяне лячылі.

У мяне быў такі стан, што я не магла нават зь дзецьмі кантактаваць, не было сіл ні на што. Загадчыца аддзяленьня ў шпіталі запыталася, а што мяне трымае? Я адказала, што ён фінансава нас утрымлівае, корміць. «І гэта ўсе? Так гэта не сямʼя» — сказала загадчыца.

Сямʼя — гэта калі дапамагаюць адзін аднаму. Спрэчкі могуць быць, але не такія, калі падаўляюць асобу, калі жонка не мае права нешта сказаць першая, толькі пасьля таго, як ён нешта скажа. Пасьля лячэньня мне стала лягчэй. Калі ён на мяне крычаў, я гаварыла ў адказ: «Не крычы на мяне». Я навучалася абараняць сябе.

Летась я спрабавала сабраць дакумэнты, каб падаць на развод, дык ён ледзь не на каленях стаяў, прасіў прабачэньня, сказаў, што выправіцца, прасіў даць шанец. Праз некалькі месяцаў я зразумела, што насамрэч нічога не зьмянілася.

«Ён мог гадзінамі гаварыць, што я павінна правільна маліцца, баяцца мужа і слухацца яго ва ўсім»

Я падала заяву на развод, і пачалося самае цяжкае. Мама стала на бок мужа. Ён пачаў мяне перасьледаваць пагражаць, палохаць, казаць дзецям, што мама іх ня любіць. Гэты быў псыхалягічны гвалт. Ён мог гадзінамі гаварыць, гаварыць, гаварыць. Яго ўлюблёная тэма — рэлігія, што я павінна па рэлігіі правільна маліцца, баяцца мужа і слухацца яго ва ўсім. Гаварыў пра канец сьвету, што хутка вайна, апакаліпсіс, што я павінна ўсё гэта цярпець дзеля вечнасьці. Я не хацела гэта слухаць, хацела сысьці, а ён хапаў мяне за руку і прымушаў слухаць. Калі я закрывалася ў ваньне, то ён звонку адкрываў дзьверы, забараняў мне закрываць дзьверы. Я не магла пабыць адна.

На першы суд маці прывяла сваіх брата, сястру, і яны пачалі мяне пераконваць забраць заяву: «Дзеля дзяцей можаш пацярпець». Зваркі адбываліся ўвесь час на вачах у дзяцей, а маці казала, што гэта нармальна, што ўсе так жывуць.

Нам далі тэрмін на прымірэньне. Я прасіла, каб гэта быў адзін месяц. Калі ўсё гэта скончылася, маці заявіла, што я, напэўна, падкупіла судзьдзю. Супраць мяне былі мой цяпер ужо былы муж і мая маці. Яны мне пагражалі, што калі я падам на алімэнты, то дзяцей забяруць у дзіцячы дом.

«Школу скончыла на выдатна. Усё рабіла дзеля маці, якая патрабавала, каб я была выдатніцай»

Я зьвярнулася ў «Радзіславу». І ўжо на другім судовым паседжаньні ў мяне быў адвакатка, якую мне прадставіла «Радзіслава». Адвакатка казала, што такога ў сваёй практыцы яна не сустракала. Ён у судзе крычаў увесь час, абвінавачваў мяне ва ўсім. Пацьвердзіў, што зьбіваў мяне, казаў, што гэта я яго правакавала на гэта. Нас разьвялі. Трэцяе судовае паседжаньне было наконт алімэнтаў. Ён схаваў усе дакумэнты дзяцей у сэйфе, каб я ня мела да іх доступу, але суд вынес рашэньне на маю карысьць і алімэнты яму прызначылі.

Я пакуль яшчэ жыву на кватэры былога мужа. Ён настройвае дзяцей супраць мяне. Цяпер ён помсьціць, сьмяецца над маімі плянамі, дзеяньнямі, словамі. І сын пачаў мяне ўжо абвінавачваць.

Я працую. Я скончыла школу на выдатна, потым біяфак у БДУ на завочным аддзяленьні. Усё гэта дзеля маці. Яна патрабавала, каб я была выдатніцай. Мне было вельмі цяжка вучыцца. Я канспэкты перапісвала, іспыты здавала як усе, атрымала вышэйшую адукацыю і паралельна працавала лябаранткай у Інстытуце батанікі Акадэміі навук. Пасьля дэкрэту туды вярнулася. Цяпер я — малодшая навуковая супрацоўніца.

«У імкненьні ўсё рабіць ідэальна я надарвалася»

— Вы дрэнна чуеце, і вам цяжэй прыходзіцца чым людзям, якія добра чуюць. Ці гэта неяк паўплывала на тое, што муж і маці скарысталіся тым, што вы не такая як усе?

— Я дрэнна чую, але я не такая, як тыя людзі, якія чуюць, і не такая, як глухія. Гэта дзякуючы таму, што мама шмат у мяне ўклала. Калі цяпер я, як дарослы чалавек, раблю нешта так, як сама лічу патрэбным, то мама кажа, што я ўсё раблю няправільна. Яна мяне ніколі не хваліла, не падтрымлівала. Я да гэтага прызвычаілася, але потым зразумела, што я так больш не магу і не хачу.

Калі я сына нарадзіла, маці мне казала, што я няправільна яго карміла, што я няправільна выхоўвала. А ў мяне дзеці мала хварэюць, і я ўсе вельмі добра рабіла. Усе рабіла дзеля дзяцей, пра сябе забывала. У імкненьні ўсё рабіць ідэальна я надарвалася. Я ня мела права на памылку, мама да гэтага прывучыла.

Я зашмат цярплівая. Мяне мама прымушала вучыць нешта, і я вельмі доўга і шмат цярпела. Была ўпартая, была проста здольная і шмат вучылася. Мама вельмі перажывала, што я ня чую, вадзіла па лекарах, да бабак. І калі адна бабка сказала, што я ўсё роўна чуць ня буду, але буду гаварыць, тады яна супакоілася і стала са многа займацца. Усе ўрокі са мной рабіла, сядзела побач заўсёды.

Так, я ня чую, але ня ведаю, чым я ад іншых адрозьніваюся. Са сьветам людзей, якія чуюць, я адаптавалася, нармальна кантактую. Я маю здольнасьці і адукаваная. Але мне ўсё ж прасьцей у сьвеце глухіх. Там я ў сваёй талерцы. Мне зь імі лёгка кантактаваць.

Я спрабавала быць максымалісткай ва ўсім. Гэта сындром выдатніцы, пэрфэкцыяністкі. Але гэта ні да чаго добрага не прывяло, бо ў мяне было ніякай падтрымкі. Я ўсё рабіла толькі для дзяцей, і нічога для сябе. Як мама, так і я. І я зразумела, што трэба інакш расстаўляць прыярытэты, што і дзеці, і я маем права на памылкі. Мне 37 гадоў. Мама лічыць мяне здрадніцай, калі я сказала, што маю права нешта рабіць сама.

— Пра што вы марыце?

— Я хачу, каб у дзяцей была нармальная здаровая атмасфэра ў сямʼі, бяз гвалту, крыкаў і сварак.

Псыхоляг: «Яна становіцца абсалютна бяспраўнай, усе ўказваюць ёй, што рабіць»

Псыхоляг «Радзіславы» Вольга Казак дапамагала Сьвятлане ў часе судовага працэсу, працягвае кансультаваць яе і да гэтага часу. Іх камунікацыя пэрыядычна спыняецца, бо былы муж абмяжоўвае кантакты жанчыны.

Вольга Казак
Вольга Казак

— Маці і былы муж яе кантралююць. Былы муж лічыць, што яна ўсё роўна ягоная жонка. Мы можам зь ёй кантактаваць толькі праз перапіску, па тэлефоне ня можам. Ён правярае ўсе яе мэсэнджэры, заўсёды ведае, дзе яна была і зь кім. Цяпер мы часова спынілі кантакт, таму што ёй дастаецца вельмі моцна. Ён ужываў супраць яе фізычную агрэсію, але напэўна найцяжэй у яе выпадку сталы кантроль. Спачатку ён можа ўспрымацца як клопат, спачуваньне, каханьне, але ў розным узросьце дзяцей трэба выхоўваць па-рознаму. А ён ставіцца да яе як да свайго чацьвёртага дзіцяці.

І мама працягвае яе апякаць. Для яе няма ніякай розьніцы, ці яна дашкольніца, школьніца, ці цяпер ёй ужо за 30 гадоў, мама працягвае яе кантраляваць. Ад гэтага ў Сьвятланы няма глытка вольнага паветра, яна ня можа нічога зрабіць.

Сытуацыя ўскладняецца тым, што яны настройваюць дзяцей супраць маці. Сьвятлана хоча зрабіць дзяцей больш самастойнымі, бо на ўласным досьведзе яна зразумела, што гіперапека — гэта ня добра. Яна хоча, каб дзеці самі арганізавалі сваю прастору — самі наводзілі парадак на сваіх сталах, у сваіх партфэлях, хаця б мылі за сабой кубкі і лыжкі. А дзеці катэгарычна адмаўляюцца, кажуць: «А што будзеш раіць ты, бо ты працуеш на палову стаўкі і ты павінна нас усіх абслугоўваць». Гэта вельмі зручная пазыцыя для дзяцей, каб нічога не рабіць. Атрымліваецца, што яна становіцца абсалютна бяспраўнай, усе ўказваюць ёй, што рабіць. Яна проста разгубленая, і колькі бы мы ёй не дапамагалі, колькі б не падтрымлівалі, яна застаецца адна са сваёй бядой.

У яе шмат станоўчых якасьцяў, але ўсе яе блізкія і родныя, ад меркаваньня якіх яна моцна залежная, кажуць, што яна не справіцца, што яна ня зможа жыць адна. Магчыма, гэтая трывожная мама, якая выхоўвала яе адна, ня хоча, каб дачка засталася адна. Ёй, магчыма, самой было б больш спакойна, каб яна заставалася з былым мужам, які забясьпечыць іх. Напэўна, яна адчувае ў ім сілу і ўпэўненасьць.

Але побач зь ім Сьвятлана хварэла, у яе была глыбокая дэпрэсія, яна ляжала ў шпіталі, і цяпер яна проста ня хоча гэтага. Яна ўжо крыху адчула свабоду і ня хоча жыць з чалавекам, які яе ўвесь час прыніжае. Сьвятлана даўно не паважае яго, хутчэй за ўсё, даўно не кахае яго. Асабліва пасьля таго, як ён прымяніў фізычную сілу, як ён яе прыніжаў, зьнішчаў яе ўпэўненасьць у сабе. Складана жыць пры татальным кантролі. Былы муж ходзіць у школу і дзіцячы садок і расказвае, якая яна дрэнная маці.

— Ці зьвязаны празьмерны ціск і кантроль зь яе асаблівасьцю, з тым, што яна ня чуе?

— У Сьвятланы поўная адсутнасьць слыху, а былога мужа часткова слых захаваўся. Яна вельмі добра адаптаваная ў сьвеце людзей, якія чуюць. Яна не можа размаўляць па тэлефоне, але абсалютна нармальна яна кантактуе, працуе. Я бы не сказала, што гэта зьвязана са слыхам. Трывожная маці, яе гіперапека, разьвілі ў ёй комплекс непаўнавартаснасьці. Сьвятлана была пасьпяховая ў вучобе, а ва ўсім астатнім мама думала, што дачка не справіцца.

Яна вельмі шмат чытае, прачытала вельмі шмат кніг па выхаваньні дзяцей, яна ставіць канкрэтныя мэты. І я ня думаю, што муж, які працуе кіроўцам, які ня мае вышэйшай адукацыі, лепей ведае, як выхоўваць дзяцей. У яго проста свая мэта — даказаць, што яна ня зможа без яго.

У іх ёсьць аднапакаёвая кватэра. Сьвятлана магла бы пайсьці жыць туды зь кімсьці зь дачок, ці з дзьвюма дочкамі. 3-пакаёвая кватэра, у якой яны жывуць, — гэта кватэра бацькі мужа. Былы муж і яе маці настройваюць дзяцей, каб тыя не пайшлі з маці, таму што яна ня зможа іх нармальна забясьпечыць і выхаваць. Яны пасеялі сумнеў у дзяцей, бо калі бабуля і тата пра гэта кажуць пераканаўча, то і дзеці баяцца сысьці.

«Мяне лупілі скакалкамі і дратамі за тое, што я не памыла посуд»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:54 0:00

Адзінае, што патрабуюць бабуля і тата ад усіх — дзяцей і Сьвятланы — падпарадкаваньня. І абсалютна не ўлічваецца, што яна — дарослы чалавек, што яна скончыла школу на выдатна, што яна мае вышэйшую адукацыю і працуе малодшай навуковай супрацоўніцай.

Абсалютна ігнаруюцца яе дасягненьні і фіксуецца ўвага на яе слабасьцях і нейкіх недахопах. І яна настолькі спустошаная гэтай сытуацыяй, што, магчыма, і сама пачынае думаць, што яна бездапаможная. І гэта ёй унушаюць увесь час. Сьвятлана разумее, што калі яна сыдзе без дзяцей, то наўрад ці будзе шчасьлівая. А дзеці цяпер ня вераць у яе.

Нікому зь іх не даюць закону выбару. Я памятаю, як я суправаджала Сьвятлану на суд па алімэнтам. Закончыўся суд і былы муж патрабаваў, каб яна села ў яго машыну. Яны разьведзеныя, ён плаціць алімэнты, але ўсё роўна ён працягвае весьці сябе так, нібыта нічога не адбылося. Усе яе патрэбы ігнаруюцца. Гэта несправядліва.

Сьвятлана — інвалід трэцяй групы па слыху. Яна мае права працаваць, яна — не мэнтальны інвалід, а ўсе ставяцца да яе нібыта яна нейкая такая. І чалавек пачынае пэрыядычна ў гэта верыць.

— Якое можа быць выйсьце з гэтай складанай сытуацыі? Ці зможа яна з усяго гэтага вырвацца?

— Ёй патрэбная падтрымка. Былы муж імкнецца яе ізаляваць і пагражае тым, хто аказвае на яе ўплыў. Цяпер ён пагражае нашай арганізацыі. «Зламаю вам храбты», — кажа. Так, як ён паводзіць сябе зь ёй, гэтак жа ён цяпер паводзіць сябе з супрацоўнікамі «Радзіславы». Былы муж ёй пагражае, у выніку яна закрываецца і спыняе кантакты. Ён усё адсочвае. Нават за тое, што яна вам расказала сваю гісторыю, ён яе спрабаваў пакараць.

Вельмі спадзяюся, што ёй хопіць рашучасьці. У яе ёсьць знаёмы, які яе вельмі падтрымлівае, вельмі па-добраму да яе ставіцца. Ён прапаноўвае, каб яны жылі разам. Яна кажа, што бачыць на кантрасьце розьніцу ў адносінах. Я ня ведаю, які выбар яна зробіць у выніку.

***

Пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі МУС адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб процідзеяньні хатняму гвалту». Кіраўнік Беларусі заявіў, што гэта «дурасьць, узятая з Захаду», а там «мужык з мужыком жэніцца, дзяцей няма каму нараджаць». Ён таксама расказаў, што ад яго «часта атрымліваў» старэйшы сын Віктар — цяперашні ягоны памочнік па нацыянальнай бясьпецы.

Сёлета ў ліпені МУС апублікавала на сваім сайце канцэпцыю закону «Аб папярэджаньні гвалту ў сям’і». Новы закон плянавалі прыняць у 2019 годзе. Свае прапановы, якія былі ў канцэпцыі закону, МУС зьбіраецца прапрацоўваць у рамках карэктаваньня заканадаўчых актаў, якія ўжо дзейнічаюць.

Грамадзкае абʼяднаньне «Радзіслава» было створана ў 2002 годзе ў горадзе ў Менску жанчынамі, якія пацярпелі ад гвалту, для аказаньня дапамогі іншым жанчынам, якія патрапілі ў такую ж сытуацыю. Цяпер у ім 30 спальных месцаў. Жанчыны могуць жыць у прытулку ад 1 дня да 1 году. Ім бясплатна прадастаўляецца дапамога псыхолягаў, сацыяльных работнікаў, юрыстаў.

Падпісаць пэтыцыю за прыняньне закону аб процідзеяньні хатняму гвалту можна ТУТ.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG