Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Агрэсар — любы з нас...». Як у Беларусі псыхолягі працуюць з гвалтаўнікамі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі ўжо некалькі гадоў пасьпяхова працуюць карэкцыйныя групы для працы з агрэсарамі, мужчынамі, якія ўжывалі гвалт у сям’і. Праз гэтыя групы прайшлі ўжо некалькі сотняў чалавек. Некаторыя прыйшлі добраахвотна праз усьведамленьне праблемы, некаторых накіравала міліцыя. На сёньня ў Беларусі ёсьць два псыхолягі, якія прафэсійна працуюць з агрэсарамі ў карэкцыйных групах. Адзін зь іх — Раман Кручкоў, паводле якога ўсе мы і агрэсары, і ахвяры гвалту, і сьведкі гвалту ў розныя пэрыяды свайго жыцьця.

«Мы разам стварылі нацыянальную мадэль тэрапіі агрэсіўных мужчын»

— Тэма хатняга гвалту апошнім часам у СМІ гучыць праз гісторыі жанчын, якія сталі ахвярамі гвалту. А вы працуеце з тымі, чый голас звычайна не чуваць — пераважна мужчынамі...

— Я працую і як сямейны псыхоляг. Тэмай хатняга гвалту я стаў цікавіцца з 2010 году, пачаў працаваць па розных мадэлях з мужчынамі-агрэсарамі. Спачатку не было ніякіх распрацовак, іх прыходзілася шукаць, а потым дзякуючы праграмам абмену атрымалася павучыцца ў Швэцыі. Пазьней праз праграмы Фонду народанасельніцтва ААН мяне сталі прыцягваць як экспэрта. Аказалася, што я — адзіны ў краіне экспэрт, які сыстэмна займаўся тэмай хатняга гвалту. Мы стварылі нацыянальную мадэль тэрапіі агрэсіўных мужчын, па якой сёньня і працуем.

Афіцыйна, праўда, яна не прынятая. Вельмі шмат перашкод было. МУС трэба было доўга пераконваць, што гэтая мадэль працуе. Яны выстаўлялі ўмовы, правяралі, і цяпер супрацоўніцтва наладжанае. МУС — адна са структураў, калі не адзіная, якая кроўна зацікаўленая ў тым, каб такая работа вялася, таму што праца па прадухіленьні гвалтоўных адносінаў у краіне практычна не вялася. Цяпер нешта робіцца, і гэта вялікі крок. Гэта ўсе прызнаюць. ​

«Людзям падаецца, што агрэсар — гэта чалавек, у якога рукі ледзь не па локаць у крыві»

— Апошнія месяцы мне даводзілася пачуць восем споведзяў жанчын, якія стала ахвярамі хатняга гвалту. Гэта абсалютна розныя гісторыі. Я пыталася ў жанчын, з чаго пачынаецца гвалт і чаму. Жанчыны па-рознаму тлумачылі — такім чынам мяне выхоўвае, яму не падабалася тое і тое... Пра матывацыю і аргумэнтацыю іншага боку я магла толькі здагадвацца. Вы з гэтай праблемай прафэсійна працуеце ня першы год. Ці можна зрабіць больш-менш тыповы псыхалягічны партрэт агрэсара? Чаму агрэсія ўзьнікае? Ці ўсьведамляюць яе самі агрэсары?

— Заўсёды зьдзіўляе, калі людзям падаецца, што агрэсар — гэта чалавек, у якога рукі ледзь не па локаць у крыві. Насамрэч няма сярэднестатыстычнага партрэту агрэсара. Калі паглыбіцца ў гэтую тэму, то аказваецца, што мы ўсё і агрэсары, і ахвяры гвалту, і сьведкі гвалту ў розныя пэрыяды свайго жыцьця.

Агрэсар — гэта чалавек, які сыстэмна ўжывае сілу ў дачыненьні да іншага чалавека, якога мы пазьней называем ахвярай, які таксама ў многіх выпадках сам сябе не ідэнтыфікуе з ахвярай, як ня дзіўна. І вельмі важны аспэкт, які заўсёды прысутнічае, гэта пэўны ўрон, які агрэсар наносіць ахвяры ўжываньнем сілы. Агрэсар — гэта абсалютна любы чалавек, які адпавядае гэтым крытэрам.

«Агрэсар — патэнцыйна гэта любы з нас, альбо многія з нас у мінулым, а, можа быць, і ў будучыні»

— Людзі, якія прыходзяць да вас на карэкцыйныя праграмы, напэўна, павінны самі сабе задаць пытаньне, чаму гэта пачалося, і вы іх пра гэта пытаецеся. Як пачынаецца агрэсія і чаму?

— Тут цікавая гісторыя, таму што, як правіла, людзі прыходзяць ня дзеля таго, каб працаваць з агрэсіяй. Прынамсі на пачатку было менавіта так. Цяпер людзі сталі больш сьвядомыя. Не дарма ж даю інтэрвію, выступаю дзе толькі магу, удзельнічаю ў розных мерапрыемствах у сыстэме адукацыі, сацыяльнай абароны, МУС. У грамадзтве пачынаюць лепш разьбірацца, што ж такое агрэсія. Але для многіх гэта зьяўляецца яшчэ нейкай невядомай зонай.

— Такім чынам, людзі прыходзяць да вас зь іншым праблемамі, праблемамі ў сямʼі.

— Як правіла, праблема фармулюецца вельмі акругла: «У нас праблема». Я працую ня толькі з мужчынамі, я працую зь семʼямі. Гэта заканамерна, што разам з тэрапэўтычнай працай з парамі, зь семʼямі, псыхоляг павінен весьці тэрапэўтычную працу з агрэсарамі. Я не гавару «з агрэсарамі-мужчынамі», я кажу «увогуле агрэсарамі», таму што ёсьць і жанчыны-агрэсары, натуральна, толькі там некалькі іншая спэцыфіка ўжываньня гвалту.

Калі прыходзяць пары, то гэта добрая прыкмета таго, што ёсьць магчымасьць руху ў слушным кірунку, калі толькі агрэсар не прыйшоў пракантраляваць, куды яна пайшла, што яна гаворыць і як многа яна скажа. Бываюць такія выпадкі, але дастаткова рэдка. Калі прыходзіць такая пара ды псыхоляга, рана ці позна ўзьнікае неабходнасьць проста прабегчыся па сьпісе ці даць адпаведную схему. Ёсьць такое «чырвонае кола ўлады і кантролю», вельмі паказальны інструмэнт, не намі распрацаваны, але намі адаптаваны да нашых рэалій.

Гэта амэрыканскі распрацоўкі, дулуцкая мадэль, калі ў схематычнай форме вельмі дакладна паказаны віды і падвіды гвалту. Гэта вельмі дакладная структура, і часам пытаньні задаваць ня трэба, таму што ў чалавека можа ўключацца нейкі супраціў, у тым ліку ў ахвяры: «Не, са мной гэта не адбываецца, гэта няпраўда». А так проста даеш схему, ці ёсьць у вашым жыцьці нешта падобнае. Яна глядзіць, водзіць ручкай, я потым кажа: «Вось гэта ёсьць, гэта і гэта». З той жа схемай працуе яе муж. І часам яны мяняецца ў твары, глядзяць па-іншаму адзін на аднаго і на тое, што паміж імі адбываецца. І тады можна пачынаць гаварыць увогуле пра гвалт, што гэта такое. Але ня варта стыгматызаваць, што ты — гвалтаўнік, агрэсар, а ты — ахвяра. Мы падыходзім з пункту гледжаньня наяўнасьці праблемы і аказаньня дапамогі такой пары, якая знаходзіцца на дастаткова высокім узроўні ўсьвядомленасьці.

На жаль, калі гаворыць пра праблему гвалту, тая ж міліцыя робіць прывязку да ўжываньня алькаголю людзьмі, у якіх дысфункцыянальныя семʼі, калі алькагалізм і гвалт перадаюцца з пакаленьня ў пакаленьні. Гэта толькі адзін з бакоў мэдаля. Хто такі агрэсар? Агрэсар — гэта патэнцыйна любы з нас, альбо многія з нас у мінулым, а, можа быць, і ў будучыні.

— Любы?

— Так. Тут усё залежыць ад выбару, ад уменьня сябе кантраляваць, ад кантэксту. Калі мужчына сьвядома прыходзіць у карэкцыйную праграму, то ён прыходзіць толькі праз этап матывацыйнага кансультаваньня, калі псыхоляг дакладна разумее, што гэты чалавек курабельны, што зь ім мане сэнс працаваць.

«Сёлета прыходзяць мужчыны ў групы і кажуць: "У мяне праблемы з гвалтам". У 2015-2016 гадах гэтага і блізка не было»

— У канцэпцыі законапраекту аб папярэджаньні хатняга гвалту, ад якой адмовілася МУС, закладалася карэкцыйная праца з агрэсарам. Яна ўжо вядзецца ў Беларусі, але я так разумею, што яна бы стала праводзіцца ў больш шырокіх маштабах, калі б закон прынялі. Ці людзі ідуць цяпер у такія групы добраахвотна праз усьведамленьне праблемы, ці міліцыя, судовыя інстанцыі накіроўваюць у такую групу? Як гэта адбываецца цяпер?

—- Пакуль у асноўным добраахвотна, але ў групы ходзяць і мужчыны, якіх накіравала міліцыя. Гэта вельмі добры, адказны крок з боку органаў унутраных справаў, за што вялікі дзякуй. У прынцыпе, гэта прызнаньне таго, што гэтыя мэтады насамрэч працуюць.

— Колькі праз карэкцыйныя групы, зь якімі вы працуеце, прайшло агрэсараў за ўвесь гэты час?

— Сотні чалавек. І кожны год практычна двухкратны прырост. Сёлета прыходзяць мужчыны ў групы і самі кажуць: «У мяне праблемы з гвалтам». У 2015-2016 гадах гэтага яшчэ і блізка не было. За 2-3 гады быў зроблены вельмі сурʼёзны рывок.

Праблема палягае ў тым, што гэта вельмі цяжкая тэма, і ня кожны спэцыяліст зможа зь ёй працаваць. Патрэбная спэцыяльная падрыхтоўка. Ёсьць высокі ўзровень эмацыйнага выгараньня. Трэба матываваць дадаткова спэцыялістаў, што на сёньняшні дзень ня робіцца. Тыя ж псыхолягі сыстэмы сацыяльнай абароны спрабуюць працаваць у гэтай тэме, дакладней начальства ім дырэктыўна прапаноўвае гэтым займацца. Гэта ня вельмі спрацоўвае. Па-першае, вельмі мала мужчын...

— Мужчын-псыхолягаў?

— Мужчын-псыхолягаў дастаткова, але ўсе зарабляюць грошы. А тут атрымліваецца, што тэма — ня вельмі папулярная, на ёй асабліва не заробіш, магчыма.

«Цэнтры, дзе працуюць з мужчынамі-агрэсарамі, абсталяваныя трывожнай кнопкай»

— Ці гэта праўда, што ў Беларусі ёсьць толькі два спэцыялісты псыхолягі-мужчыны, якія працуюць з мужчынамі-агрэсарамі?

— Так, гэта я і Андрэй Максіменка. Фактычна гэта двое мужчын, але спэцыялістаў больш, канечне. Нават калі ты спэцыяліст, у гэтай тэме разьбіраесься, але працуеш адзін, то далёка не заўсёды будуць добрыя вынікі. Павінна быць выбудаваная сыстэма працы, наладжаныя адносіны з партнэрскімі арганізацыямі — міліцыяй, адвакатурай, пракуратурай, установамі адукацыі, сацыяльна-пэдагагічнымі цэнтрамі. Тут адзін у полі ня воін. І для самога спэцыяліста мала таго, што гэта складаная, стрэсагенная тэма, але яна патэнцыйна можа быць і небясьпечнай. У сусьветнай практыцы цэнтры, дзе працуюць з мужчынамі-агрэсарамі, абсталяваныя трывожнай кнопкай і гэтак далей.

— Ці ў вас яна ёсьць?

— Фармальна яна ёсьць. Карыстацца, на шчасьце, яшчэ не даводзілася.

— Мужчыны ня вельмі ахвотна агучваюць свае праблемы. Для жанчын эмацыйна гэта прасьцей зрабіць, хаця таксама вельмі шмат жанчын маўчаць. З чым гэта зьвязана, што мужчыны менш гавораць? Ці гэта зьменіцца з часам? Бо калі пачынаеш агучваць праблему, то гэта першы крок да яе вырашэньня.

— Гэта так, асабліва калі мы кажам пра гвалт, асабліва з боку чалавека, які цярпіць ад гвалту, з боку ахвяры. Гэта рэальна вялікі крок наперад, калі ахвяра гвалту пачынае гаварыць пра тое, што ў дачыненьні яго ці яе ўжываецца гвалт.

— А калі агрэсар пачынае гаварыць?

Раман Кручкоў
Раман Кручкоў

— З гэтым насамрэч даволі праблематычна. Тэма агрэсіі цяпер вельмі папулярная, гавораць і пішуць усё больш і больш. Журналісты зьвяртаюцца, яны хочуць інтэрвію з агрэсарам, гісторыю. Былі такія спробы, я ўгаворваў мужчын распавесьці пра гэта. Яны расказвалі, але пасьля дастаткова нэгатыўна рэагавалі. У іх вельмі шмат страхаў насамрэч. Гэта вельмі працяглы шлях вырашэньня такой праблемы для самога мужчыны. Ён знаходзіцца ў дастаткова сурʼёзным стрэсе. У 30, 40, 45 гадоў яму даводзіцца вырашаць праблемы з уласным гвалтам, і ён вымушаны ў вельмі сьціслыя, абмежаваныя тэрміны (6-8 месяцаў, да году) падчас наведваньня групавой праграмы пераглядзець практычна ўсе свае перакананьні і каштоўнасьці.

— І гэта атрымліваецца?

— Часта так. Прахадзілі гэтую праграму людзі, якія мелі рэальна сурʼёзныя праблемы з гвалтам, прыводы ў міліцыю, якія часта заканчваліся і крымінальнымі справамі. І гэта часта служыла матывацыяй, калі чалавек палохаўся, што «я магу яе забіць», напрыклад. Чалавек мог хадзіць паўгода, год, праграму закончыў і ўсё роўна працягваў хадзіць. На групе гаварыў: «Калі я сюды прыходжу, то для мяне гэта вялікі рэсурс. Я магу сябе кантраляваць. І жонка кажа, што я моцна зьмяніўся».

«Мужчынскі гвалт — гэта толькі частка гвалту, хаця і асноўная»

— Як выглядае групавая тэрапія?

— Сядзім разам, размаўляем. Гэтыя групы — гамагенныя, там толькі мужчыны. Хаця, на мой погляд, і сусьветная практыка пра гэта сьведчыць, не павінна быць ніякай догмы. Я за тое, каб такога кшталту групы былі бацькоўскія і для жанчын таксама. У гэтым кірунку трэба рухацца, таму што і жанчыны ўжываюць гвалт да тых жа дзяцей, пажылых бацькоў і, як ня дзіўна, да тых жа мужчынаў.

Статыстыка такая, што мужчыны зь вялікім адрывам лідзіруюць паводле колькасьці і цяжкасьці ў гвалце ў дачыненьні да жанчын, але калі мы працуем з гвалтам, то трэба працаваць увогуле з гвалтам. Мужчынскі гвалт — гэта толькі ягоная частка, хаця і асноўная. Трэба прызнаваць, што церпяць часта і мужчыны, можа быць, не ад фізычнага гвалту, а ад псыхаэмацыйнага гвалту, часта ад абясцэньваньня. Але гэта вельмі тонкія рэчы і вельмі непапулярныя. Мы пра гэта толькі пачынаем гаварыць... Пра гэта нельга не гаварыць...

«Сцэнар такі — яна цярпіць ад гвалту, яны разам пʼюць, ён яе бʼе, і а потым яна контратакуе»

Я некалькі месяцаў працую з тэмай хатняга гвалту, і мяне даволі часта пытаюцца, а чаму гэта толькі пра жанчын? Давайце прыклады мужчын, якія пацярпелі ад хатняга гвалту, бо і мужчыны могуць быць ахвярамі. Год таму стала вірусным відэа з брыгадзіркай, якая «выхоўвае» папругай падначаленых хлопцаў. Магчыма, гэта была і інсцэніроўка, але дастаткова высокі ўзровень агрэсіі быў у брыгадзіркі. У якіх выпадках мужчыны найчасьцей становяцца ахвярамі гвалту?

— Гэта шматбаковая праблема. Часам органы ўнутраных справаў накіроўваюць да нас і жанчын-агрэсарак, хаця ёсьць дамоўленасьць, каб дасылалі мужчын, паколькі жанчын я фармальна ў групу ўключыць не магу. Гэта яшчэ адзін плюс да таго, каб такія групы рабіць і для жанчын.

Жанчыны, якіх прысылае міліцыя, часта судзімыя, па гэтай прыкмеце яны трапляюць у поле зроку міліцыі, і ў выніку — псыхоляга. Там сцэнар такі — яна цярпіць ад гвалту, яны разам пʼюць, ён яе бʼе, і а потым яна контратакуе. Гэта ўсім добра знаёма і вельмі небясьпечна для самога агрэсара. Самі міліцыянты ў нефармальнай абстаноўцы кажуць, што вельмі часта гэта прыводзіць да таго, што жанчына, як правіла, бярэ кухонны нож і бʼе ў жыцьцёва важныя органы, і гэта робіцца больш-менш асэнсавана. Рэдка стан афэкту прызнаецца падчас экспэртызы, і жанчына нясе крымінальнае пакараньне.

Калі размова ідзе пра гвалт з боку жанчыны ў дачыненьні да мужчыны, то найчасьцей гэта псыхаэмацыянальны гвалт. Мужчына традыцыйна, асабліва ў такім патрыярхальным асяродзьдзі як нашае ці расейскае, знаходзіцца пад вялізарным ціскам з боку асяродзьдзя, грамадзтва, сямʼі, сваёй партнэркі. Ёсьць дакладныя ўстаноўкі, паводле якіх ён павінен за ўсё галоўнае адказваць, а жанчына адказвае за кухню, дзяцей і царкву, перафразуючы нямецкую прымаўку. Мужчына часта перагружаны гэтымі абавязкамі...

«Жанчына скардзіцца на тое, што муж настойвае на блізкасьці пасьля сварак»

— Маглі б вы распавесьці паказальную гісторыю гвалту, і як зь гэтай праблемы выходзяць...

— Я нейкі мікст прадстаўлю, каб ніхто ня змог сябе пазнаць. Гэтага патрабуе этыка. Даволі нярэдкая сытуацыя, калі мужчына мае другі ці трэці шлюб, у яго ёсьць дзеці ў папярэдніх шлюбах, ён падтрымлівае ці не падтрымлівае зь імі адносіны, і ў сваіх цяперашніх адносінах дэманструе тое самае, што было ў яго папярэдніх адносінах. Пра гэта не здагадваецца яго новая жонка, бо яна ўся ў надзеях, яна ці цяжарная, ці нядаўна нарадзіла. І яна пачынае цьмяна здагадвацца, што нешта ідзе ня так. Ён нібыта і старэйшы за яе, і такі надзейны, і той, каго шукала, на каго нацэліла найперш маці, каб быў мужчына, які зможа цябе ўтрымліваць.

Гэта патрыярхальныя ўстаноўкі. Гэта адносіны першапачаткова нераўнапраўныя, яна істотна маладзейшая за яго, ён яе апякае, ставіцца як да неразумнага дзіцяці. І калі яны прыходзяць вырашаць свае праблемы, яна са зьдзіўленьнем даведваецца, што, аказваецца, тое, што ён робіць, гэта гвалт. І добра, калі ён задумваецца нарэшце пасьля чарговага шлюбу і пры добрым разьвіцьці падзеяў пагаджаецца прыйсьці індывідуальна. Гэта залаты стандарт на сёньняшні дзень — калі ёсьць гвалт, з партнэрамі маюць працаваць розныя спэцыялісты, якія павінны паміж сабой кантактаваць і выстройваць адзіную стратэгію. Адпаведна мужчыну прапаноўваецца ісьці ў групу, і калі ён пагаджаецца, яму прапаноўваецца этап індывідуальных кансультацыяў.

— Які гвалт ён ужывае?

— Вялікі спэктар насамрэч. Далёка не заўсёды гэта фізычны ці сэксуальны гвалт. З апошняга, што нядаўна абмяркоўвалі... Жанчына скардзіцца на тое, што муж настойвае на блізкасьці пасьля сварак. Яна кажа, што яна ня ў сілах яму адмовіць, таму што са свайго боку лічыць лічыць гэта нібыта абавязкам, але яна ад гэтага пакутуе, бо ў гэтыя моманты ён ёй агідны, але ён працягвае настойваць. Калі з мужчынам тэт-а-тэт пачынаеш размаўляць, аказваецца, што гэта норма ў яго сыстэме каштоўнасьцяў. Ён лічыць, што менавіта так пара павінна мірыцца.

Эканамічны гвалт таксама можа прысутнічаць, асабліва калі размова ідзе пра дэкрэт. У нас вельмі нязначная частка мужчын у сілу зразумелых эканамічных прычын карыстаецца правам на дэкрэтны адпачынак. У такіх сытуацыях, калі жанчыны становіцца эканамічна залежная ў часе дэкрэтнага адпачынку, мужчыне, які лічыць, што ён мае права ўжываць гвалт, вельмі цяжка ўтрымацца, таму што ў яго ёсьць такая магчымасьць. Больш за тое, у гэтым нічога страшнага ня бачыць яго бліжэйшае атачэньне і нават грамадзкасьць.

— Я рабіла перадачу пра гвалт у дачыненьні да дзяцей, у якой адна з удзельніц, сама псыхоляг, згадвала, што ў дзяцінстве яе бацькі даволі жорстка білі. І калі яна ўжо стала дарослая і запыталася маці, чаму яна так рабіла, тая адказала, што гэта няпраўда, што яна яе ніколі ня біла. Наколькі часта гэта бывае ў вашай практыцы, калі адбываецца гвалт, а чалавек гэта не ўсьведамляе ці выкрэсьлівае з памяці?

— Я сумняюся, што маці нічога не памятала, найхутчэй яна нават не супастаўляла паняцьці «гвалт» і «біць як выхоўваць». Чаму многія жанчыны доўга церпяць у такіх адносінах, хаця і жорстка пакутуюць? Таму што на каштоўнасным узроўні яны лічаць гэта дапушчальным. Вялікая праблема — атрымаць мужчыну на карэкцыйную праграму, і вялікая праблема, каб ягоная партнэрка таксама карысталася паслугамі псыхолягаў.

«Як толькі зьявіцца фінансаваньне, будуць стаяць у чарзе спэцыялісты дастаткова высокага ўзроўню»

— Калі бы закон аб папярэджаньні хатняга гвалту быў прыняты, як бы ён дапамог у вашай працы з агрэсарамі?

— Такая праца павінна весьціся паўсюдна, прычым павінна сурʼёзна фінансавацца. Павінна існаваць каманда карэкцыйнай праграмы, а не адзін мужчына-псыхоляг. У ідэале гэта павінны быць вядучыя групы — мужчына і жанчына. Акрамя таго патрэбныя спэцыялісты па сацыяльнай працы, у дзяржаўных установах, у НДА. У нас, на жаль, іх вельмі мала, нават тых, хто працуе з жанчынамі. Як толькі зьявіцца фінансаваньне, будуць стаяць у чарзе спэцыялісты дастаткова высокага ўзроўню. На сёньня такая праца — доля энтузіястаў усё яшчэ. Але ўсё новае пачынаецца зь нечага такога.

— Які ваш прагноз, ці будзе паступова згорнутая гэтая праца пасьля ўсіх гучных заяваў наконт закону аб хатнім гвалце?

— Рэакцыі гучалі вельмі эмацыйныя. Мне вельмі шкада было гэта пачуць. Цяпер, калі эмоцыі сьціхлі, я лічу, што прагрэс не спыніць. Ёсьць сацыяльны запыт на гэта... Калі прааналізаваць статыстыку, то мужчыны ў асноўным выступаюць агрэсарамі, жанчыны і дзеці — ахвярамі. Але трэба гаварыць увогуле пра праблему гвалту ў грамадзтве, пра ўзровень гвалту. Трэба працаваць і з мужчынамі, і з жанчынамі, якія ўжываюць гвалт. Гвалтоўныя паводзіны ўключаныя ў адно кола. Ёсьць такі слайд, які я часта выкарыстоўваю на прэзэнтацыях, калі некалькі мужчын розных узростаў бягуць адзін за адным вакол стала. Гэта маленькі хлопчык, падлетак, малады чалавек і сталы мужчыны. І сталы мужчына гоніць маленькага хлопчыка папругай. Гэта замкнёнае кола. Мне бы не хацелася, каб мужчынскія, жаночыя рухі радыкалізаваліся, замыкаліся. Трэба супрацоўнічаць, трэба гаварыць пра гвалт увогуле.

«Калі кажуць, што ў нас абсалютна іншая мэнтальнасьць, я нават злуюся»

— Вы казалі, што кожны можа быць агрэсарам у мінулым ці ў будучыні. Сапраўды кожны?

— Так.

— І вы самі?

— І я сам. Магчыма таму я іх добра разумею.

Пэрформанс супраць хатняга гвалту ў Расеі.
Пэрформанс супраць хатняга гвалту ў Расеі.

— Праціўнікі законапраекту аб хатні гвалце гаварылі ў тым ліку пра славянскія каштоўнасьці. Швэдзкі агрэсар ці гвалтаўнік і беларускі — ці адрозьніваюцца яны?

— Мой першы досьвед працы з мужчынам-агрэсарам быў як раз у Швэцыі падчас азнаямляльнай паездкі. Была магчымасьць экскурсіі ў крызісны цэнтар для мужчын, і праз перакладчыка я меў магчымасьць правесьці інтэрвію са швэдам, які зьбіў новага бойфрэнда сваёй жонкі. Супраць яго завялі крымінальную справу, тым ня менш ён прыйшоў на праграму для мужчын.

Калі кажуць, што ў нас абсалютна іншая мэнтальнасьць, я нават злуюся. Я прашу патлумачыць, у чым яна іншая, і далей размова не ідзе, таму што тыя паводзіны, якія дэманструе мужчына, які ўжывае гвалт у ЗША, Швэцыі, Вялікабрытаніі, Расеі і Беларусі, гэта насамрэч адно і тое ж. Розьніца вельмі нязначная, статыстычна нікчэмная.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG