Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сама сабе закрывала рот, каб ня чулі суседзі». Споведзь ахвяры гвалту і тлумачэньне псыхоляга


Ілюстрацыйнае фота

У 23-гадовай Алены на целе шмат тату — такім чынам яна спрабуе замаскаваць шрамы на сваім целе. Яшчэ адна споведзь жанчыны, якая атрымала дапамогу ў прытулку для ахвяраў хатняга гвалту «Радзіслава», а таксама камэнтар псыхоляга, чаму важна адрозьніваць канфлікт і гвалт у сям’і.

«Спачатку агрэсарам быў бацька, потым брат»

— Я жыла ў «Радзіславе» ў 2017 годзе некалькі месяцаў. Мне 23 гады. У сытуацыі гвалту я знаходжуся дастаткова даўно. Спачатку агрэсарам быў бацька, потым брат. Брат жорстка мяне біў, калі я жыла разам зь ім і маці. Маці была на яго баку. Ён, бывала, хапаў нажы, а калі я спрабавала пазваніць у міліцыю, зьвярнуцца па дапамогу, пачынала крычаць, то адцягваў мяне за валасы ў пакой. Мог забраць мабільны тэлефон і пайсьці з кватэры, зачыніўшы дзьверы. Часам я сама сабе закрывала рот, каб не крычаць, каб ня чулі суседзі.

«Часам сама сабе закрывала вусны, каб не крычаць, каб ня чулі суседзі»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:04 0:00

У мяне была нейкая супярэчнасьць. З аднаго боку, я прасіла дапамогі, а з другога боку, я і ўцякала ад яе. Ён біў мяне найчасьцей рукамі і нагамі, але бывала, што хапаў нажы, палкі. Калі я ішла з кватэры на працу, на вучобу, ён проста зычыў мне не вяртацца, ужываў ненарматыўную лексыку. Маці была цалкам на ягоным баку. Яна гаварыла і працягвае гаварыць, што гэта я правакую яго на скандалы, што я перабольшваю ўсё, і таму ён нэгатыўна да мяне ставіцца.

Я ўцякла з дому да старэйшай сястры, але там таксама трапіла ў нялепшую сытуацыю. Яе муж пачаў агрэсіўна паводзіць сябе ў дачыненьні мяне. Ён пʼе, і калі напіваўся, крычаў на мяне, абвінавачваў у крадзяжы ягоных дакумэнтаў, мабільнага тэлефона. Не даваў начамі спаць, прымушаў сядзець зь ім у пакоі, задаваў пытаньні інтымнага характару. Мне не было куды падацца, але я прыняла рашэньне пайсьці...

Так я прыйшла ў «Радзіславу». Тут я пражыла некалькі месяцаў і дагэтуль працягваю атрымліваць дапамогу. Працую індывідуальна з псыхолягам і хаджу сюды на псыхатэрапэўтычную групу.

Мне дазволіла пажыць яшчэ адна сястра, якая зьехала ў іншы горад. Я паспрабавала мінімізаваць кантакты з братам і маці, але дагэтуль усё працягваецца на адлегласьці. Мама з братам жывуць у прыгарадзе сталіцы, часам брату трэба начаваць у Менску, і маці, ведаючы, што я жыву ў кватэры ў сястры, патрабуе, каб я прыняла ў сябе брата, які мяне зьбівае і давёў да спробы суіцыду. Я адмаўляюся катэгарычна. З боку маці пачынаецца нэгатыў.

Аднойчы я яго пусьціла, сказала, што гэта апошні раз, і ён стаў крычаць матам, што я жывёліна, што мне трэба ў псыхушцы пажыцьцёва знаходзіцца. Брат адмаўляў, што калі-небудзь мяне біў. Калі я згадала пра тыя выпадкі, калі ён біў мяне амаль штодня, за яго ўступалася маці, яна крычала, што я раблю з мухі слана. «Калі ён у цябе пераначуе, нічога з табой не адбудзецца», казала яна.

«Я з 9 гадоў пачала гаварыць пра сьмерць»

— Вы казалі, што бацька і брат вас зьбівалі. Зь якога ўзросту і як гэта пачыналася?

— Бацька таксама піў, не працаваў, прадаваў дзіцячыя рэчы. На фоне гэтага ў яго ўзьнікалі з маці жудасныя скандалы. Плюс даўгі за кватэру. У мяне пачаліся праблемы з паводзінамі. Я з 9 гадоў пачала гаварыць пра сьмерць. Калі мне было 11 гадоў, бацька памёр. Мае паводзіны крыху нармалізаваліся. Мы з братам прыблізна аднаго ўзросту. Ён шмат што ўзяў ад бацькі, крадзе кішэнныя грошы, завушніцы. Адна з прычын, чаму ўзьнікаюць скандалы, гэта калі я бачу, што нешта прапала, і я разумею, што ніхто, акрамя яго, ня возьме...

Пачалося гэта ў падлеткавым узросьце і працягваецца дагэтуль. Брат высокі, моцны і вельмі агрэсіўны. У яго агрэсія пры кантактах з людзьмі адразу відаць. Калі нешта яму не падабаецца, ён сьціскае кулакі, стрымліваецца, але зрываецца толькі на мне.

— Ці вы спрабавалі скардзіцца, зьвяртацца па дапамогу?

— Я расказвала сястры. Яна пагражала яму міліцыяй, але толькі на словах. З маці гаварыць бессэнсоўна. Брат душыў мяне рукамі, падушкай, поясам ад халату. Мне было вельмі страшна.

Я паступіла вучыцца. Брат дагэтуль не працуе, на шыі сядзіць. Гэта таксама адна з прычынаў спрэчак, якія перарастаюць у зьбіваньне: што ён не працуе, ня вучыцца і не зьбіраецца працаваць. Маці не працуе таксама. Выходзіць, што я іх павінна ўтрымліваць. Я працую ў стаматалягічнай паліклініцы і яшчэ вучуся на псыхоляга на 3-м курсе. Раней я закончыла мэдычны каледж. У каледжы аднагрупнікі на занятках бачылі мае сінякі і казалі: «Здаецца, цябе б'юць». Я ўсё адмаўляла, бо мне было вельмі сорамна.

— Калі прынялі рашэньне, што ўжо ня сорамна?

— Я шукала чалавека, які працуе ў крызісным пакоі, у выніку мне дапамагла псыхоляг з «Гендэрных пэрспэктыў» (яна не працуе ў «Радзіславе», але знаёмая з супрацоўнікамі арганізацыі). Яна дапамагла трапіць сюды.

«У мяне сурʼёзныя наступствы перажытага гвалту — псыхічнае расстройства»

— Ці ёсьць у вас мара? У якой сямʼі вы хацелі б жыць?

— Я хачу мужа, які б мяне кахаў, зь якім я буду адчуваць сябе ў бясьпецы, які прыме маю гісторыю. У мяне ёсьць вельмі сурʼёзныя наступствы перажытага гвалту — псыхічнае расстройства. Я рэжу сваё цела. У мяне ёсьць псыхічны дыягназ — памежнае расстройства асобы. Вядома, мне цяжка. Я ўвесь час хаджу на мяжы. Бывае, што накрываюць афэкты, і я прычыняю сабе значную шкоду. І ня толькі парэзамі.

Я хачу, зразумела, сямʼю, але каб муж, мужчына, партнэр прыняў маю гісторыю, прыняў маё парэзанае цела. Частка шрамаў перакрытыя тату, а частка застаецца пакалечанай. Хачу дваіх дзяцей. Хачу самарэалізавацца да канца, рэалізаваць сябе ў карʼеры.

— Што дактары кажуць, ці вашае псыхічнае расстройства можа прайсьці?

— Можа прайсьці, але для гэтага спатрэбяцца гады. Я прымаю лекі, дастаткова дарагія. Іх доўга трэба прымаць у маім выпадку. І патрабуецца шмат працы над сабой, зь лекарамі, з псыхолягамі. Зразумела, трэба дыстанцыявацца максымальна ад сямʼі. Пры спрыяльных абставінах магчыма паправіцца, патрэбна жаданьне і вялікая працяглая праца. Цяпер я прыходжу ў «Радзіславу» працаваць з псыхолягам, таксама я дапамагаю жанчынам тут.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У мяне тату — мэталічная рука, у яе ўкладзеная кветка. На плячы невялікае дрэва, на левай назе крыху вышэй за калена — джокер. Джокер і дрэва не перакрываюць шрамы. На назе ёсьць шрам, які напэўна перакрыць будзе вельмі цяжка, практычна немагчыма. Мне заўсёды падабаліся тату.

«У сямʼі толькі Алена гаворыць пра тое, што адбываецца гвалт. Ніхто зь іншых членаў сямʼі ня лічыць гэта жахлівым»

Псыхоляг «Радзіславы» Вольга Казак працавала з Аленай, калі тая зьвярнулася па дапамогу ў студзені 2017 году. Маладая жанчына дагэтуль працягвае наведваць групавыя і індывідуальныя сэансы псыхатэрапіі.

Вольга Казак
Вольга Казак

— Гэта такая складаная сямʼя, у якой толькі адна Алена гаворыць пра тое, што адбывалася і адбываецца ў ёй дагэтуль. Ніхто зь іншых членаў сямʼі ня лічыць гэта жахлівым. І дагэтуль яны яе крытыкуюць і асуджаюць, калі яна ўголас гаворыць пра гвалт. Яе родныя настойваюць, што ў іх сямʼі нічога падобнага не адбывалася і не адбываецца. Алена дагэтуль ня можна знайсьці ўзаемапаразуменьне ў сваёй сямʼі. І нават любімыя сёстры, зь якімі яна падтрымлівае адносіны, яе асуджаюць.

Мне сумна з гэтай прычыны, бо яна адзінокая, яе дагэтуль не зразумелі дома, яе крытыкуюць, і гэта яе прыводзіць у адчай. Вельмі цяжка, калі дзеўчына зь дзяцінства спазнае гвалт. Тады гвалт яе як бы перасьледуе. У дзяцінстве гэта быў бацька, які злоўжываў алькаголем, не працаваў. Можна сказаць, што ў сямʼі было жорсткае абыходжаньне зь дзецьмі, яны былі пазбаўленыя элемэнтарных рэчаў — ежы, адзеньня па сэзону. Калі і была нейкая вопратка, то бацька яе прадаваў, каб купіць сабе бутэльку. Алена расказвала пра тое, што яна часам прасіла маці, каб тая купіла бацьку сьпіртное, каб дома не было скандалаў, таму што скандалы былі ўвесь час, калі бацька патрабаваў у маці выпіць.

Гэтаксама жыве старэйшая сястра Алены. Яна не зьбіраецца разводзіцца са сваім мужам, які, акрамя таго, што так сябе паводзіць у дачыненьні жонкі, яшчэ і праяўляе агрэсію да Алены. Мы зь ёй працавала ў такім кірунку, каб яна мінімізавала кантакты з гэтымі людзьмі, каб яна менш адчувала агрэсію, менш траўмавалася. І мы бачым праз год істотныя перамены.

Алена вельмі шмат умее і ведае. Яна вельмі дапытлівая, шмат усім дапамагае, яе ўсё цікавіць, яна багата чытае. Яна рыхтуецца стаць псыхолягам, ходзіць на нашы курсы па «тэлефоне даверу» і думае, што пазьней будзе дапамагаць такім жа, як яна, пацярпелым ад хатняга гвалту.

«І цяпер агрэсія, якой забаронена выйсьці вонкі, ёсьць да самой сабе»

Я вельмі спадзяюся, што, крыху ўстаўшы на ногі, яна зможа сама здымаць жытло, і тады да яе ня будзе грукацца брат, які дагэтуль можа нешта скрасьці ў доме, прынізіць яе, і тады вяртаюцца ўсе перажываньні. Тое, што яна дагэтуль траўмуе сябе нейкім чынам, зьвязана з тым, што ў доме была забароненыя такія эмоцыі, як агрэсія ў адказ. Нельга было абараняцца. Калі ж парушаюць твае правы, напэўна нармальная, здаровая, дабраякасная агрэсія не перашкодзіла б сказаць: «Не, са мной так нельга, не падыходзь да мяне, не рабі гэтага са мной». Гэта дома забаранялася, і таму праяўлялі сябе рэкетныя пачуцьці. Ёсьць такое паняцьце ў псыхалёгіі, калі дазвалялася рабіць выгляд, што ўсё ў парадку.

Алена казала пра тое, што ў іх доме не дазвалялася нават радавацца. «Чаму радуесься, чаму сьмяесься? Плакаць будзеш потым». І напэўна, калі Алена плакала, ёй таксама забаранялі гэта рабіць: «Што ты робіш выгляд, што табе горш за іншых, што табе дрэнна». Забаранялася праяўленьне любых эмоцый, таму яны вельмі доўга душыліся. І цяпер гэтая агрэсія, якой забаронена выйсьці вонкі, прысутнічае да самой сабе. Яна нібыта дагэтуль адчувае сябе вінаватай у тым, што адбывалася і адбываецца ў сямʼі. Яна лічыць, што, каб яна была іншай, да яе было б іншае стаўленьне.

— Калі яна зможа жыць самастойна, не ў сястры, цалкам спыніць траўматычныя кантакты зь сямʼёй, ці яна зможа цалкам аднавіцца, ці перастане сябе шкодзіць?

— Я вельмі спадзяюся. Ёсьць шмат складнікаў, якія залежаць ня толькі ад яе, а залежаць ад яе атачэньня. Алена не зьбіраецца пазьбягаць кантактаў зь сямʼёй цалкам, яна любіць сёстраў, вельмі любіць маму. І яна б хацела працягваць зносіны, але праца вядзецца яшчэ таму, што найхутчэй родныя будуць мяняцца, мяняць стаўленьне да яе, да саміх сябе. Гэтыя перамены будуць адбывацца вельмі павольна. Алена вельмі шмат працуе, ходзіць на групавую тэрапію, індывідуальна працуе, трэнінгі наведвае. Я думаю, што гэтыя перамены будуць, калі ў яе зьявіцца ўласнае жыцьцё. Яна ўжо гаворыць «не». Гэта важна. Яе стан будзе паляпшацца.

«Яны ня могуць адрозьніць, што такое хатні гвалт, а што такое канфлікт у сямʼі»

— Вы сказалі, што будуць мяняцца яе блізкія. Ці ёсьць такая магчымасьць, каб яны прайшлі тэрапію, пагутарылі з псыхолягамі?

— На жаль, яны адмаўляюць усё. Гэта мэханізм псыхалягічнай абароны — адмаўленьне праблемы. У іх няма такой праблемы, яны не гатовыя пра гэта гаварыць, яны моцна абараняюцца. Магчыма, калі яны заўважыць посьпехі Алены, тады нешта адбудзецца, прынамсі зь сёстрамі ці сястрой.

— Калі б быў прыняты закон аб папярэджаньні хатняга гвалту, калі б пра яго было шырока вядома... Мы гаворым пра гіпатэтычныя рэчы, бо гвалт ужо адбыўся, але калі б ён быў, што магло скласьціся па-іншаму?

— Калі ёсьць закон, мяняецца сьвядомасьць людзей. Праблема прызнаная. Дагэтуль атрымліваецца, што праблемы няма. Вельмі многія нават спэцыялісты пра гэта ня ведаюць, не кажучы пра абываталяў. Шмат спэцыялістаў — псыхолягі, мэдычныя работнікі, супрацоўнікі сыстэмы адукацыі — ня вельмі ў тэме. Найбольш пра гэта ведае міліцыя, таму што іх выклікаюць на такія здарэньні. І калі яны ня ў тэме, калі яны ня могуць адрозьніць, што такое хатні гвалт, а што такое канфлікт у сямʼі, то дагэтуль гэта будзе называцца так, як гэта называецца ў міліцыі, — скандал, канфлікт.

А гэта не канфлікт, гэта сыстэматычны гвалт, які паўтараецца, які пачашчаецца, узмацняецца і сам па сабе не праходзіць. Хацелася б, каб пра гэта ведалі людзі.

***

Пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі МУС адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб процідзеяньні хатняму гвалту». Кіраўнік Беларусі заявіў, што гэта «дурасьць, узятая з Захаду», а там «мужык з мужыком жэніцца, дзяцей няма каму нараджаць». Ён таксама расказаў, што ад яго «часта атрымліваў» старэйшы сын Віктар — цяперашні ягоны памочнік па нацыянальнай бясьпецы.

Сёлета ў ліпені МУС апублікавала на сваім сайце канцэпцыю закону «Аб папярэджаньні гвалту ў сям’і». Новы закон плянавалі прыняць у 2019 годзе. Свае прапановы, якія былі ў канцэпцыі закону, МУС зьбіраецца прапрацоўваць у рамках карэктаваньня заканадаўчых актаў, якія ўжо дзейнічаюць.

Грамадзкае абʼяднаньне «Радзіслава» было створана ў 2002 годзе ў горадзе ў Менску жанчынамі, якія пацярпелі ад гвалту, для аказаньня дапамогі іншым жанчынам, якія патрапілі ў такую ж сытуацыю. Цяпер у ім 30 спальных месцаў. Жанчыны могуць жыць у прытулку ад 1 дня да 1 году. Ім бясплатна прадастаўляецца дапамога псыхолягаў, сацыяльных работнікаў, юрыстаў.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG