Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 8 гадоў турмы пагражае віцябляніну, які зьбіў сына і жонку

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота

У Віцебску Сьледчы камітэт завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы супраць мужчыны, які ў жніўні зьбіў жонку і 4-гадовага сына. Хлопчык пасьля гэтага начаваў у падʼезьдзе.

Мужчыну абвінавачваюць у:

  • наўмысным прычыненьні цяжкага цялеснага пашкоджаньня (ч. 1 арт. 147);
  • катаваньнях (ч. 1 і 2 арт. 154);
  • прычыненьні менш цяжкага цялеснага пашкоджаньня па неасьцярожнасьці (арт. 155);
  • пакіданьні ў небясьпецы (ч. 3 арт. 159);
  • пагрозы забойствам (арт. 186).

Мужчыне максымальна пагражае да 8 гадоў пазбаўленьня волі.

У жніўні жыхар Віцебску зьбіў жонку. Тая сышла з дому, пакінуўшы дзіця з бацькам. Мужчына піў далей, а пасьля зьбіў сына і выгнаў яго з кватэры. Як паведамлялі ў Сьледчым камітэце, у 2016 годзе дзіця забралі ад бацькоў, бо прызналі, што хлопчык знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы. У 2017 годзе яго вярнулі ў сямʼю.

Як караюць за хатні гвалт у Беларусі?

У Беларусі няма мэханізму прадухіленьня хатняга гвалту, ёсьць толькі пакараньні за фактычна ўчынены гвалт. Канстытуцыя Беларусі гарантуе права на прыватнае жыцьцё, недатыкальнасьць, абарону гонару і годнасьці.

Паводле МУС, у 2019 годзе ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек і 4,5 тысячы хатніх скандалістаў сёлета прымусова адселеныя ад сям’і.

Пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі ў 2018 годзе, які расказаў, што сам біў свайго сына, Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту».

У канцэпцыі таго законапраекту:

  • Даваліся азначэньні хатняга гвалту і крыўдзіцеля;
  • Уводзілася працэдура ацэнкі рызыкі — вызначэньня верагоднасьці паўторнага нанясеньня шкоды жыцьцю ці здароўю пацярпелага;
  • Прадугледжвалася ўжываньне так званага абарончага прадпісаньня, якое абмяжоўвае дзеяньні агрэсара на час ад 3 да 30 сутак.

Для ахвяраў хатняга гвалту дзейнічае «гарачая лінія» па нумары тэлефона 8 801 100-8-801.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG