Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4,5 тысячы хатніх скандалістаў сёлета прымусова адселеныя ад сям’і


Хатні гвалт. Ілюстрацыя Ірыны Пуставалавай
Хатні гвалт. Ілюстрацыя Ірыны Пуставалавай

У бліжэйшай пэрспэктыве гаворкі пра падрыхтоўку законапраекту аб процідзеяньні хатняму гвалту не ідзе. У заканадаўстве зьявіліся паняцьці афіцыйнага папярэджаньня, прафіляктычнага ўліку, ахоўнага прадпісаньня сямейным скандалістам.

Аднак калі муж і жонка ў разводзе, але жывуць у адной кватэры, то ў выпадку канфліктнай сытуацыі дзеяньне закону на іх не распаўсюджваецца.

Што працуе і што не працуе ў заканадаўстве аб хатнім гвалце?

Былыя муж і жонка, якія жывуць у адной кватэры, часьцяком становяцца агрэсарам і ахвярай

Паводле закону, да злачынстваў у сфэры сямейнага гвалту адносяцца толькі тыя дзеяньні, што адбываюцца паміж чальцамі сям’і, якія сумесна пражываюць і вядуць агульную гаспадарку, тлумачыць начальнік упраўленьня прафіляктыкі Міністэрства ўнутраных спраў Алег Каразей.

«Калі ж муж і жонка ў разводзе, але працягваюць жыць у адной кватэры, сумесную гаспадарку не вядуць, з пункту гледжаньня заканадаўства яны не зьяўляюцца сваякамі, яны адзін аднаму ніхто. Але было б правільна дзеяньні закону на такіх людзей распаўсюдзіць, каб аказваць ім дапамогу», — кажа начальнік упраўленьня прафіляктыкі Міністэрства ўнутраных спраў Алег Каразей.

Палкоўнік міліцыі прывёў у прыклад трагічны выпадак, што здарыўся ў Гомельскай вобласьці. Летась у красавіку жанчына зьвярнулася з нагоды гвалту з боку былога мужа, склалі пратакол паводле артыкула 9.1 Адміністрацыйна-працэсуальнага кодэксу. У верасьні яна зноў зьвярнулася ў міліцыю — былы муж пагражаў ёй забойствам. Але сьледчы ня мог прымяніць да мужчыны меру стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту, бо з пункту гледжаньня закону максымальнае пакараньне, якое пагражала гвалтаўніку, — 2 гады пазбаўленьня волі. Таму ахвяра і агрэсар працягвалі жыць у адной кватэры. Урэшце здарылася непапраўнае: мужчына выкінуў былую жонку з вакна, яна загінула.

Не ахвяра гвалту ўцякае з дому, а агрэсар шукае, дзе яму пераначаваць

У 2014 годзе з ініцыятывы МУС заканадаўства было дапоўнена нормай «Афіцыйнае прадпісаньне». Як кажа начальнік упраўленьня прафіляктыкі Міністэрства ўнутраных спраў Алег Каразей, тады гэтую норму замацавалі зь цяжкасьцю, было шмат пярэчаньняў: «Як можна высяляць чалавека з дому, гэта вельмі жорсткі захад, умяшаньне ў справы сям’і...».

Аднак, на яго думку, у пэўнай сытуацыі, калі жыцьцю чалавека пагражаюць, міліцыя абавязаная ўмяшацца і абараніць таго, хто пакутуе ад гвалту.

Толькі сёлета за 7 месяцаў вынесена каля 4,5 тысячы ахоўных прадпісаньняў. Прычым больш за 90% зь іх зьвязаныя з прымушэньнем асобы, якая ўчыніла гвалт у сям’і, пакінуць жылое памяшканьне, дзе сям’я сумесна пражывае. Законам прадугледжаныя і тэрміны часовага адсяленьня — ад 3 да 30 сутак.

«То бок мы не прымушаем ахвяру ісьці шукаць дапамогі да сваякоў ці ісьці ў крызісныя цэнтры. Мы кажам, што чалавек, які зьдзейсьніў гвалт, сам павінен думаць, дзе ён будзе пражываць ад 3 да 30 дзён (менавіта на такія тэрміны выносяць рашэньні аб высяленьні з жылога памяшканьня).

Таксама заканадаўствам прадугледжана, што ён можа зьвярнуцца ў райвыканкам (у кожным раёне адмыслова выдзеленыя месцы ў інтэрнатах, гатэлях, дзе можна пераначаваць, у тым ліку і за плату», — кажа Алег Каразей.

Зь мінулага году ўстаноўлена адміністрацыйная адказнасьць за парушэньне ахоўнага прадпісаньня — да 15 сутак арышту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG