Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі сёлета ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

83% такіх злачынстваў учыняюцца ў стане алькагольнага ап’яненьня. Яшчэ больш жахлівых лічбаў назваў на прэсавай канфэрэнцыі начальнік упраўленьня прафіляктыкі Міністэрства ўнутраных справаў Алег Каразей.

7 ліпеня МУС падводзіць вынікі адмысловага комплекснага мерапрыемства «Побыт». Яно было прысьвечанае прафіляктыцы хатняга гвалту і праходзіла па ўсёй краіне.

Па выніках 7 месяцаў 2019 году адбылося 120 злачынстваў на побытавай глебе з прычыненьнем цяжкіх цялесных пашкоджаньняў. 55 чалавек загінулі ад рук тых, з кім яны жывуць і вядуць сумесную гаспадарку (для параўнаньня — летась за аналягічны пэрыяд загінулі 48 чалавек), — сказаў Каразей, адзначыўшы, што раней колькасьць такіх злачынстваў зьніжалася.

У сярэднім каля 100 грамадзян у год гіне ад рук гвалтаўнікоў, зь якімі пражываюць ахвяры.

«Цягам 10 гадоў было зьніжэньне. Мы спакойна ставімся да статыстыкі, нам не патрэбная гонка за паказьнікамі. Але 100 ахвяраў у год — гэта шмат», — дадаў Алег Каразей.

На прафіляктычным уліку — больш за 8 тысяч грамадзян. Гэта ўжо рэцыдывісты

У год рэгіструецца 50 тысяч адміністрацыйных правапарушэньняў на сямейна-бытавой глебе. Аднак на прафіляктычным уліку стаіць каля 8 тысяч грамадзян, якія схільныя да бытавых скандалаў і злачынстваў. Гэта тыя, хто ўжо другі раз прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці за гвалт у сям’і. Першы раз міліцыя выносіць толькі папярэджаньне. А зьвяртаецца ў міліцыю па дапамогу каля 100 тысяч у год. У палове такіх выпадкаў крымінальныя ці адміністрацыйныя справы не заводзяцца.

80% сямейных гвалтаўнікоў — мужчыны

Зьдзяйсьняюць злачынствы мужчыны (80%) і жанчыны (20%).

«Але калі мы аналізуем статыстыку забойстваў і прычыненьня цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, то жанчыны зьдзяйсьняюць кожнае трэцяе злачынства. Справа ў тым, што жанчына спачатку пакутуе ад папрокаў, прыніжэньняў. Потым зьбіцьцё, цярпеньне сканчаецца, а паколькі фізычна яна слабейшая, яна бярэ нож і наносіць удар, які будзе кваліфікаваны як цяжкае цялеснае пашкоджаньне альбо нават забойства», — кажа Каразей.

Аднак ахвяраў прыкладна пароўну — і мужчын, і жанчын, бо мужчыны таксама церпяць ад хатняга гвалту.

83% злачынстваў зьдзейсьнена ў стане алькагольнага ап’яненьня

«Алькаголь — не прычына, а хутчэй каталізатар», — кажа Каразей. — Наступныя прычыны — рэўнасьць, фінансавыя праблемы, жаданьне паказаць, хто ў доме гаспадар. Сам факт ужываньня алькаголю, вядома ж, уплывае на паводзіны, прыводзіць да гвалту. Але звычайна ў такіх сем’ях ненармальна выбудаваныя сямейныя адносіны. Мужчына хоча быць лідэрам, лічыць, што валодае пэўнымі правамі ў дачыненьні да жонкі», — тлумачыць палкоўнік міліцыі.

На вёсцы хатніх тыранаў удвая больш, чым у горадзе

Бальшыня злачынстваў, зьвязаных зь сямейным гвалтам, зьдзяйсьняецца ў сельскай мясцовасьці. У вёсцы амаль у 2 разы больш, чым у горадзе.

«У вёсцы, на жаль, ёсьць праблема з занятасьцю, шмат мужчын ня хочуць працаваць, у іх праблемы з алькаголем, яны вядуць дармаедзкі лад жыцьця, вымагаюць грошы ў старых бацькоў. Паводле статыстыкі, людзі з вышэйшай адукацыяй, з вышэйшым сацыяльным статусам зьдзяйсьняюць менш злачынстваў у сям’і», — кажа Алег Каразей.

Летась 80 дзяцей пацярпелі ад злачынстваў сэксуальнага характару

Дзеці пакутуюць, калі робяцца сьведкамі хатняга гвалту ў дачыненьні да членаў сям’і, а таксама самі часта аказваюцца аб’ектамі хатняга гвалту.

«На жаль, амаль усе злачынствы ў адносінах да дзяцей — альбо згвалтаваньне, альбо злачынствы сэксуальнага характару. Больш за 80 дзетак пацярпелі летась ад такога кшталту злачынстваў. Зьдзяйсьняюць іх і бацькі, і сужыцелі. Але тут вельмі вялікая лятэнтнасьць, часам цяжка выявіць такія факты», — кажа Каразей.

Пытаньне аб прыняцьці асобнага закону аб хатнім гвалце пакуль не стаіць

Год таму МУС апублікаваў канцэпцыю закону аб хатнім гвалце. Яна выклікала дыскусію ў грамадзтве і супраціў прадстаўнікоў рэлігійных арганізацый. Пазьней Аляксандар Лукашэнка рэзка выказаўся супраць закону аб хатнім гвалце, і ад далейшай распрацоўкі закону вырашана было адмовіцца.

На думку Алега Каразея, заканадаўства дынамічна разьвіваецца. Ужо ёсьць і паняцьці афіцыйнага папярэджаньня, прафіляктычнага ўліку, ахоўнага прадпісаньня — ёсьць цэлы спэктар інструмэнтаў, які дазваляе праваахоўнікам працаваць. Цягам апошніх 10 год колькасьць грамадзянаў, якія загінулі ад гвалту ў сям’і, істотна скарацілася. У 2008 годзе каля 290 грамадзян загінулі ад гвалту ў сям’і, у апошнія гады гаворка ідзе пра 100 чалавек.

«Хоць і гэта страшныя лічбы: 100 чалавек гіне ад рук людзей, зь якімі яны жывуць. Прэзыдэнт сказаў, што магчыма, што ініцыятывы міліцыі могуць быць не ў самастойным законе, а ўкараняцца шляхам інкарпараваньня ў існуючыя законапраекты», — дадаў Каразей.

Такім чынам, пакуль не стаіць пытаньне, каб вярнуцца да асобнага законапраекту аб хатнім гвалце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG