Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС: Ахвярамі пэдафілаў у першай палове 2019 году сталі 353 дзіцяці


Ілюстрацыйнае фота Shutterstock

У Беларусі пачалі выяўляць больш злачынстваў, учыненых пэдафіламі, сказаў журналістам начальнік 2-га галоўнага ўпраўленьня па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС Дзьмітрый Цаюн пасьля канфэрэнцыі, прысьвечанай Усясьветнаму дню барацьбы з гандлем людзьмі, піша БелаПАН.

За першую палову 2019 году 353 дзіцяці сталі ахвярамі пэдафілаў. Гэта на 20 больш, чым за аналягічны пэрыяд летась, сказаў Цаюн.

Камэнтуючы выпадак у Наваполацку, дзе дзьве жанчыны аддавалі малалетніх дачок, каб тых выкарыстоўвалі дзеля вырабу парнаграфічных матэрыялаў, начальнік упраўленьня паведаміў, што ў гэтай крымінальнай справе падазраваны — таксама замежны грамадзянін. Яго затрымалі, плянуецца яго экстрадыцыя ў Беларусь. Паводле слоў Цаюна, з 2013 году выяўленыя чатыры маці, якія гандлявалі сваімі дзецьмі з мэтай сэксуальнай эксплюатацыі.

Цаюн адзначыў, што МУС рыхтуе прапановы аб зьменах у Крымінальны кодэкс, якія ўзмацняюць прафіляктыку пэдафіліі. На сайце ведамства неаднаразова праводзіліся апытаньні грамадзкай думкі пра стаўленьне грамадзян да гэтых прапаноў.

«80–85% апытаных катэгарычна падтрымліваюць гэтыя нашы ініцыятывы», — падкрэсьліў прадстаўнік ведамства.

Цаюн дадаў, што з 2000 году ў краіне выяўлена больш за 13 тыс. злачынстваў у сфэры гандлю людзьмі. Іх ахвярамі сталі 5741 чалавек, у тым ліку 5103 — ахвяры сэксуальнай эксплюатацыі, 635 — працоўнай, у траіх былі забраныя органы і тканкі. Паводле слоў начальніка ўпраўленьня, да 2005 году фіксаваліся сотні злачынстваў у сфэры гандлю людзьмі. Калі заканадаўства зрабілася больш жорсткім, іх колькасьць пайшла на спад. З 2012 году МУС фіксуе ня больш за 8 злачынстваў у год, адзначыў Цаюн.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG