Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка вырашыў не даваць ордэн Маці пазбаўленым бацькоўскіх правоў і хуліганкам


Аляксандар Лукашэнка выдае дзяржаўныя ўзнагароды шматдзетным маці і заслужаным дзеячам розных сфэраў, ілюстрацыйнае фота

Падыходы да ўзнагароджаньня ордэнам Маці ў Беларусі скарэктаваныя ўказам Аляксандра Лукашэнкі, расказвае ягоная прэс-служба. Сам тэкст абноўленага закону яшчэ не апублікаваны.

Як сьцьвярджае прэс-служба кіраўніка дзяржавы, падыход застаўся збольшага старым: ордэн, якім узнагароджваюць жанчын зь пяцьцю дзецьмі, калі пятае дажыло да 1 году, не даюць пры наяўнасьці судзімасьці і «амаральным ладзе жыцьця».

Але цяпер у законе канкрэтызавалі некаторыя пункты, бо, «як паказала практыка», для рашэньня аб узнагародзе неабходная таксама «ацэнка паводзінаў маці, у тым ліку з улікам іх уплыву на дзяцей, захаваньня іхных інтарэсаў». Таму цяпер ордэн ня будуць даваць маці, якія:

  • не зьяўляюцца грамадзянкамі Беларусі;
  • неналежным чынам выконваюць вызначаныя законамі абавязкі ў выхаваньні і ўтрыманьні дзяцей;
  • былі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, нават калі тыя правы аднавілі;
  • усынаўлялі або ўдачаралі дзяцей, але скасавалі ўсынаўленьне/удачарэньне;
  • больш за адзін раз прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньні «супраць грамадкага парадку і грамадзкай маральнасьці» (дробнае хуліганства, прастытуцыя, расьпіваньне сьпіртнога або курэньне ў неналежным месцы, распаўсюд прапаганды гвалту, уцягваньне непаўналетняга ў антыграмадзкія паводзіны і іншае), калі ня скончыўся тэрмін, пасьля якога лічыцца, што чалавек не зазнаваў адміністрацыйнае спагнаньне.

Ці былі нейкія выпадкі, калі ордэн Маці давалі хуліганкам ці прастытуткам, нядбайным маці або грамадзянкам іншых краінаў, не ўдакладняецца.

Таксама цяпер вызначана, што мусіць прайсьці 6 месяцаў ад моманту, калі ўзьнікла права на ордэн (пятаму дзіцяці споўніўся год), да падачы хадайніцтва аб узнагароджаньні. Для тых, хто ўсынаўляў дзяцей, мусіць прайсьці пяць гадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG