Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці бясьпечна ў Беларусі? Толькі 40% беларусаў лічаць, што так


«Людзі ў цывільным» затрымліваюць актывіста Сяргея Спарыша падчас «Акцыі вызваленьня і салідарнасьці» ў Менску, 3 ліпеня 2018 году, ілюстрацыйнае фота
«Людзі ў цывільным» затрымліваюць актывіста Сяргея Спарыша падчас «Акцыі вызваленьня і салідарнасьці» ў Менску, 3 ліпеня 2018 году, ілюстрацыйнае фота

Толькі 8,1% беларусаў гатовыя да актыўна самаабароны. 51,9% проста пазьбягаюць небясьпекі.

Дасьледчы цэнтар ІМП апублікаваў дасьледаваньне (PDF) Дар’і Урбан аб стаўленьні беларусаў да ўласнай бясьпекі.

Злачынстваў сталі рэгістраваць удвая меней

На пачатку дасьледаваньня адзначаецца, што ўзровень зафіксаванай злачыннасьці ў Беларусі падае, з 2007-га па 2017 год колькасьць зарэгістраваных злачынстваў упала больш як удвая.

Таксама ўдвая меней стала зарэгістраваных забойстваў і выпадкаў хуліганства; крадзяжоў меней утрая, рабаваньняў — у пяць разоў. Удвая вырасла колькасьць зарэгістраваных хабарніцтваў.

«Тым ня менш існуе суб'ектыўнае ўяўленьне пра бясьпеку, заснаванае на досьведзе, стэрэатыпах і выхаваньні, — адзначае дасьледчыца. — Акрамя рэгістраванай злачыннасьці, існуюць нерэгістраваныя фактары, якія паніжаюць бясьпеку. Так, напрыклад, расьпіваньне алькаголю ў публічных месцах зьяўляецца адміністрацыйным правапарушэньнем, але распаўсюджанасьць гэтай зьявы ў Беларусі нават пасьля ўвядзеньня адпаведнага закону ўсё яшчэ застаецца досыць высокай».

Што спыталі ў беларусаў

Два асноўныя пытаньні былі:

  • пра злачынствы, зь якімі сутыкаліся самі рэспандэнты і іхныя знаёмыя;
  • пра адчуваньне ўласнай бясьпекі і мэтады самаабароны.

Апыталі каля тысячы чалавек. Але дасьледаваньне прадстаўляецца як «дыскусійны матэрыял». Дасьледчыца сама адзначае: ёсьць розьніца ў колькасьці зарэгістраваных злачынстваў на душу насельніцтва па розных абласьцях і раёнах, але па ўсіх абласьцях беларусы прыблізна аднолькава ацэньваюць узровень злачыннасьці.

Зь якімі злачынствамі найчасьцей сутыкаюцца беларусы

Найбольш апытаныя згадвалі праблему з расьпіваньнем алькаголю на вуліцы — 21,9% сутыкаліся з гэтым вельмі часта, 29,5% хутчэй часта, 25,6% хутчэй рэдка, 21,3% вельмі рэдка ці ніколі. З праблемай часта сутыкаюцца 55,5% гараджанаў і 41,8% сельскіх жыхароў.

З хуліганствам і вандалізмам вельмі часта сутыкаюцца 9,6%, хутчэй часта — 13,5%. З рабаваньнямі вельмі часта сутыкаюцца 4,1%, хутчэй часта — 8,6%, з продажам наркотыкаў адпаведна 2,1% і 4,5%, з расізмам адпаведна 2,1% і 5%, з прастытуцыяй адпаведна 1,6% і 3%.

Што з гэтым робяць

  • 40% ня робяць нічога спэцыяльнага для сваёй бясьпекі, бо і так адчуваюць сябе ў бясьпецы;
  • 31,3% ня носяць з сабой вялікіх сум грошай;
  • 30,6% пазьбягаюць людзей, якія выглядаюць падазрона;
  • 25,4% стараюцца абыходзіць неспакойныя раёны;
  • 22% не выходзяць на вуліцу ў цёмны час;
  • 11,7% просяць блізкіх сустрэць, калі позна вяртаюцца дамоў;
  • 5,3% вучацца самаабароне;
  • 3,1% носяць з сабой сродкі самаабароны.

«З аднаго боку, людзі досыць рэдка сутыкаюцца са злачыннасьцю і правапарушэньнямі, але з другога боку, больш за палову насельніцтва не адчувае сябе ў поўнай бясьпецы і выкарыстоўвае розныя спосабы для ўласнай абароны», — разважае дасьледчыца.

Жанчыны менш адчуваюць сябе ў бясьпецы

Жанчыны адчуваюць сябе ў бясьпецы значна радзей за мужчынаў: 27,9% супраць 55,2%, як вынікае з дасьледаваньня.

Жанчыны значна радзей за мужчынаў вучацца самаабароне — 1,8% апытаных жанчын супраць 9,7% апытаных мужчын. І толькі крыху часьцей (3,4% супраць 2,9%) носяць з сабой сродкі самаабароны.

Пры тым статыстыка кажа, што мужчыны толькі крыху часьцей становяцца ахвярамі зарэгістраваных злачынстваў, чым жанчыны (на 2014 год — 57,6% пацярпелых былі мужчынскага полу). Ды дасьледчыца адзначае, што ёсьць і незарэгістраваныя злачынствы, сярод якіх праз выхаваньне і культурныя асаблівасьці больш можа быць злачынстваў у дачыненьні жанчын.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG