Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За кошт чаго Беларусь сышла з тройкі лідэраў па ўжываньні алькаголю ў Эўропе


Кіраўнік менскага офісу Ўсясьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) Батыр Бэрдыклычаў распавёў, што вывела Беларусь зь ліку самых пітушчых краін кантынэнту.

Паводле Батыра Бэрдыклычава, па выніках дасьледаваньняў, зробленых экспэртамі САЗ за апошнія тры гады (2015, 2016, 2017), у сярэднім за год на аднаго жыхара Беларусі прыпала спажываньне 11,2 літра абсалютнага алькаголю. Гэта вывела краіну на 23-е месца ў Эўропе і 27-е ў сьвеце.

А лідзіруе тут Малдова з 15,2 літра на аднаго чалавека. У першай тройцы разам зь ёю Літва і Чэхія. Расея з 11,7 літра на чалавека займае 14-е месца.

Аднак структура ўжываньня алькаголю ў Беларусі небясьпечная, лічыць Батыр Бэрдыклычаў. 49% ужытага алькаголю складаюць моцныя напоі, у той час як у краінах Эўропы пераважаюць віно і піва.

У 2010 годзе, паводле Ўсясьветнай арганізацыі здароўя, беларусы ўжывалі 17,32 літра абсалютнага алькаголю на чалавека за год. Гэта зрабіла беларусаў усясьветнымі лідэрамі ўжываньня алькаголю на душу насельніцтва.

У 2016 годзе, паводле САЗ, Беларусь стала другой пітушчай нацыяй Эўропы пасьля Літвы з 16,4 літра ўмоўнага чыстага сьпірту на чалавека за год.

Апошнія дадзеныя САЗ сьведчаць, што колькасьць абсалютнага алькаголю ў сярэднім за тры апошнія гады (2015–2017) зьнізілася да 11,2 літра.

Беларускія ўлады неаднаразова прыводзілі свае лічбы, якія істотна адрозьніваліся ад міжнародных. Так, паводле беларускай статысткі, у 2016 годзе сярэдні беларус спажываў толькі 8,8 літра за год, а ў 2015 годзе — 9,05 літра.

На пытаньне Свабоды, чым выклікана тое, што Беларусь перастала быць лідэрам па ўжываньні сьпіртных напояў на кантынэнце, спадар Бэрдыклычаў адказаў, што паўзьдзейнічала некалькі фактараў: больш дакладнай стала мэтодыка вызначэньня выпітага алькаголю, падвышэньне акцызаў прывяло і да падвышэньня цаны сьпіртовых напояў, падзейнічала таксама забарона на рэкляму плюс прапаганда здаровага ладу жыцьця.

Наступствы алькагалізму

Загадчык сэктару наркалёгіі РНПЦ псыхічнага здароўя Уладзімер Максімчук прывёў журналістам трывожныя лічбы: ад алькаголю ў сярэднім у Беларусі за год памірае каля 20 тысяч чалавек. 50% усіх забойстваў і дарожна-транспартных здарэньняў прыпадае на людзей у нецьвярозым стане. Да таго ж 70% згвалтаваньняў і 30% самагубстваў былі зробленыя ў стане алькагольнага ап’яненьня.

Цяпер, паводле Ўладзіміра Максімчука, на ўліку ў Беларусі стаяць 160 тысяч чалавек, якія церпяць ад алькагалізму. Сярод іх 35,5 тысячы жанчын і каля 15 тысяч непаўналетніх.

Разам з тым, паводле экспэрта, колькасьць людзей, якія злоўжываюць алькаголем, у Беларусі за апошнія пару гадоў памалу зьмяншаецца. Так, летась на ўліку было на 4 тысячы чалавек болей, чым сёлета. «А з уліку здымаюць, — патлумачыў спадар Максімчук, — пасьля таго, як чалавек год і болей не ўжывае алькаголю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG