Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шуневіч: грамадзянін павінен бачыць у міліцыянце «чалавека, гатовага дапамагчы». А як папраўдзе?


Праваахоўнік гоніцца за пратэстоўцам падчас мітынгу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, 19 сьнежня 2010 году, ілюстрацыйнае фота

У Беларусі 4 сакавіка адзначаецца Дзень міліцыі — у 1998 годзе Аляксандар Лукашэнка прымеркаваў сьвята да дня прызначэньня Міхаіла Фрунзэ часовым начальнікам менскай міліцыі ў 1917 годзе.

З нагоды сьвята на сайце Міністэрства ўнутраных справаў апублікавалі віншаваньне ад імя міністра Ігара Шуневіча і саршыні савету арганізацыі вэтэранаў МУС Валянціна Патаповіча.

«Грамадзтва ніколі не заставалася абыякавым да праблемаў аховы правапарадку і барацьбы са злачыннасьцю, забесьпячэньня эфэктыўнай працы органаў унутраных справаў, — адзначаецца ў віншаваньні Шуневіча. — Тым больш цяпер, калі няма ніводнага аспэкту дзейнасьці міліцыі, які б ня быў прадметам цікавасьці і пільнай увагі грамадзкасьці.

Таму стратэгічнай задачай для нас застаецца павышэньне ступені даверу насельніцтва. Кожны грамадзянін павінен бачыць у супрацоўніку органаў унутраных справаў ня толькі вартавога парадку, але і чалавека, гатовага ў любую хвіліну прыйсьці на дапамогу».

Ня ўсе беларусы давяраюць міліцыі

Незалежных апытаньняў аб даверы міліцыі даўно не праводзілася — недзяржаўным сацыёлягам у Беларусі заміналі працаваць.

Ды нават паводле зьвестак (PDF) афіцыйных сацыёлягаў з Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце, органам унутраных справаў давярае 71% насельніцтва (ДАІ — 69%), а не давяраюць міліцыі і ДАІ па 20%. Гэта самы высокі «антырэйтынг» — напрыклад, КДБ не давяраюць у тым апытаньні 13%.

Менш за дзьве траціны — 62,5% — адчуваюць сябе абароненымі ад магчымага самавольства з боку сілавікоў (найбольш — 28,5% — адчуваюць сябе неабароненымі ад ДАІ). Як ні дзіўна, гэта менш за адсотак тых, хто давярае сілавікам. У ліку недахопаў найбольш — 30,5% — называлі праявы бюракратызму і ігнараваньне заканадаўства. Згадвалі таксама грубасьць, няўважлівасьць, закрытасьць, адсутнасьць галоснасьці, недастатковую ўвагу да насельніцтва і нізкі прафэсіяналізм (па 22%), сумнеўнае маральнае аблічча некаторых супрацоўнікаў і праявы карупцыі (па 16%).

Прычыны незадаволенасьці міліцыяй

Часам сілавікоў у Беларусі караюць за нематываваны гвалт у дачыненьні грамадзян. Але часьцей бывае так, што градмадзяне заяўляюць пра гвалт з боку сілавікоў, а тыя застаюцца непакаранымі.

Ня раз людзі расказвалі, што да іх урываліся аўтаматчыкі ў масках — бывала так, што зьбівалі невінаватага, памыліўшыся кватэрай, і ня несьлі пакараньня. Было і такое, што за краты садзілі чалавека, які падаваў у суд на міліцыянтаў за зьбіцьцё. Бывалі і падазроныя сьмерці, зьвязаныя зь міліцыяй: напрыклад сьцьвярджаецца, што чалавек сам павесіўся ў міліцэйскай машыне на шнурку ад чаравіка.

Беларусы выказвалі абурэньне ў тым ліку міністрам унутраных справаў — пэтыцыі за адстаўку Шуневіча некалькі разоў набіралі тысячы подпісаў. Шуневіч узяў на сябе функцыю «аховы маральнасьці», ня раз надзяваў форму НКВД, прыдумаў прымусіць школьніка прасіць прабачэньня на камэру за поўху помніку гарадавому. Пры ім у мове ўкаранілася слова «шуняўкі».

Цяпер урад вярнуў у Генпракуратуру скаргу на Шуневіча за выказваньне пра «дзіравых» — міністра падазраюць у гамафобіі і дыскрымінацыі грамадзянаў, якіх ён павінен абараняць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG