Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Куды тэлефон падзела, с...ка?» 5 гучных гісторыяў аб гвалце, у якім абвінавачвалі сілавікоў


Ілюстрацыйнае фота

22 лістапада ў Маладэчанскім раённым судзе абвесьцяць прысуд сьледчаму Мядзельскага ўпраўленьня Сьледчага камітэту Максіму Валеўку, якога вінавацяць у зьбіцьці маладой жыхаркі Мядзела Вольгі Даўжук. Свабода прыгадала іншыя гучныя справы, у якіх прадстаўнікоў сілавых структураў абвінавачвалі ва ўжываньні гвалту супраць беларусаў.

«Куды тэлефон падзела, с...ка?» — гэтак, паводле матэрыялаў справы, сьледчы казаў пацярпелай і двойчы ўдарыў яе міліцэйскай дубінкай па нагах.

Разам з былым сьледчым на лаве падсудных — ягоны непасрэдны начальнік і яшчэ два супрацоўнікі раённага ўпраўленьня Сьледчага камітэту, а таксама судмэдэкспэрт. Іх падазраюць у злоўжываньнях з мэтай прыхаваць злачынства калегі.

А якія яшчэ гісторыі пра меркаванае зьбіцьцё пацярпелых сьледчымі і супрацоўнікамі праваахоўных органаў засталіся нерасьсьледаваныя і патрабуюць падрабязнага разбору?

1. Справа Дзьмітрыя Качановіча зь Менску

16 кастрычніка мянчук Дзьмітры Качановіч быў затрыманы і дастаўлены ў гарадзкі аддзел міліцыі № 2 Менску пасьля адпачынку ў кавярні. Паводле Качановіча, міліцыянты прышпілілі яго кайданкамі да крука, замацаванага ў пакоі, дзе не вядзецца відэаназіраньня, і пачалі жорстка зьбіваць, у тым ліку нагамі. Толькі на наступны дзень, калі Качановіча перавезьлі ў Заводзкі РУУС, адтуль яму выклікалі хуткую дапамогу. Мэдыкі зафіксавалі ў яго пералом носа, сьляды ад кайданкоў, гематомы на твары і руках.

Неўзабаве пасьля здарэньня Дзьмітры Качановіч напісаў з дапамогай праваабаронцаў «Вясны» заяву ў Сьледчы камітэт, у якой патрабуе расьсьледаваць дзеяньні міліцыянтаў. Мінула больш за месяц, але адказу на сваю заяву Качановіч яшчэ не атрымаў.

Таксама пацярпелы лічыць, што яго адпачатку незаконна затрымалі. Гэтую пазыцыю падзяляе і юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

«Качановіча вінавацяць у знаходжаньні нецьвярозым у грамадзкім месцы, але, як звычайна, міліцыянты не дачытваюць да канца артыкул 17, заўвага 3 КаАП, які яму выставілі. А там у другой частцы гаворка пра тое, што нецьвярозы чалавек парушае парадак, толькі калі зьяўляецца ў грамадзкім месцы ў выглядзе, які абражае маральныя нормы. Між тым Качановіч з кампаніяй выпівалі не на вуліцы, а ў кавярні. Паводле экспэртызы, у крыві Качановіча было толькі 0,2 праміле алькаголю, і ён нікога ня мог абражаць сваім выглядам. Значыць, не было падставы для затрыманьня», — кажа праваабаронца.

На менчука Дзьмітрыя Качановіча міліцыянты склалі ажно два адміністрацыйныя пратаколы — аб знаходжаньні ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане і аб непадпарадкаваньні міліцыі. Разгляд абодвух пратаколаў у судзе яшчэ не адбыўся.

2. Справа Аляксандра Акуліча са Сьветлагорску

У 2012 годзе ў ізалятары часовага ўтрыманьня Сьветлагорску памёр мясцовы жыхар Аляксандар Акуліч.

Больш за 3 гады маці нябожчыка Валянціна Акуліч дамагалася завядзеньня крымінальнай справы супроць мясцовых турэмшчыкаў. Жанчына спасылалася на сьляды траўмаў на целе памерлага сына, якія лічыла сьлядамі катаваньняў. Таксама яна даводзіла, што сыну несвоечасова выклікалі хуткую дапамогу.

Сьляды гвалту целе Аляксандра Акуліча
Сьляды гвалту целе Аляксандра Акуліча

Прайшоўшы ўсе інстанцыі ў Беларусі, Валянціна Акуліч зьвярнулася ў Камітэт правоў чалавека ААН, дзе яе скаргу прынялі да разгляду, а беларускім уладам давялося даваць па ёй афіцыйны адказ у ААН. У адказе ўраду Беларусі сьцьвярджалася, што да Аляксандра Акуліча падчас утрыманьня ў Сьветлагорскім ІЧУ «абгрунтавана былі прымененыя фізычная сіла і спэцыяльныя сродкі», а пашкоджаньні на целе нябожчыка нібыта «адносяцца да катэгорыі лёгкіх і не паслужылі прычынай ягонай сьмерці».

Праваабаронцы «Вясны» накіравалі ў ААН свае пярэчаньні да афіцыйнага адказу ўраду Беларусі адносна справы Аляксандра Акуліча. Разгляд скаргі Валянціны Акуліч у КПЧ ААН яшчэ не адбыўся.

«Там вялікая чарга, у тым ліку скаргаў зь Беларусі, але абавязкова прыйдзе час, і яна будзе разгледжана. Спадзяёмся, тады беларускім уладам прыйдзецца справядліва расьсьледаваць гэтую справу», — сказаў Свабодзе праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

3. Справа Алега Багданава зь Менску

Жыхар Менску Алег Багданаў памёр у 2014 годзе ў Жодзінскай турме, паводле афіцыйнай вэрсіі — ад сардэчнай хваробы. Маці нябожчыка Марына Багданава мяркуе, што яе сын-інвалід памёр з прычыны злачыннага абыходжаньня зь ім супрацоўнікаў установы.

Цягам двух гадоў Марына Багданава накіроўвала свае скаргі начальніку Жодзінскага ўпраўленьня Сьледчага камітэту, пракурору Жодзіна, у Менскую абласную пракуратуру, аднак усе звароты былі марныя і крымінальную справу не ўзбуджалі.

Толькі ў кастрычніку 2016 году пасьля асабістага прыёму старшыня Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь Іван Наскевіч загадаў распачаць па факце сьмерці ў Жодзінскай турме крымінальную справу па 162 артыкуле Крымінальнага кодэксу — неналежнае выкананьне прафэсійных абавязкаў мэдычнымі працаўнікамі, якое мела сваім наступствам сьмерць чалавека. Аднак праз паўгода папярэдняе расьсьледаваньне па гэтай справе спынілі ў сувязі з адсутнасьцю складу злачынства ў дзеяньнях службовых асоб.

Аднак маці Алега Багданава падала скаргу ўжо на сьледчага Жодзінскага аддзелу СК, які праводзіў дасьледчую праверку па факце сьмерці яе сына, і дамагаецца, каб яго прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці.

6 лістапада Генэральная пракуратура Беларусі паведаміла, што справа аб сьмерці Алега Багданава накіраваная для новага расьсьледаваньня ў цэнтральны апарат Сьледчага камітэту. Паводле афіцыйных зьвестак, справа пастаўленая на асаблівы кантроль Генпракуратуры.

4. Справа братоў Барбашынскіх са Слуцку

22 верасьня 2016 году ў Слуцку пахавалі 39-гадовага Ігара Барбашынскага, былога слуцкага міліцыянта, які памёр зь невядомых прычын пад сьледзтвам у Жодзінскай турме № 8. Разам з братам Іванам Ігара абвінавачвалі ў «непадпарадкаваньні міліцыянтам пры выкананьні службовых абавязкаў, супраціве і зьбіваньні супрацоўнікаў РАУС».

Фота памерлага Ігара Барбашынскага
Фота памерлага Ігара Барбашынскага

Маці братоў Барбашынскіх у інтэрвію Свабодзе казала, што, на яе думку, Ігара забілі ў турме наўмысна.

19 сакавіка 2016 году Ігара Барбашынскага разам з братам Іванам па дарозе дадому з начной кавярні затрымалі міліцыянты. Братоў абвінавацілі ў знаходжаньні нецьвярозымі ў грамадзкім месцы і даставілі ў мэдвыцьвярэзьнік.

На наступны дзень да мэдвыцьвярэзьніка выклікалі хуткую мэдычную дапамогу. Рэнтгенаўскія здымкі паказалі ў абодвух братоў пераломы рэбраў, таксама былі зафіксаваныя шматлікія гематомы.

Пасьля таго як браты напісалі заяву ў Слуцкі РАУС пра зьбіцьцё іх міліцыянтамі, яны даведаліся, што супраць іх распачатая крымінальная справа аб гвалтоўных дзеяньнях у дачыненьні да міліцыянтаў. Праз два месяцы Барбашынскіх зноў затрымалі і да суду зьмясьцілі ў Жодзінскі сьледчы ізалятар. У верасьні таго ж году Ігар Барбашынскі ў вязьніцы памёр.

22 лістапада 2016 году Івана Барбашынскага асудзілі паводле 2 часткі 363 артыкула Крымінальнага кодэксу і прызначылі яму пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі на 2 гады без накіраваньня ў папраўчую ўстанову. Івана Барбашынскага вызвалілі ў судзе, але сваёй віны ён так і не прызнаў ды паспрабаваў абскардзіць прысуд у Менскім абласным судзе. Разгляд скаргі адбыўся ў студзені 2017 году, прысуд Слуцкага раённага суду быў пацьверджаны.

Грунтоўнага расьсьледаваньня сьмерці Ігара Барбашынскага ў Жодзінскім сьледчым ізалятары так і не адбылося. Пасьля праверкі, якую праводзіў Сьледчы камітэт, у завядзеньні крымінальнай справы было адмоўлена.

«На маю думку, гэта было пасьпешлівае рашэньне», — мяркуе праваабаронца зь «Вясны» Павал Сапелка, які займаўся прававой дапамогай сям’і Барбашынскіх.

5. Справы былых кандыдатаў на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава і Алеся Міхалевіча

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч мяркуе, што асобнага расьсьледаваньня вартае абыходжаньне ў ізалятары КДБ з кандыдатамі на прэзыдэнта Андрэем Саньнікавым і Алесем Міхалевічам, якіх затрымалі пасьля мітынгу пратэсту 19 сьнежня 2010 году.

Андрэй Саньнікаў падчас суду ў 2011 годзе
Андрэй Саньнікаў падчас суду ў 2011 годзе

«Адносна КДБ ёсьць рэкамэндацыі камітэтаў па правах чалавека і супраць катаваньняў ААН па выніках разгляду пэрыядычнага дакладу аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Там вядзецца пра ўсебаковае расьсьледаваньне фактаў катаваньняў фігурантаў справы аб масавых забурэньнях 2010 году», — нагадаў нядаўнія падзеі Валянцін Стэфановіч, які ў кастрычніку прысутнічаў на сэсіі КПЧ ААН у Жэнэве.

Паводле праваабаронцы, належнай ацэнкі гэтым фактам дадзена не было, і ніхто адказнасьці за катаваньні палітыкаў не панёс.

«Прычым нашы ўлады хлусілі, што ніхто са скаргамі да іх не зьвяртаўся. Але праваабаронцам дакладна вядома, што адвакат Саньнікава зьвяртаўся з такімі скаргамі і агучваў гэтую інфармацыю па канале Euronews. Пасьля заяваў пра катаваньні ў вязьніцы КДБ ад другога кандыдата на прэзыдэнта, Алеся Міхалевіча, „Вясна“ зьвярталася ў пракуратуру, але атрымала адказ, што факты нібыта не пацьвердзіліся, ніхто нікога не катаваў і жорсткага абыходжаньня не было», — кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Алесь Міхалевіч пасьля вызваленьня ў лютым 2010 году
Алесь Міхалевіч пасьля вызваленьня ў лютым 2010 году

Паводле праваабаронцаў, дагэтуль засталіся нерасьсьледаванымі факты зьбіцьця міліцыянтамі менскага вартаўніка Васіля Сарочыка і братоў Багдана і Івана Шкурко ў Лідзе, сьмерць у Жодзінскім сьледчым ізалятары жыхара Салігорску Ягора Пратасені ды іншыя гучныя гісторыі меркаванага гвалту і злоўжываньняў з боку праваахоўнікаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG