Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна парушаць падпіску аб неразгалошваньні і што за гэта будзе?


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

У вялікай колькасьці падазраваных па крымінальных справах, сьведак, абаронцаў сьледчыя бяруць падпіску аб неразгалошваньні. Далі такія падпіскі і журналісты, затрыманыя «па справе БелТА». Паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, парушэньне такой падпіскі караецца штрафам альбо арыштам тэрмінам да 6 месяцаў. Аднак праваабаронцы, адвакаты прыгадваюць літаральна адзінкавыя выпадкі, калі за разгалошваньне такіх зьвестак чалавека пад падпіскай каралі.

Што такое падпіска аб неразгалошваньні

Падпіска аб неразгалошваньні — пісьмовае абавязаньне асобы, якая яе падпісала, захоўваць у таямніцы зьвесткі, якія сталі ёй вядомымі.

Па сутнасьці, сьледчы, дазнавацель падчас расьсьледаваньня справы забараняе распаўсюджваць інфармацыю і папярэджвае чалавека аб крымінальнай адказнасьці за распаўсюд дадзеных, інфармацыю аб папярэднім расьсьледаваньні.

Ад каго могуць патрабаваць падпіску?

Згодна з часткай 2 артыкула 198 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, падпіскай аб неразгалошваньні могуць прымусіць маўчаць вельмі шырокае кола асобаў: абаронцу; пацярпелага; грамадзянскага пазоўніка; грамадзянскага адказчыка; прадстаўнікоў памерлага падазраванага, абвінавачанага; асобу, якая падлягала прыцягненьню ў якасьці падазраванага; сьведак; экспэрта; перакладчыка; панятых і іншых асобаў, якія прысутнічаюць пры сьледчых і іншых працэсуальных дзеяньнях.

Ці можна адмовіцца даваць падпіску аб неразгалошваньні?

Адказнасьці за адмову ад подпісу аб неразгалошваньні дадзеных сьледзтва ў законах не прапісана, аднак сьледчаму дастаткова нават вусна папярэдзіць аб адказнасьці за разгалошваньне дадзеных па справе і засьведчыць адмову ад подпісу.

То бок вызначальны факт — не сама падпіска, а азнаямленьне з адказнасьцю за разгалошваньне дадзеных.

Аднак, як адзначае юрыст ПЦ «Вясна» Павал Сапелка, неабходна распаўсюджваць інфармацыю пра сам факт узяцьця такой падпіскі, а працэсуальнае дзеяньне — абскарджваць.

Якія абавязкі і правы ёсьць у падпісанта

Згодна з артыкуламі 41 і 43 КПК Беларусі падазроныя і абвінавачаныя маюць наступныя абавязкі:

  • зьяўляцца на выклікі органа, які вядзе крымінальны працэс;
  • падпарадкоўвацца законным распараджэньням органа, які вядзе расьсьледаваньне;
  • удзельнічаць у сьледчых і іншых працэсуальных дзеяньнях, калі орган, які вядзе крымінальны працэс, прызнаў гэта неабходным.

Абвінавачаны мае права заяўляць аб сваёй невінаватасьці, яму павінна быць дадзена магчымасьць абараняцца вызначанымі законам сродкамі і спосабамі (артыкул 17 КПК). Так што абвінавачаныя маюць права публічна даваць ацэнку выстаўленым ім абвінавачаньням, аргумэнтаваць сваю невінаватасьць, а таксама даводзіць да агульнага ведама факты парушэньня сваіх правоў пры правядзеньні папярэдняга сьледзтва.

Акрамя таго, абвінавачаныя і падазраваныя маюць права абараняць свой гонар і годнасьць.

Адказнасьць за парушэньне падпіскі аб неразгалошваньні

За наўмыснае разгалошваньне зьвестак дазнаньня, папярэдняга сьледзтва ці закрытага судовага паседжаньня асоба, якая была папярэджаная аб адказнасьці, але нешта распавяла без дазволу дазнавацеля, сьледчага, пракурора або суду — караецца штрафам або арыштам на тэрмін да 6 месяцаў (артыкул 407 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь).

Падпіска аб неразгалошваньні дзейнічае, пакуль крымінальную справу не перададуць у суд або спыняць.

Праваабаронца: «Падазраваны і абвінавачваны маюць права распавядаць усё»

Павал Сапелка
Павал Сапелка

Праваабаронца «Вясны», былы адвакат Павал Сапелка тлумачыць, што разгалошваньне дадзеных папярэдняга расьсьледаваньня забаронена толькі пэўным катэгорыям удзельнікаў крымінальнага працэсу: абаронцам, пацярпелым, сьведкам, прадстаўнікам, экспэртам.

«Але ніяк не падазраванаму і не абвінавачанаму. Падазраваны і абвінавачаны маюць права распавядаць усё: як быў адзеты сьледчы падчас допыту, якія пытаньні яму задаваў сьледчы, якія пытаньні адводзіў абаронца падчас допыту.

Можа распавядаць, як яго мучылі, не давалі піць, спаць ці схадзіць у прыбіральню, як сьмярдзела бэнзінам у міліцэйскім „бобіку“ на Акрэсьціна. З адным толькі „але“: калі мы кажам пра прававыя паводзіны сьледчага, які можа запалохваць: „Маўляў, мы ўсе разумеем, што падпіска — гэта фількава грамата“, але калі вы адкрыеце рот, вы вернецеся сюды назад», — кажа спадар Сапелка.

Што тычыцца сьведак, яны ня маюць права разгалошваць тыя зьвесткі, якія ім сталі вядомыя ў сувязі з удзелам у гэтай крымінальнай справе. Але агульныя фразы, што гэты чалавек ня мог зьдзейсьніць злачынства, які ён добры, адказны, сумленны, казаць можна, патлумачыў юрыст.

Што да крымінальнай адказнасьці за парушэньне падпіскі аб неразгалошваньні, Павал Сапелка прыгадаў толькі адзін выпадак, калі быў асуджаны адвакат за раскрыцьцё таямніцы папярэдняга расьсьледаваньня — у справе пракурора Генпракуратуры Сьвятланы Байковай.

Адвакатка: «Задаваць сьледчаму пытаньне „Навошта падпіска аб неразгалошваньні?“ бессэнсоўна»

Марыя Колесава
Марыя Колесава

Адвакатка Марыя Колесава не прыгадала, каб у Беларусі прыцягвалі да сурʼёзнай адказнасьці за парушэньне падпіскі аб неразгалошваньні. На яе думку, заканадаўства ў гэтым пытаньні недасканалае.

Паводле закону падпіску аб неразгалошваньні можа ўзяць любы сьледчы і не тлумачыць, навошта, якая ў гэтым неабходнасьць, якую таямніцу сьледзтва можа распавесьці сьведка ці падазраваны, кажа адвакатка.

«Мне падаецца, задаваць пытаньне „навошта?“ наагул бессэнсоўна. Гэта на меркаваньне органа, які вядзе папярэдняе расьсьледаваньне. Можа, мы пра штосьці ня ведаем у гэтай справе, але я вельмі сумняюся... Аднак рызыкаваць і распавядаць ня варта. І журналістам распытваць падрабязнасьці справы — таксама ня варта», — раіць Марыя Колесава.

А вось свайму адвакату, нават даўшы такую падпіску, чалавек распавесьці можа ўсё, кажа суразмоўца.

Сястра пацярпелага: «Ні штрафаў, ні іншых сурʼёзных наступстваў за распаўсюд інфармацыі ў СМІ не было»

5 гадоў таму, 4 жніўня 2013 году, у СІЗА на «Валадарцы» памёр 21-гадовы Ігар Пцічкін, які адбываў трохмесячны арышт за кіраваньне аўтамабілем у стане алькагольнага апʼяненьня. Афіцыйная прычына — у маладога здаровага хлопца спынілася сэрца. Але на целе было шмат гематомаў, драпінаў, сьлядоў зьбіцьця.

Сьледчы камітэт доўга расьсьледаваў справу сьмерці ў СІЗА, а з пацярпелых — маці Жанны і сястры Ірыны — узялі падпіску аб неразгалошваньні.

Але Жанна Пцічкіна актыўна супрацоўнічала са сродкамі масавай інфармацыі, распавядала пра ўсе допыты, вывучэньне матэрыялаў справы. Яе шмат разоў папярэджвалі сьледчыя, пагражалі. Сястру Ірыну таксама папярэджвалі і нават запалохвалі.

«Мы пярэчылі: а чаго не разгалошваць, маўчаць, вы ж, маўляў, сьцьвярджаеце, што Ігар — алкаш і наркаман? Мяне двойчы выклікалі ў РУУС за тое, што я выстаўляла агульныя фота ў групе „Ўкантакце“. А маці аднойчы фатаграфавала некаторыя старонкі справы на тэлефон, калі яе дапусьцілі азнаёміцца з матэрыяламі расьсьледаваньня. Там, відаць, былі камэры, у яе забралі тэлефон, выдалілі фота, пільна надглядалі. Але ні штрафаў, ні іншых сурʼёзных наступстваў за распаўсюд інфармацыі ў СМІ пра ход расьсьледаваньня не было», — кажа Ірына Пцічкіна.

Алесь Міхалевіч: «Па справе журналістаў падпіска аб неразгалошваньні выглядае даволі сьмешна»

Алесь Міхалевіч
Алесь Міхалевіч

Палітык, юрыст Алесь Міхалевіч быў арыштаваны разам зь іншымі кандыдатамі ў прэзыдэнты 19 сьнежня 2010 году. У лютым 2011 году яго выпусьцілі з турмы КДБ. Тады палітык заявіў, што ў КДБ яго завэрбавалі. Пасьля гэтага Міхалевіч уцёк зь Беларусі, будучы пад падпіскамі аб нявыезьдзе і аб неразгалошваньні, і атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі. Вярнуўся ён толькі праз 4,5 года.

Алесь Міхалевіч дагэтуль застаецца абвінавачаным у справе аб масавых беспарадках 19 сьнежня 2010 году, крымінальная справа ў дачыненьні да яго так і не закрытая. Ён жартуе, што людзі даўно адседзелі, а яго яшчэ «не закрылі».

Калі яго вызвалілі ў лютым 2011 году, ён даў падпіскі аб нявыезьдзе і аб неразгалошваньні. Кажа, што яго папярэджвалі, казалі пра адказнасьць, пра замену меры стрыманьня на больш жорсткую ў выпадку парушэньня падпісак.

«Я распавядаў усё, апроч істотных момантаў, якія, на мой погляд, зьяўляюцца непасрэдна момантамі крымінальнай справы. А ўмовы ўтрыманьня, напрыклад, ня могуць быць засакрэчаныя.

Калі казаць з гледзішча чыста юрыдычнага, то я не разгалошваў, але трэба памятаць, што я і ня мог разгалошваць, бо ў 2010 годзе па справе аб масавых беспарадках я ня ўдзельнічаў у ніводным паседжаньні аргкамітэту. Цяжка распавядаць пра тое, чаго ты ня ведаеш», — прыгадвае Міхалевіч.

Паводле яго, падобная сытуацыя ў шмат каго з журналістаў, якіх прымусілі падпісаць паперкі аб неразгалошваньні ў «справе БелТА».

«Па справе журналістаў падпіска аб неразгалошваньні выглядае даволі сьмешна, бо грамадзкая небясьпека ад іх дзеяньняў вельмі адносная. І прымяненьне гэтай санкцыі — падпіскі аб неразгалошваньні — выклікае шмат пытаньняў», — кажа Алесь Міхалевіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG