Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніца СК: Значная частка справаў па артыкуле 349-2 КК — несанкцыянаваны доступ да старонак у сацсетках


Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь
Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь

«Справа БелТА» была распачатая менавіта па гэтым артыкуле крымінальнага кодэксу. Якая статыстыка крымінальных справаў па гэтым артыкуле, наколькі часта ў іх пацярпелымі зьяўляюцца выступаюць юрыдычныя асобы (дзяржаўныя, камэрцыйныя ці грамадзкія ўстановы)?

З такім пытаньнямі Радыё Свабода зьвярнулася да супрацоўніцы аддзелу інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту Беларусі Юліі Ганчаровай.

У ліпені сёлета гэты аддзел ужо абнародаваў некаторыя зьвесткі аб статыстыцы кампутарнай злачыннасьці.

У тым паведамленьні ў якасьці тыповых крымінальных справаў прыводзіліся выпадкі несанкцыянаванага выкарыстаньня пароляў фізычных асобаў. Хлопец ведаў пароль ад акаўнту сваёй «былой» у сацыяльнай сетцы, заблякаваў ёй доступ да яго і пачаў рассылаць зь яе акаўнту паведамленьні яе фрэндам. Менавіта такі выпадак у тым паведамленьні быў названы «тыповым» для злачынстваў па артыкуле 349-2. Няцяжка ўбачыць, што гэты выпадак зусім непадобны да «справы БелТА».

На маё пытаньне спадарыня Ганчарова адказала:

«Па статыстыцы — з 1 студзеня па 12 жніўня 2018 году па ч.2 арт.349 Крымінальнага кодэксу Беларусі былі распачатыя 462 крымінальныя справы. Найбольшая колькасьць такіх спраў зарэгістраваная ў Менску — 177. У Менскай вобласьці — 52, у Берасьцейскай вобласьці — 104, у Віцебскай — 30, у Гомельскай — 45, у Гарадзенскай — 32, у Магілёўскай — 22.

Значная частка гэтых спраў палягае ў несанкцыянаваным доступе да старонак карыстальнікаў сацыяльных сетак. Гэта больш за 50 адсоткаў, асноўная маса тычыцца сацыяльнай сеткі „Вконтакте“.

Многія злачынствы зьяўляюцца невідавочнымі, гэта значыць па іх не ўстаноўленыя асобы, якія ўчынілі ўзлом (адна з прычын — учыненьне злачынства не на тэрыторыі Беларусі і г. д.)».

Я папрасіў спадарыню Ганчарову патлумачыць ужываньне ёй слова «узлом»:

«Маецца на ўвазе несанкцыянаваны доступ пры дапамозе адмысловых тэхнічных сродкаў ці любы несанкцыянаваны доступ? Калі нехта знойдзе мой ключ ад кватэры, які я згубіў, і адкрые яе, гэта трактуецца як узлом? Ці гэта будзе несанкцыянаванае пранікненьне, але не ўзлом?»

Спадарыня Ганчарова адказала:

«Па несанкцыянаваным доступе-узломе — «Доступ да інфармацыі, які ажыцьцяўляецца з парушэньнем яе прававога рэжыму, разглядаецца як несанкцыянаваны: асоба альбо не мае права доступу да дадзенай інфармацыі, альбо, валодаючы такім правам, ажыцьцяўляе яго па-за межамі ўстаноўленага парадку».

Прадстаўніца аддзелу інфармацыі Сьледчага камітэту паабяцала паспрабаваць знайсьці адказ на маё пытаньне пра выпадкі ўжываньня арт. 349-2 КК да юрыдычных асобаў. «Хаця б яскравыя прыклады прывесьці» — паабяцала Юлія Ганчарова.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG