Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Навошта так жорстка?» Прадпрымальнікі пра рэйды міліцыі на рынку «Ждановічы»


Рэйд міліцыі ў «Ждановічах», архіўнае фота

Супрацоўнікі Цэнтральнага райаддзелу міліцыі Менску сумесна з АМАПам і ДАІ правялі 21 кастрычніка рэйд на Ждановіцкім рынку.

Паводле справаздачы міліцыі Цэнтральнага РУУС, падчас рэйду было затрымана 90 асобаў, зь іх 10 зьмешчаныя ў ізалятар часовага ўтрыманьня. На правераных асобаў склалі 42 адміністрацыйныя пратаколы: 31 за расьпіцьцё алькагольных напояў і ўжываньне наркотыкаў у грамадзкім месцы, 9 — за непадпарадкаваньне міліцыі, 5 — за парушэньне правілаў знаходжаньня ў Беларусі, 2 — за дробнае хуліганства.

«Лепш бы далі дазвол на легальную працу»

Пра інцыдэнт Свабода пагутарыла з трыма індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

Натальля, гандлярка адзеньнем у павільёне «Сьвет моды»:

«Нас не чапаюць, і добра. Але нейкага хапуну мы і ня бачылі. Потым даведалася, што ў асноўным правяралі на „Лебядзіным“ рынку, там дасталася гандлярам з Азіі ды бамжам. На нашай частцы, што каля чыгункі, было больш-менш спакойна. Нарады міліцыі былі, але як звычайна. Хай працуюць. Калі менш будзе злачынных элемэнтаў і хуліганаў, дык нам жа лепей».

Сяргей, уласьнік шапіка па продажы мабільных тэлефонаў:

«Ад гэтых рэйдаў ніякай карысьці, акрамя таго, што папаўняюць казну за кошт штрафаў зь бедных гандляроў, якія ледзь зводзяць канцы з канцамі. Трасуць тых, хто на „Лебядзіным“ закупляе садавіну, гародніну для перапродажу — гэта ў асноўным вельмі бедныя людзі, хто прыехаў у Менск з правінцыі.

Хапаюць грузчыкаў без прапіскі — тая самая гісторыя. Людзям няма дзе зарабіць, вось і едуць у Жданы, а іх за гэта яшчэ і караюць. Затрымліваюць замежнікаў без дазволу на пражываньне і працу. Але ім таксама трэба зарабляць, у некаторых сем’і. Асабіста мне гэта не падабаецца, ня бачу ў гэтым толку. Лепш бы далі дазвол на легальную працу».

Паводле прадпрымальніка, 21 кастрычніка на рынку нарады міліцыі чапляліся да людзей толькі таму, што мелі падазрэньні наконт ужываньня алькаголю.

«На маіх вачах нарад з маладых міліцыянтаў накінуўся на мужчыну, які проста стаяў каля латкоў: „Ты п’яны, давай дакумэнты“. Можа чалавек і выпіў, але няшмат, нікому не замінаў. Заламалі рукі, як таму забойцу, нахілілі і гэтак павялі — сам бачыў. Навошта так жорстка? Парадку гэта не дадае. Гэтак можна дасягнуць адваротнага эфэкту — пакупнікі стануць баяцца прыходзіць у „Ждановічы“. Такі эфэкт магчымы».

«Спынілі б лепш хабарніцтва ў сваіх шэрагах»

Сваяк Сяргея працуе на рынку вартаўніком. Той чалавек назіраў, як супрацоўнікі ДАІ адпрацоўвалі сваю частку рэйду.

«На выезьдзе з гораду да рынку, дзе засталася адна паласа дарогі, ДАІ зрабіла засаду. Усіх спрэс спынялі, правяралі дакумэнты, страхоўку, тэхагляды. Канечне, у кагосьці знайшлі нейкія парушэньні, але выглядала гэта надзвычай брутальна. Ня думаю, што гэтак варта рабіць на пад’езьдзе да рынку, куды людзі сем’ямі зьбіраюцца па нядзелях», — перадае словы сваяка Сяргей.

Алесь Таўстыка, прадпрымальнік, раней гандляваў на «Ждановічах», цяпер аказвае кансультацыйныя паслугі.

«З майго пункту гледжаньня, гарадзкім уладам трэба паказаць уласьнікам зямлі, якая была дадзеная ў арэнду для вядзеньня гандлю яшчэ пры жывым Шыгалаву, што гэтыя гандлёвыя пункты нейкія злачынныя, што тут наркаманы квітнеюць, вядзецца недазволеная дзейнасьць. Мне так падаецца, калі я чую пра масавыя рэйды і іх вынікі. Праводзяць рэйды, паказваюць статыстыку, дзе нібыта божачкі што робіцца, каб потым у Менгарвыканкаму была падстава пастанавіць, што такога больш не павінна быць і гэтыя землі трэба адабраць і перадаць забудоўшчыкам.

„Ждановічы“ ўсё больш сьціскаюцца, з таго боку ўсё бліжэй падступаюць будоўлі, а тут, каля чыгункі, месцаў усё менш і арэндная плата ўсё вышэйшая. Хутка, відаць, забяруць зямлю, якая пад „Полем цудаў“, ня будзе начнога рынку. А там жа працуюць людзі, якія прыехалі, каб зарабіць капейчыну, ім няма куды падацца. Яны кавуны дапамагаюць разгружаць, цыбулю, гародніну, вінаград. Міліцыянты туды рэгулярна наведваюцца, бяруць зь іх хабар за дробныя парушэньні — вось гэтым бы лепш заняліся нашы праваахоўныя органы, спынілі б хабарніцтва ў сваіх шэрагах».

Паводле Алеся Таўстыкі, міліцыя павінна дбаць аб парадку на Ждановіцкім рынку ня толькі калі здараецца тэрміновы рэйд, а ўвесь час.

«Там ёсьць зона паміж радыё- і рэчавым рынкам, каля чыгункі, дзе гандлююць харчамі, дзе замежнікі прадаюць піва на разьліў. Там можна сустрэць дзяцей з п’янымі бацькамі, там гучыць брыдкаслоўе не сьціхаючы. Сам рабіў такім асобам заўвагі, а вось міліцыянтаў, нейкіх удзельнікаў рэйдаў там ніколі ня бачыў», — кажа Алесь Таўстыка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG