Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі ўнівэрмаг: глёбусы з расейскім Крымам — няшкодныя сувэніры


Архіўнае фота
Архіўнае фота

Глёбусамі, на якіх Крым пазначаны ў складзе Расеі, гандлююць у магілёўскім унівэрмагу, бо яны — сувэнірная прадукцыя. Так кіраўніцтва найбуйнейшай унівэрсальнай крамы гораду патлумачыла незалежнаму журналісту Алесю Асіпцову продаж прадукцыі са зьвесткамі, якія супярэчаць пазыцыі афіцыйнага Менску.

Глёбусы з расейскім Крымам ня шкодныя

«Указаная прадукцыя не адносіцца да катэгорыі шкоднай і небясьпечнай згодна з Рэестрам небясьпечнай прадукцыі, забароненай да ўвозу і / або абарачэньня на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і, у адпаведнасьці з клясыфікатарам прадукцыі (ТН ЗЭД 4905100000; 9405201109) адносіцца да сувэнірнай прадукцыі», — гаворыцца ў адказе з унівэрмагу, які падпісала выканаўца абавязкаў дырэктара Надзея Цьвярская.

Журналіст зьвярнуўся з запытам ва ўнівэрмаг пасьля таго, як пабачыў фатаздымкі з глёбусамі ў сацыяльных сетках. Такая прадукцыя, як ён высьветліў, сапраўды была выстаўленая на паліцах аддзелу канцылярскіх тавараў.

Акрамя таго, што Крым пазначаны часткай Расеі, на гэтых глёбусах Абхазія і Паўднёвая Асэтыя адасобленыя ад Грузіі.

Якая афіцыйная пазыцыя Беларусі па Крыме, Абхазіі ды Паўднёвай Асэтыі

На дзяржаўным узроўні Беларусь не прызнала анэксіі Крыму і незалежнасьці Абхазіі ды Паўднёвай Асэтыі. Пра гэта не аднойчы заяўляў Аляксандар Лукашэнка, удакладняла пазыцыю ў гэтым пытаньні і Міністэрства замежных спраў.

«Украіна павінна быць адзіная. Мы, беларусы, у гэтым зацікаўленыя, і асабіста я», — казаў Аляксандар Лукашэнка ў 2014 годзе на інаўгурацыі прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі.

Мінгандлю рэкамэндавала пазьбягаць продажу прадукцыі, дзе Крым пазначаны як тэрыторыя Расеі

Галоўная рэдактарка РУП «Белкартаграфія» Галіна Ляхава патлумачыла Свабодзе, што глёбусаў прадпрыемства не выпускае, а вось на ўсіх мапах Крым пазначаны як тэрыторыя Ўкраіны.

«Па рэкамэндацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі мы паказваем Крым у складзе Ўкраіны. То бок тое, што не прызнаецца Генэральнай Асамблеяй ААН, МЗС і ўрадам Беларусі, мы адлюстроўваем як украінскую тэрыторыю. У сувязі з тым, што і да нас зьвяртаюцца з пытаньнем пра пазначэньне Крыму на глёбусах, Міністэрства гандлю рэкамэндавала ўсім гандлёвым аб’ектам пазьбягаць продажу прадукцыі, дзе Крым пазначаны як тэрыторыя Расеі», — сказала Свабодзе прадстаўніца «Белкартаграфіі».

Паводле яе, паўплываць на сытуацыю з продажам глёбусаў з расейскім Крымам можа «тое ж Міністэрства гандлю, бо яму даведзена такая ж устаноўка, што і нам».

У 2016 годзе «небеларускія глёбусы» зьніклі з продажу

Тады гандляры адказнасьць за глёбусы «з расейскім Крымам» ускладалі на вытворцу — польскую фірму «Zachem-Głowala».

На запыт Свабоды яе дырэктар Кшыштаф Главаля аргумэнтаваў выраб такой прадукцыі тым, што фірма працуе з расейскімі партнэрамі, а «расейскі ўрад зацьвердзіў Крым як тэрыторыю Расеі». Паводле яго, гэтыя глёбусы не прызначаліся для беларускага рынку, аднак ягоныя беларускія кліенты самі выбіралі, якую прадукцыю набываць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG