Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская кампанія дапамагала ідэолягу «крымскай вясны» гандляваць з Украінай


Украінскія праваахоўныя органы раскрылі схему паставак электратэхнічнага абсталяваньня на тэрыторыю Ўкраіны з Крыму празь Беларусь.

Хто і як прадаваў

У прыватнасьці, гаворка ідзе пра кампанію «Таўрыда Электрык Украіна», зьвязаную з ідэолягам «крымскай вясны» — расейскай акупацыі Крыму, колішнім «народным мэрам» Севастопаля Аляксеем Чалым.

Да анэксіі Крыму прадпрыемства, якое мела прадстаўніцтва ў Кіеве і Дніпры, валодала крымскай рэгістрацыяй, а потым перарэгістравалася ў Кіеве. Толькі ў 2015 годзе Ўкраіна ўвяла пэрсанальныя санкцыі супраць Аляксея Чалага і ў 2018-м — супраць ягонага брата Міхаіла, заснавальніка прадстаўніцтва «Таўрыды» ў Расеі. Супраць самога прадпрыемства санкцый пакуль няма.

Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, абсталяваньне для энэргетычных сетак пастаўлялася празь дзьве кампаніі — расейскае «Навукова-вытворчае аб’яднаньне Таўрыда Электрык», зарэгістраванае ў Рэспубліцы Марый Эл, і менскае ЗАТ «Энэргаінжынірынгавыя рашэньні».

У прыватнасьці, празь Беларусь ва Ўкраіну пастаўляліся

  • флянцы з чорных мэталаў,
  • спружыны сьціску,
  • прэс-формы ліць плястмасавыя дэталі,
  • канструктыўныя вырабы са сталі,
  • кампанэнты тыпавых камплектаў адаптацыі для камутацыйных апаратаў,
  • электрычныя ізалятары,
  • вырабы з гумы,
  • валы з чорных мэталаў
  • дэталі са сталі для камутацыйных модуляў.

Найбольшымі спажыўцамі прадукцыі «Таўрыды» былі абласныя энэргаарганізацыі Ўкраіны.

У ліпені ў межах дасудовага сьледзтва праваахоўныя органы канфіскавалі з прадпрыемстваў у Кіеве і Дніпры ўсю фінансавую ды мытную дакумэнтацыю. Паводле сьледчых, са жніўня 2014-га па сакавік 2018-га «Таўрыда Электрык Украіна» легалізавала 50,68 мільёна грыўняў (амаль 2 мільёны даляраў у эквіваленце), атрыманых злачынным шляхам.

Што вядома пра беларускую кампанію

ЗАТ «Энэргаінжынірынгавыя рашэньні» са статутным капіталам у адну тысячу рублёў зарэгістраванае ў Менску ў 2011 годзе, але юрыдычны адрас мае ў Гомлі. Запазычанасьцяў перад Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва ня мае, але ў траўні былі пэўныя даўгі перад бюджэтам.

Прадпрыемства працуе на беларускім і расейскім рынку. І згодна з інфармацыяй, апублікаванай у адкрытых рэсурсах, гандлёвымі апэрацыямі не займаецца. Кампанія праектуе і будуе энэргетычныя аб’екты. Яна ўдзельнічала ў праектаваньні і рэканструкцыі электрападстанцый у шэрагу расейскіх гарадоў.

Сярод беларускіх праектаў найбуйнейшыя — рэканструкцыя сыстэмы электразабесьпячэньня аб’ектаў нафтаздабычы «Беларуснафты», праектаваньне падстанцыі «Астроўля» ў Лідзе, а таксама праектаваньне, мантаж і наладка аўтаматызаванай сыстэмы на мясакамбінаце і «Амкадоры» ў Пінску.

За крок ад санкцый?

Сёлета Ўкраіна забараніла ўкраінскім кампаніям гандляваць з двума беларускімі прадпрыемствамі — менскім ААТ «Сьвет піва» і Мазырскім сьпіртагарэлачным заводам. Увядзеньню гэтых санкцый папярэднічалі крымінальныя справы, адкрытыя супраць грамадзян Украіны, якія праз расейскі Растоў пастаўлялі прадукцыю гэтых прадпрыемстваў на тэрыторыю самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі».

У Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны пакуль устрымліваюцца ад адназначнага адказу на пытаньне пра магчымасьць увядзеньня санкцый супраць ЗАТ «Энэргаінжынірынгавыя рашэньні».

«Рада нацбясьпекі разглядае пытаньне аб увядзеньні санкцый у выпадку адпаведных ініцыятываў Службы бясьпекі Ўкраіны або ўраду», — паведамілі Свабодзе ў гэтай структуры.

У 2012 годзе дырэктар ЗАТ «Энэргаінжынірынгавыя рашэньні» Эдуард Федаровіч заяўляў, што спэцыялісты кампаніі шчыльна супрацоўнічалі зь беларускай дачкой расейскай «Таўрыды» з 2008 году. У Менску на вуліцы Кабушкіна, 66 гэтыя дзьве кампаніі разьмяшчаюцца ў суседніх офісах. Супольна кампаніі праектавалі і мантавалі падстанцыі ў сыстэме «Мосэнерго».

Праваахоўныя органы Ўкраіны, як і ў выпадку са «Сьветам піва» і Мазырскім сьпіртагарэлачным заводам, не выстаўляюць абвінавачаньні кампаніі «Энэргаінжынірынгавыя рашэньні» і яе кіраўніцтву. Пад сьледзтвам — службовыя асобы прадпрыемстваў «Таўрыда Электрык Украіна» і «Таўрыда Электрык Днепр», якія, «злоўжываючы паўнамоцтвамі, наўмысна, з мэтай атрыманьня неправамернага ўзнагароджаньня для сябе і іншых асоб прадавалі на тэрыторыі Ўкраіны абсталяваньне і камплектуючыя, што вырабляліся субʼектамі гаспадараньня, зарэгістраванымі на часова акупаванай тэрыторыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG