Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар Шуневіч прызнаўся, што прабачэньні школьніка за поўху гарадавому — ягоная ідэя


Менскі гарадавы
Менскі гарадавы

Кіраўнік МУС Беларусі заявіў, што прэс-сакратара Яўгена Яўчара звольнілі з прычыны выслугі гадоў, а не за відэа з прабачэньнямі.

Адказваючы на пытаньні журналістаў у Палаце прадстаўнікоў, міністар МУС Ігар Шуневіч расказаў, што гэта ён прыдумаў, каб школьнік прасіў прабачэньня на камэру за поўху скульптуры гарадавога.

Паводле Шуневіча, у дачыненьні скульптуры, якую ён назваў «сімвалам нашай гісторыі» недапушчальны вандалізм, бо «мы жывём у культурным грамадзтве», перадае карэспандэнт Свабоды з Палаты прадстаўнікоў.

На пытаньне, што школьнік непаўналетні, Шуневіч адрэагаваў: «А што непаўналетнія не нясуць адказнасьць за свае дзеяньні ў гэтай краіне? Ён нясе маральную адказнасьць. Закон да яго не прымяняўся. Ня блытайце Гогаля з Гегелем». І дадаў, што хлопец «прыняў нармальнае адэкватнае рашэньне».

Таксама ён згадаў звольненага прэс-сакратара МУС Яўгена Яўчара і назваў «чарговым глупствам» інфармацыю пра ягонае звальненьне за відэа з прабачэньнямі.

«Ён сышоў па выслузе гадоў, і зь іміджам МУС гэта ніяк не зьвязана», — сказаў Шуневіч.

Менскі гімназіст Арсень даў поўху бронзаваму гарадавому. За гэта міліцыя прымусіла яго раскайвацца на камэру. На яго завялі адміністрацыйную справу, але пасьля яе прыпынілі, бо ня выявілі ва ўчынку гімназіста ніякага правапарушэньня. Гэта прызнала Камісія ў справах непаўналетніх Заводзкага раёну Менску.

Што важна ведаць пра інцыдэнты са скульптурай «Менскі гарадавы»

Скульптура «Менскі гарадавы» зьявілася ў Менску ў 2017 годзе, аўтар — мастак Пятро Лабковіч.

Пэтыцыю за знос скульптуры ў сьнежні 2018 году падпісалі больш за 2600 разоў.

Менчукоў неаднаразова затрымлівалі нават за фота з гарадавым ці за накінуты на яго шалік.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG