Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахвяры менскага гарадавога. Поўны сьпіс


Штраф за накінутую пятлю, суткі за ланцужок, затрыманьне за шалік. Як каралі крыўдзіцеляў скульптуры гарадавога ў Менску.

Скульптура менскага гарадавога, якую ўсталявалі ў сталіцы толькі год таму, усё часьцей трапляе ў стужкі навін: то шалік ёй павяжуць, то пацалуюць. Свабода прыгадала ўсе выпадкі, калі за кантакт з бронзавым гарадавым кагосьці так ці інакш каралі.

Накінутая пятля, зьняволеньне і штраф 105 рублёў

Менскі анархіст Вячаслаў Касінераў 12 сакавіка правёў «дзёрзкую акцыю супраць міліцэйскага бясчынства». Каля цэнтральнага будынка Міністэрства ўнутраных спраў актывісты накінулі пятлю на шыю помніка гарадавому. Касінерава затрымалі і зьмясьцілі пад варту, дзе ён правёў больш за месяц, яму выставіліі абвінавачаньне па артыкуле «хуліганства». У выніку, суд пакараў актывіста штрафам у 105 рублёў.

Адзін з крыўдзіцеляў скульптуры — бадзяга

Менскі бадзяга Антон летась у сакавіку праходзіў каля скульптуры гарадавога і проста накінуў на шыю помніку ланцужок бяз пэўнай мэты. Бадзягу затрымалі і арыштавалі на суткі, якія той правёў ў турме на Акрэсьціна.

За шалік — затрыманьне, за поўху — выбачэньне

Менскі гімназіст Арсень даў поўху бронзаваму гарадавому. За гэта міліцыя прымусіла яго выбачацца на камэру. На яго завялі адміністрацыйную справу, але пасьля яе прыпынілі, бо ня выявілі ва ўчынку гімназіста ніякага правапарушэньня. Гэта прызнала Камісія ў справах непаўналетніх Заводскага раёну Менску.

Пасьля выпадку з выбачэньнем Зьміцер Завадзкі павязаў шалік на скульптуру гарадавога. Зьмітра затрымалі, завезьлі ў пастарунак і патлумачылі, што на гарадавога нічога павязваць нельга, бо «гэтая скульптура, груба кажучы, зьяўляецца тварам МУС».

Пасьля фота з гарадавым — штраф

Арцём Касавараў з моладзі БНФ разам з трыма іншымі актывістамі раздавалі ўлёткі па менскай вуліцы Гарадзкі Вал. Улёткі былі з запрашэньнем на дазволены ўладамі канцэрт каля Опэрнага тэатру, прысьвечаны Дню Волі. Калі маладзёны сфатаграфаваліся з гарадавым іх затрымалі. Непаўналетніх затрыманых пазьней выпусьцілі, а Касавараў правёў ноч на Акрэсьціна. Пасьля яму прысудзілі штраф — 147 рублёў за несанкцыянаваны пікет.

За гарадавога ў адстаўку?

Начальнік упраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС Георгі Яўчар быў зьняты з пасады. Паводле крыніцаў «Нашай нівы», гэта стала вынікам «агулам нездавальняючай работы», а таксама скандальнай гісторыі вакол скульптуры гарадавога ў Менску. Сам жа Яўчар кажа, што самастойна прыняў такое рашэньне і сышоў зь міліцыі «у сувязі з поўнай выслугай гадоў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG