Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што рабіць, калі на вас нападаюць «людзі ў цывільным»?


Свабода папрасіла былога міліцыянта Мікалая Казлова і праваабаронцу зь «Вясны» Валянціна Стэфановіча крок за крокам назваць дзеяньні праваахоўнікаў пры затрыманьні чалавека, які падазраецца ў злачынстве.

Погляд былога міліцыянта

Падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў апісаў тры найбольш тыповыя сытуацыі затрыманьняў.

Мікалай Казлоў, архіўнае фота
Мікалай Казлоў, архіўнае фота

1. Калі міліцыянт у форме затрымлівае падазронага ў адміністрацыйным парушэньні

«Падыходзіць на вуліцы ці ў двары дома, вітаецца, называецца, прапануе паказаць дакумэнты і просіць прасьледаваць за ім для высьвятленьня асобы. Можа патлумачыць, чаму менавіта трэба пайсьці зь ім ва ўправу міліцыі ці апорны пункт. Напрыклад: „Бо вы падобны да чалавека, які ўчыніў злачынства“. Але гэта — у залежнасьці ад сытуацыі.

Калі чалавек ня хоча ісьці, трэба папярэдзіць, што гэта ёсьць непадпарадкаваньне законнаму прадстаўніку ўлады, за што прадугледжана адказнасьць.

Далей, калі ўсё ж чалавек упіраецца, трэба ўзяць пад рукі і павесьці ў міліцэйскі транспарт, але максымальна паважліва, без абраз, а тым больш без ужываньня гвалту».

2. Калі міліцыянт у форме затрымлівае падазронага ў крымінальным злачынстве

Гэтая сытуацыя больш складаная і залежыць ад таго, якая ёсьць інфармацыя пра дадзенага чалавека, кажа былы падпалкоўнік міліцыі Казлоў.

«Калі падазрэньні тычацца няцяжкага злачынства, дык можна дзейнічаць, як у першым варыянце. Падышоў, назваўся, патлумачыў прычыну затрыманьня — „Пройдзем!“.

Але калі ёсьць зьвесткі, што чалавек рэцыдывіст, што можа мець з сабой зброю і можа яе ўжыць, ці іншая рызыка, тады інструкцыі дазваляюць дзейнічаць на апярэджваньне. Гэта каб ня даць патэнцыйнаму злачынцу магчымасьць уцячы, першаму нанесьці ўдар, ужыць зброю і гэтак далей. Бо міліцыянт павінен ня толькі выканаць загад на затрыманьне, але паклапаціцца і пра сваё жыцьцё і здароўе.

Таму прадстаўленьне „Гэта міліцыя!“ адбываецца паралельна зь дзеяньнямі па затрыманьні. Але потым адразу трэба назвацца і паказаць дакумэнты, на падставе якіх чалавек затрыманы», — кажа Мікалай Казлоў.

3. Калі падазронага ў крымінальным злачынстве затрымліваюць міліцыянты ў цывільным

У законе аб міліцыі, кажа Мікалай Казлоў, не агаворана, дзе і калі супрацоўнікі міліцыі павінны быць у форме, а калі ў іншым адзеньні. «Гэта залежыць ад сытуацыі і абумоўлена мэтамі».

Паводле Мікалая Казлова, міліцыянты ў цывільным павінны дзейнічаць па тых жа інструкцыях, што і супрацоўнікі ў форме: выконваць загад на затрыманьне, адначасова назвацца, што яны зь міліцыі, пасьля затрыманьня паказаць адпаведныя дакумэнты.

«Калі на міліцыянтаў зьдзейсьнены напад, дык яны маюць права на ўжываньне нават зброі, і тут ужо залежыць ад сытуацыі, ці пасьпееш папярэдзіць. Бо калі на цябе ляціць чалавек зь сякерай, дык хіба ты пасьпееш сказаць, што зараз будзеш страляць? Але ў іншых выпадках — абавязкова трэба папярэдзіць. Потым выпадкі ўжываньня зброі правяраюцца, дзеяньням супрацоўнікаў даецца ацэнка, таму гэта і ў іх інтарэсах — папярэдзіць», — кажа Мікалай Казлоў.

Андрэй Рабешка, які парэзаў нажом міліцыянтаў, якія прыехалі затрымліваць яго ўначы
Андрэй Рабешка, які парэзаў нажом міліцыянтаў, якія прыехалі затрымліваць яго ўначы

Мікалай Казлоў пракамэнтаваў справу жыхара Мазыра Андрэя Рабешкі:

«Тое, што міліцыянты, калі ехалі затрымліваць падазронага, узялі ў падтрымку двух байцоў АМАПу — відаць, нездарма. І тое, што ён схапіўся за нож, калі выходзіў з дому, таксама шмат кажа пра асобу гэтага чалавека. Таму ня бачу нічога, у чым можна папракнуць супрацоўнікаў міліцыі. Акрамя, магчыма, таго, што яны дазволілі аднаму чалавеку гэта ўчыніць супроць іх, якіх было сямёра».

Погляд праваабаронцы

Праваабаронца зь «Вясны» Валянцін Стэфановіч пракамэнтаваў тыя ж падзеі, але з пункту гледжаньня чалавека, якога затрымліваюць.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

1. Да вас падыходзіць міліцыянт і цягне ў варанок

«Найперш, калі ён нічога не тлумачыць, вы спытайце, у чым прычына затрыманьня. Ён мусіць патлумачыць, а ня проста выконваць загад. Бо што такое затрыманьне? Гэта часовае абмежаваньне вашай свабоды і вашых правоў, якое трэба патлумачыць», — кажа праваабаронца.

Пры гэтым, паводле Валянціна Стэфановіча, трэба кіравацца як законам, так і здаровым сэнсам.

«Ён кажа, што зь міліцыі, але сябе не называе і загадвае вам прайсьці зь ім, бо „вы падобны да злачынцы, якога шукаюць, ёсьць падазрэньне, што гэты вы“. І што, вы будзеце ад яго патрабаваць зноў імя і адмаўляцца? Дык рызыкуеце атрымаць за непадпарадкаваньне. Нават калі вы пакажаце яму свой пашпарт, гэта яго ня спыніць, бо яму трэба спраўдзіць па базе дадзеных, ці гэта вы. Таму, канечне, трэба прайсьці ў міліцыю і не супраціўляцца».

Праз 3 гадзіны, адведзеныя паводле закону на высьвятленьне асобы затрыманага, калі няма прэтэнзій, яго павінны вызваліць, кажа праваабаронца. А калі падазрэньні ёсьць?

«Залежыць ад таго, якія менавіта. Калі вы падазраяцеся ў зьдзяйсьненьні такога адміністрацыйнага правапарушэньня, як лаянка матам у публічным месцы, што можа карацца арыштам, дык затрыманьне можа быць і да трох сутак, а потым яшчэ і арышт. Любое абвінавачаньне, дзе магчымы арышт, цягне за сабой і магчымасьць затрыманьня на трое сутак. Але тады павінны скласьці пратакол, павінны азнаёміць чалавека зь ягонымі правамі, пры жаданьні выклікаць адваката і правесьці суд».

2. Калі затрымліваюць паводле падазрэньня ў крымінальным злачынстве

«Сапраўды, калі ёсьць інфармацыя, што чалавек небясьпечны, яго могуць затрымліваць супрацоўнікі ў цывільным і нават АМАП выклікаць. Але гэта ня значыць, што пры затрыманьні чалавека можна зьбіваць, што ў нас амаль заўсёды адбываецца. Канечне, могуць быць розныя сытуацыі, можа быць і супраціў, бо ніхто ня хоча ў турму. Але вось затрымліваюць хабарніка, выцягваюць з аўтамабіля, кладуць тварам у зямлю і пачынаюць па ім скакаць. Гэта навошта? Я лічу, што гэта незаконна», — кажа Валянцін Стэфановіч.

Спасылаючыся на закон, праваабаронца назваў падставы для ўжываньня фізычнай сілы з боку міліцыянтаў пры затрыманьні падазронага ў злачынстве:

  • калі аказваецца супраціў і непадпарадкаваньне міліцыянтам;
  • калі робяцца дзеяньні, якія пагражаюць жыцьцю і здароўю міліцыянтаў.

«Але ўсё роўна праваахоўнікі, у форме яны ці не, павінны папярэдзіць, што будзе ўжытая фізычная сіла і спэцсродкі, ды патлумачыць, чаму. Але ў нас міліцыянты часта, валодаючы паўнамоцтвамі на ўжываньне фізычнай сілы і спэцсродкаў, толкам ня могуць людзям патлумачыць, чаму іх ужываюць.

3. Калі затрымліваюць небясьпечнага патэнцыйнага злачынцу.

«У абавязковым парадку пры затрыманьні міліцыянты павінны сябе абазначыць, што гэта дзейнічае менавіта міліцыя, а ня нейкія бандыты. Як? Словамі „Міліцыя!“, „Ідзе затрыманьне“, „Дзейнічае АМАП“. Ясна, што сытуацыі бываюць розныя. Калі гаворка пра затрыманьне ўзброенай злачыннай групоўкі, дык ня будзе часу спачатку крычаць. Уварвецца АМАП, усіх пакладуць на падлогу. Але і тут ужываць фізычную сілу ці зброю трэба пры рэальнай пагрозе, а не прэвэнтыўна».

Суседа якраз і спыніла тое, што міліцыянт назваўся. Дык калі б гэта было адпачатку, можа, і не было б параненых?

Камэнтар праваабаронцы Валянціна Стэфановіча да справы жыхара Мазыра Андрэя Рабешкі:

«Што мне вядома пра гэтую справу — дык падобна, што ў гэтага чалавека былі ўсе падставы меркаваць, што на яго напалі нейкія бандыты. Пра гэта сьведчыць і тое, што ён крычаў ды клікаў на дапамогу, калі на яго напалі міліцыянты. Нездарма на ягоны крык прыбег сусед, які думаў што таго проста рабуюць, і які таксама ледзь ня ўдарыў амапаўца. Суседа якраз і спыніла тое, што міліцыянт назваўся. Дык калі б гэта было адпачатку, можа, і не было б параненых?»

У прэсавых службах МУС і менскай міліцыі адмовіліся апэратыўна паведаміць, як павінны згодна з службовымі інструкцыямі дзейнічаць міліцыянты пры затрыманьні падазроных. «Пішыце зварот», — сказалі прадстаўнікі гэтых службаў.

Ці могуць міліцыянты працаваць на масавых акцыях апазыцыі ў цывільным?

Увесну 2017 году пасьля менскага «маршу недармаедаў» былы палітвязень Сьвятаслаў Барановіч на прыпынку грамадзкага транспарту каля плошчы Бангалор ударыў пераапранутага ў цывільнае міліцыянта, які ў гэты момант спрабаваў затрымаць актывістаў анархісцкага руху.

Пра справу Барановіча яшчэ да суду выказаўся міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч.

«Усе, хто будзе кідацца бараніць, будуць і далей затрымліваць. Толькі так. Грамадзкі парадак непарушны і недатыкальны. І грамадзяне, якія жадаюць, павінны дапамагаць наводзіць парадак, а не перашкаджаць працы міліцыі. Таму памылка ў абʼекце — гэта яго асабістая праблема і трагедыя. Мы наводзім парадак усімі даступнымі законнымі мэтадамі, а апэратыўную працу ніхто не адмяняў, цывільную вопратку як элемэнт маскіроўкі таксама ніхто не адмяняў. Таму будзем працаваць, як і раней. Але павышаючы свой прафэсіяналізм і ўлічваючы гэты выпадак, у тым ліку», — сказаў Ігар Шуневіч.

У сакавіку 2018 году Сьвятаслава Барановіча за ўдар кулаком па галаве міліцыянту асудзілі на 4 гады зьняволеньня.

Хто такі Сьвятаслаў Барановіч, асуджаны на 3 гады за напад на «людзей у цывільным»

«Я зрабіў як сапраўдны мужчына», — мазыранін, які парэзаў трох міліцыянтаў, выступіў з апошнім словам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG