Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я зрабіў як сапраўдны мужчына», — мазыранін, які парэзаў трох міліцыянтаў, выступіў з апошнім словам


Паводле Андрэя Рабешкі, ён апрануўся ў суд, як выглядалі міліцыянты, якія прыехалі па яго ўначы
Паводле Андрэя Рабешкі, ён апрануўся ў суд, як выглядалі міліцыянты, якія прыехалі па яго ўначы

6 красавіка ў Гомельскім абласным судзе выступіў з апошнім словам жыхар Мазыра Андрэй Рабешка, які ў красавіку 2017 году парэзаў нажом трох міліцыянтаў.

Андрэя Рабешку судзяць за спробу забойства міліцыянтаў пры выкананьні імі службовых абавязкаў, а таксама за крадзеж зварачнага апарата і мыйкі высокага ціску.

Сваёй віны Рабешка не прызнаваў і ў часе судовага сьледзтва, пра гэта ён сказаў і ў апошнім слове.

«Ня я на іх, а яны напалі на мяне»

«Ня я прыйшоў ноччу да міліцыянтаў, ня я чакаў іх на двары, схаваўшыся, каб мяне не было відаць і каб потым напасьці і пазбавіць іх жыцьця. Наадварот, гэта зрабілі цяперашнія пацярпелыя. Яны напалі на мяне, — заявіў у апошнім слове Рабешка. — Я ўсяго толькі абараняў сябе, сваё жыцьцё і жыцьцё маёй любай жонкі. Я зрабіў так, як зрабіў бы сапраўдны мужчына».

Рабешка, стоячы ў клетцы суду за браніраваным шклом, надзеў на галаву чорную маску з прарэзамі для вачэй і патлумачыў, чаму.

«Я сёньня максымальна наблізіў свой зьнешні выгляд да таго, як выглядалі людзі, што напалі на мяне».

Судзьдзя Іван Котаў усьміхнуўся пасьля такой дэманстрацыі.

«Нават калі дапусьціць, што яны крыкнулі: „Стаяць, міліцыя“, хіба я ў масцы і чорнай вопратцы, без аніякіх апазнавальных знакаў стаў больш падобны да міліцыянта? Да таго ж гэта было ўначы».

Начны інцыдэнт у Мазыры

Разгляд крымінальнай справы цягнецца тры месяцы. У яе аснове крадзеж зварачнага апарата і мыйкі высокага ціску на агульную суму 1356 рублёў, да якога нібыта былі датычныя Андрэй Рабешка і ягоны мазырскі сябра Аляксандар Падабедаў. Падчас начнога затрыманьня 30 красавіка 2017 году ў двары прыватнай сядзібы Рабешка парэзаў нажом двух амапаўцаў — прапаршчыка Мадзянкова і старшыну Юрчанку — і пырнуў у ягадзіцу старшага лейтэнанта Чаплыгіна з аддзяленьня наркакантролю Цэнтральнага РАУС Гомля.

Інцыдэнт адбыўся паміж трэцяй і чацьвёртай гадзінай раніцы, калі сямёра супрацоўнікаў міліцыі з Гомля прыехалі ў прыватны сэктар Мазыра на вуліцу Алега Кашавога, каб правесьці вобшук у домаўладаньні Алены Страхі, грамадзянскай жонкі Рабешкі, дзе знаходзіўся на той час і Андрэй.

Алена Страха, грамадзянская жонка Рабешкі
Алена Страха, грамадзянская жонка Рабешкі

Падсудны заявіў, што закон парушыла міліцыя

Рабешка заявіў у апошнім слове, што міліцыянты парушылі артыкул 26 Закону аб міліцыі ды іншыя нарматыўныя акты. Яны нават не паведамілі апэратыўнаму дзяжурнаму Мазырскага РАУС, што праводзяць затрыманьне, не ўзялі з сабою супрацоўніка міліцыі ў форме. У камэнтарах жа афіцыйным СМІ, зазначыў Рабешка ў судзе, прадстаўнікі міліцыі казалі пра гераізм і адвагу пры затрыманьні небясьпечнага рэцыдывіста, кіраўніка злачыннай групоўкі.

«Я не рэцыдывіст. Так, адседзеў у турме па малалецтву. А дзе падзелася тая злачынная групоўка, якою я кіраваў? Нешта ніхто пра яе нічога ня кажа».

Падсудны заявіў, што той ноччу міліцыянты падманвалі яго, казалі, што нібыта здарылася ДТЗ, што зачапілі ягоную машыну.

«Я паводзіў сябе спакойна, ішоў дапамагчы разабрацца з ДТЗ — пра гэта сьведчылі ў судзе і самі міліцыянты», — казаў Рабешка ў апошнім слове.

Адвакат падсуднага Рабешкі Кацярына Змушка лічыць, што ў судзе не знайшла пацьверджаньня віна яе падабароннага ня толькі ў наўмыснай спробе забойства міліцыянтаў, але і ў крадзяжы зварачнага апарата і мыйкі высокага ціску.

Паводле адваката, сьледзтва не ўзяло пад увагу мэдычныя даведкі, якія сьведчаць пра пабоі, нанесеныя міліцыянтамі самому Андрэю Рабешку ў ноч 30 красавіка 2017 году.

Рабешку пагражае 21 год турмы

Вырак Андрэю Рабешку будзе агучаны 11 красавіка. Дзяржаўны абвінаваўца запатрабавала для абвінавачанага 21 год пазбаўленьня волі.

Адначасова суд вынесе прысуд за крадзеж другому фігуранту справы, інжынэру з Мазыра Аляксандру Падабедаву. Апошні настойвае, што крадзяжу не было — абсталяваньне вынесьлі на просьбу гаспадыні кватэры.

Праваабаронцы раскажуць у ААН, як Беларусь выконвае Канвэнцыю супраць катаваньняў

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG