Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ня хоча прачынацца ў «эўрапейскай дэмакратычнай дзяржаве»


Цікава, колькі гадоў можна прадаваць мантру «наш народ яшчэ не гатовы», якую ў розных варыяцыях так любяць прасоўваць эўрапейцам беларускія чыноўнікі ўсіх рангаў? Маўляў, «немагчыма легчы спаць у Савецкім Саюзе, а прачнуцца ў цалкам эўрапейскай дэмакратычнай дзяржаве», як сказаў нядаўна міністар замежных справаў Уладзімер Макей.

Што гэта за сон такі 20-гадовы? І як можна прачнуцца ў іншай краіне, калі ня хочаш прачынацца і нешта рабіць, каб краіна стала іншай?

Як можна прачнуцца ў іншай краіне, калі ты ня хочаш прачынацца і нешта рабіць, каб краіна стала іншай?

Дзе тая чароўная кропка, той «канец гісторыі», пасьля якога беларускія чыноўнікі скажуць — «усё, народ дасьпеў, запускайце правы чалавека і дэмакратыю»? Які сакральны сыгнал яны пачуюць зьверху (ва ўсіх сэнсах зьверху), пасьля чаго вырашаць, што можна прачынацца?

І ў чым, на думку беларускіх правіцеляў, выражаецца «негатоўнасьць» народу да дэмакратыі і правоў чалавека? Калі ў краіне зьявіцца незалежны суд, няўжо людзі выйдуць на мітынг з лёзунгамі «ня хочам справядлівага суду, хочам, як заўсёды, каб хапалі на вуліцах і саджалі за краты паводле ілжывых сьведчаньняў міліцыянтаў»? Хтосьці будзе пратэставаць супраць празрыстых і справядлівых выбараў (калі не лічыць цяперашніх чальцоў выбарчых камісіяў)? Альбо школьнікі выйдуць з плякатамі «Ня хочам вучыць гісторыю БНР, хочам вучыць зьезды КПСС?» Няўжо людзей яшчэ можна палохаць эканамічнымі рэформамі і «шокавай тэрапіяй», калі яны апошнія 7 гадоў жывуць у стане «эканамічнага шоку без тэрапіі»?

Калі хто сёньня і «не гатовы» да пераменаў у сфэры свабодаў, дэмакратыі, правоў чалавека, дык толькі сама ўлада.

І хто ўвогуле ўпаўнаважваў уладу браць на сябе ролю выхавацеляў у школе-інтэрнаце, якія вырашаюць, ці гатовыя іхнія «дзеці» да самастойнага жыцьця? Ці, калі больш дакладна, ролю адміністрацыі турмы, якая вырашае, ці адпусьціць чалавека на волю датэрмінова ці трымаць за кратамі далей, у пажыцьцёвым зьняволеньні?

Калі хто сёньня і «не гатовы» да пераменаў у сфэры свабодаў, дэмакратыі, правоў чалавека, дык толькі сама ўлада. Гэта яна ні ў якім разе ня хоча прачынацца «у цалкам эўрапейскай дэмакратычнай дзяржаве». Бо відавочна, што ў такой краіне цяперашняй сыстэме беларускай улады ня будзе ніякага месца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG