Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Айчым біў, маці трымала. Пару з Магілёва будуць судзіць


Папруга, якая парвалася, калі айчым зьбіваў дзяцей у Магілёве

Магілёўскі міжраённы аддзел Сьледчага камітэту паведаміў аб завяршэньні сьледзтва ў крымінальнай справе аб катаваньні малалетніх. Іх маці і айчым пагражае да 5 гадоў турмы.

Паводле сьледзтва, 16 красавіка 32-гадовы мужчына зьбіў папругай дзяцей ягонай 28-гадовай жонкі — хлопчыкаў 8 і 9 гадоў. Маці трымала дзяцей, калі мужчына іх біў, пакуль не парвалася папруга. І ён, і жонка былі п’яныя.

У дзяцей налічылі ня менш за 23 цялесныя пашкоджаньні. Цяпер зьбітых, а таксама іхнага 11-гадовага брата, зьмясьцілі ў сацыяльна-пэдагагічны цэнтар, дзе маці хлопцаў раней адбывала пакараньне за крадзеж.

Мужа і жонку ўзялі пад варту, ім выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 154 КК — «катаваньне непаўналетняга». Гэты артыкул прадугледжвае абмежаваньне волі на тэрмін ад 1 да 3 гадоў або пазбаўленьне волі на тэрмін ад 1 да 5 гадоў з магчымым штрафам.

Год таму за біцьцё дзяцей папругай аштрафавалі на 360 рублёў жанчыну з Радашкавічаў, яе дзевяцёх дзяцей перадалі ў інтэрнат і прыёмную сям’ю. Але яе судзілі паводле ч. 1 арт. 9.1 КаАП — «наўмыснае нанясеньне цялеснага пашкоджаньня, што не пацягнула кароткачасовага расстройства здароўя або нязначнай стойкай страты працаздольнасьці».

У канцы 2018 году Аляксандар Лукашэнка асабіста выказаўся супраць канцэпцыі законапраекту аб хатнім гвалце, які распрацавала Міністэрства ўнутраных справаў. Яму не спадабалася «дурасьць, узятая з Захаду», дзе «мужык з мужыком жэніцца». Ён таксама расказаў, як біў старэйшага сына Віктара (цяперашняга ягонага памочніка ў нацыянальнай бясьпецы), пакуль сярэдні сын Дзьмітры (цяперашні старшыня «Прэзыдэнцкага спартовага клюбу») «роўненька стаяў побач».

Фізычныя пакараньні дзецям Лукашэнка назваў «нашай традыцыяй, нашым жыцьцём, і мы будзем выхоўваць так, як трэба».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG