Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шматдзетную маці з Радашкавічаў аштрафавалі за біцьцё дзяцей папругай. Яна ня ведала, што так нельга


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Суд Маладэчанскага раёну аштрафаваў на 15 базавых велічыняў (360,5 рубля) жанчыну з Радашкавічаў, у якой раней забралі дзевяцёх дзяцей за тое, што яна біла старэйшых папругай, піша Tut.by.

Трох малодшых дзяцей жанчыны (самаму малому 9 месяцаў) цяпер перадалі ў прыёмную сям’ю родзічаў бацькоў, шасьцёх — у Радашкавіцкую школу-інтэрнат.

Сьляды пабояў на дзецях заўважыў сацыяльны пэдагог. Дзеці расказалі, што маці б’е за правіны (маці пацьвердзіла, што адной з такіх правінаў быў занадта доўгі паход у краму па прадукты), абяцае «пайсьці зь імі да Бога», пагражае сьмерцю.

Жанчына сьцьвярджала, што рабіла ўсё правільна, што дзяцей карае не яна, а Бог, яна нібыта толькі вызначала колькасьць удараў. Яна расказала, што муж не падзяляў такіх мэтадаў выхаваньня, але сьцьвярджала, што раней ня ведала, што яны незаконныя.

У жніўні камісія ў справах непаўналетніх мае вырашыць, ці можна вяртаць дзяцей бацькам: яны не пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, маці абяцае зьмяніць стаўленьне да дзяцей. Пасьля суду маці і дзеці абдымаліся на разьвітаньне.

Паводле статыстыкі, якую прыводзіла Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі ў пачатку году, кожнае другое беларускае дзіця цярпіць ад фізычнага гвалту, палова дзяцей узростам ад 5 да 9 гадоў былі ахвярамі псыхалягічнага ціску, штогод у міліцыі атрымліваюць каля 150 тысяч званкоў пра хатні гвалт, але з прычыны недапрацаваных законаў каля 100 тысяч выпадкаў не сканчаюцца пакараньнем вінаватага.

Жанчыну з Радашкавічаў пакаралі паводле ч.1 арт. 9.1 КаАП — «наўмыснае нанясеньне цялеснага пашкоджаньня, што не пацягнула кароткачасовага расстройства здароўя або нязначнай стойкай страты працаздольнасьці». МУС абяцае распрацаваць асобны закон супраць гвалту ў сям’і — яго могуць прыняць ужо налета.

«Б’е — значыць, сядзе» — погляд у 21 стагодзьдзі на хатні гвалт

Захарэвіч супраць Севярынца: ці патрэбны Беларусі новы закон аб барацьбе з хатнім гвалтам?

Расейская праваслаўная царква выступала супраць забароны біць дзяцей — патрыяршая камісія ў справе сям’і сьцьвярджала, што зьмены ў законе арыентаваныя супраць сям’і і ня ўлічваюць «традыцыйныя сямейныя каштоўнасьці».

Аштрафаваная жанчына належала да царквы хрысьціянаў веры эвангельскай — пастар не ўхваляў гвалтоўных мэтадаў выхаваньня, але казаў, што, магчыма, дзяцей ня варта было адразу забіраць ад маці, лепей было «палекаваць» маці, якая моцна схуднела і «замкнулася» пасьля апошніх родаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG