Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзякуй Богу, што гэты законапраект адхілілі», — Мітрапаліт Павел пра законапраект аб гвалце ў сям'і


Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Павел.
Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Павел.

Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Павел у інтэрвію Tut.by сярод іншага выказаўся пра магчымасьць беларускай аўтакефаліі, розьніцу паміж расейцамі і беларусамі, а таксама пра законапраект аб хатнім гвалце, які ня быў прыняты летась.

На пытаньне карэспандэнта Tut.by, ці заўважыў ён за пяць гадоў жыцьця ў Беларусі розьніцу паміж праваслаўем у Расеі і ў Беларусі, паміж беларусамі і расейцамі, мітрапаліт Павел адказаў наступнае:

— Паспрабуй выдзелі, хто ён: беларус, расеец або ўкраінец? Мы ўсе славяне. А славянін, ён што ў Беларусі, што ў Расеі, што ва Ўкраіне, што ў Амэрыцы ці Афрыцы — усё роўна славянін. А калі ён яшчэ і хрысьціянін, то гэта нас яшчэ больш абʼядноўвае. У нас адзін Бог, адна царква, адна вера і адна культура... У нас значна больш таго, што абʼядноўвае, чым падзяляе. Але вось так склалася палітычная сытуацыя, што мы сёньня жывем у розных краінах.

Мітрапаліт Павел перакананы, што беларусам не патрэбны закон аб процідзеяньні хатняму гвалту:

— Калі грамадзтва і кожны з нас будзе жыць, кіруючыся духоўна-маральнымі каштоўнасьцямі, то ў гэтым выпадку нам не патрэбны будзе ніякі закон супраць хатняга гвалту... Трэба сказаць, што ў абмеркаваным законапраекце аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту былі выяўленыя вельмі сурʼёзныя недахопы, якія і выклікалі непакой ня толькі ў веруючых людзей. Я ўпэўнены, што беларускаму народу гэты закон зусім не патрэбны. Ён прынясе людзям больш шкоды, чым карысьці.

У ім больш надаецца ўвагі правам дзяцей, кідаючы на задворкі бацькоў і пазбаўляючы іх бацькоўскіх правоў і абавязкаў. А да паўналецьця, як вы ведаеце, за дзяцей адказваюць бацькі. Дзіця яшчэ ня ведае жыцьця і яшчэ, прабачце, не ведае, як зарабляць грошы, а ўжо ведае свае правы і пачынае «качаць іх» сваім бацькам... Дзякуй Богу, што гэты законапраект адхілілі, і дай Бог, каб ён ніколі ня быў прыняты. Трэба адраджаць у сьвядомасьці людзей страчаныя духоўна-маральныя каштоўнасьці, і тады наша жыцьцё вернецца ў нармальнае рэчышча, якім будзе кіраваць разважлівасьць, любоў і Боская задума.

Мітрапаліт Павел адказаў на пытаньне аб магчымай аўтакефаліі Беларускай праваслаўнай царквы:

— Па-першае, адразу скажу, што пытаньне аб аўтакефаліі Беларускай праваслаўнай царквы ні на якім царкоўным узроўні не абмяркоўвалі і не абмяркоўваецца, а тым больш — на ўзроўні Сьвятога Сыноду. У нас такога пытаньня не існуе. Будзіруюць гэтую тэму тыя, хто не жадае міру і дабра царкве і верным яе дзецям. У першыя стагодзьдзі хрысьціянства царква была адзінай. У наступныя часы па розных прычынах, зараз ня буду ўдавацца ў гэтыя дэталі, адбыўся падзел на Ўсходнюю і Заходнюю часткі, а затым і на больш дробныя — памесныя царквы.

У гэтым падзеле прысутнічае варожы, дʼябальскі мэтад: падзяляй і ўладар. У апошнія гады былі спробы ўнесьці смуту — падзелу ў праваслаўную царкоўную жыцьцё Беларусі. Але, дзякуй Богу, гэта пытаньне сёньня ў сьвядомасьці верніка праваслаўнага народа Беларусі не стаіць...

Чамусьці нехта думае, што нам, праваслаўным, дрэнна жывецца ў Беларусі. Нам таксама нядрэнна. Дзяржава забясьпечвае ўсім грамадзянам поўную свабоду веравызнаньня. Любы чалавек можа вольна вызнаваць сваю рэлігію, хадзіць у храм і маліцца, атрымліваць тэалягічнае навучаньне выбіраць царкоўны або сьвецкі лад жыцьця. Што яшчэ трэба? Жыві, маліся, працуй і дзякуй за ўсё Богу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG