Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму царква ў Беларусі жыве «на вобраз і падабенства» палітычнага рэжыму


Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка з сынам Мікалаем у царкве, архіўнае фота
Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка з сынам Мікалаем у царкве, архіўнае фота

Цэрквы падалі голас, які вельмі зьдзівіў грамадзкасьць.

Два факты апошніх дзён, вельмі падобныя па зьмесьце. З прычыны скаргі праваслаўных вернікаў на адрас вышэйшага кіраўніцтва краіны была адменена прэм’ера опэры Рыхарда Штраўса «Салямэя» ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры опэры і балету Беларусі, яна перанесена на 18 і 19 кастрычніка. Біскупы аб’яднаньняў эвангельскіх цэркваў Беларусі зьвярнуліся да прэзыдэнта з заклікам прыняць закон аб забароне прапаганды гомасэксуалізму.

Згаданыя падзеі выклікалі значны рэзананс у мэдыях і сацыяльных сетках. Бо для Беларусі гэтая зьява ў пэўным сэнсе не зусім звычайная. Шмат гадоў для ўсіх беларускіх канфэсій характэрна індыфэрэнтнае стаўленьне да грамадзкіх працэсаў, ухіленьне ад ацэнак вострых сацыяльных праблем. Маўляў, мы ня ўмешваемся ў палітыку. Гэта вельмі па-беларуску.

Справа ў тым, што ў Беларусі любая сацыяльная ці грамадзкая праблема адразу становіцца палітычнай, бо дзяржава кантралюе ўсе працэсы ў краіне і ўтрымлівае манаполію на іх вырашэньне. Таму спробы даць нейкія ацэнкі тым ці іншым зьявам непазьбежна натыкаюцца на непаразуменьне з уладамі.

Толькі калі ўлады мабілізуюць цэрквы ў сваю падтрымку, тыя вымушаны станавіцца ў агульны шэраг дзеля дэманстрацыі свайго вернападданства. Як, напрыклад, тое было перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2015 году, калі ўлады арганізавалі шоў у падтрымку Лукашэнкі пад назвай «Малітва за Беларусь» з удзелам кіраўнікоў асноўных рэлігійных канфэсій.

А ў астатні час царква ў асноўным маўчыць. Праўда, апошнім часам кіраўнік каталіцкага касьцёла Кандрусевіч дазваляе сабе выказвацца і пра аўтазакі на менскіх вуліцах, і пра Курапаты. Але гэтае выключэньне толькі падкрэсьлівае нязьменнасьць правілаў.

І вось на тле такога мёртвага зыбу дзьве гучныя заявы прадстаўнікоў цэркваў сталі пэўным усплёскам. Што аб’ядноўвае гэтыя лісты?

Найперш, зьвяртае на сябе ўвагу тое, якія праблемы, на думку аўтараў гэтых лістоў, найбольш актуальныя, вострыя, балючыя для сёньняшняга беларускага грамадзтва. Гэта прэм’ера опэры «Салямэя» (дарэчы, сусьветнай клясыкі) і «ЛГБТ-прапаганда». У гэтым яны бачаць замах на хрысьціянскія каштоўнасьці.

У Беларусі сапраўды ёсьць праблема з хрысьціянскімі каштоўнасьцямі. Можна вынесьці за дужкі тэму Курапатаў ці тое, як груба абыходзіцца міліцыя з грамадзянамі, якія пратэстуюць, бо гэтыя тэмы вельмі блізкія да палітыкі. Але ёсьць і іншыя вострыя праблемы. Па колькасьці спажываньня алькаголю, колькасьці зьняволеных на 100 тысяч насельніцтва, колькасьці распадаў шлюбаў Беларусь — сярод сусьветных лідэраў. Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, дзе захоўваецца сьмяротнае пакараньне. Аднак кранаць гэтыя тэмы небясьпечна, яны могуць не спадабацца ўладам.

А тыя праблемы, на якія зьвяртаюць увагу аўтары лістоў, вельмі штучныя. Трэба вельмі моцна шукаць, каб знайсьці ў Беларусі ЛГБТ-прапаганду.

І важна падкрэсьліць, што гэтыя лісты — не апэляцыя да грамадзтва, да людзей, да іх сумленьня, каб выратаваць іх душы ад грахоўных спакус. Хоць, здавалася б, у гэтым і палягае функцыя царквы. Не, аўтары зьвяртаюцца да вышэйшай улады, каб яна адміністрацыйным, дырэктыўным шляхам нешта забараніла. То бок у змаганьні за каштоўнасьці і мараль галоўны інструмэнт — гэта карныя мэханізмы дзяржавы.

Абвінавачваньні, патрабаваньні і прапановы аўтараў гэтых зваротаў даволі радыкальныя. Паводле ліста праваслаўных вернікаў, спэктакль «Салямэя» — крымінальнае злачынства, «пагроза духоўнай бясьпецы дзяржавы», ён павінен быць забаронены, а адносна галоўнага рэжысэра тэатру Міхаіла Панджавідзэ трэба распачаць крымінальную справу за «ўзбуджэньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці або розьні, на прыніжэньне нацыянальнага гонару і годнасьці». Гэта данос у стылі 1937 году. У звароце біскупаў аб’яднаньняў эвангельскіх цэркваў патрабуецца забараніць мэдыям пісаць і гаварыць пра людзей зь нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй. Падыход зусім не гуманны, не талерантны, не хрысьціянскі. Спроба забараніць мастацкую творчасьць, абмежаваць свабоду слова — гэта вяртаньне ў сярэднявечча.

Шкада, што ў Беларусі нават царква функцыянуе «на вобраз і падабенства». Але, на жаль, ня Божае. Тут больш падабенства да існага палітычнага рэжыму.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG