Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікі тэатар Беларусі перанёс прэм’еру опэры «Салямэя». Прычына — ліст праваслаўных вернікаў

абноўлена

«Салямэя» ў нью-ёрскай «Мэтраполітэн-оперы»
«Салямэя» ў нью-ёрскай «Мэтраполітэн-оперы»

Прэм’ера опэры Рыхарда Штраўса «Салямэя» ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры опэры і балета Беларусі, якая павінна была адбыцца 9-10 верасьня, перанесена на 18 і 19 кастрычніка.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі ў касах тэатру. Квіткі на спэктаклі сапраўдныя. Заўтра ў тэатры плянуецца публічная здача спэктакля.

Тым часам адкрыцьцё тэатральнага сэзону пераносіцца на 11 верасьня. Пра гэта паведаміў 6 верасьня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску генэральны дырэктар тэатру Ўладзімер Грыдзюшка, паведамляе БелаПАН.

«Чарговае блюзьнерства пад эгідай Міністэрства культуры»

Паводле Грыдзюшкі, перанос зьвязаны з адкрытым лістом групы праваслаўных грамадзян на імя кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта, Генпракурора, чальцоў сьвяшчэннага сыноду Беларускага экзархату і Маскоўскага патрыярхату Рускай праваслаўнай царквы.

Тэкст ліста апублікаваны на сайце odigitria.by.

Спэктакль «Салямэя» назвалі ў лісьце «чарговым блюзьнерствам пад эгідай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь». Аўтары ліста сьцьвярджаюць, што пастаноўка гэтай опэры — «блюзьнерства», «багахульства». «зьдзек з памяці Хрысьціцеля Іаана, дзёрзкая антыхрысьціянская, антыцаркоўная (антыклерыкальная) дзея».

Паводле ліста, спэктакль абражае рэлігійныя пачуцьці вернікаў і зьяўляецца крымінальным злачынствам. Маўляў, прэмʼера і далейшы паказ опэры «павінны быць неадкладна забароненыя», бо «Салямэя» — гэта «дзёрзкі выклік хрысьціянам Беларусі і пагроза духоўнай бясьпецы дзяржавы».

Міхаіл Панджавідзэ
Міхаіл Панджавідзэ

Аўтары ліста просяць генпракурора распачаць адносна галоўнага рэжысэра тэатру Міхаіла Панджавідзэ крымінальную справу па 130-м артыкуле (Наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці або розьні, на прыніжэньне нацыянальнага гонару і годнасьці).

Кіраўнік БПЦ ухваліў пастаноўку

Пастаноўку «Салямэі» ўхваліла Рэспубліканская экспэртная камісія па прадухіленьні парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці, а таксама мастацкая рада Міністэрства культуры па музычным мастацтве.

У чэрвені рэжысэр-пастаноўшчык опэры «Салямэя» Міхаіл Панджавідзэ расказаў «Советской Белоруссии», што прасіў дазволу на пастаноўку ў кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліта Паўла. Той нібыта даў згоду.

У анонсе опэры на сайце тэатру, цяпер выдаленым (копія ў кэшы), Міхаіл Панджавідзэ сказаў, што «некаторы флёр скандальнасьці суправаджаў гэты твор пачынаючы яшчэ зь літаратурнай першакрыніцы — аднайменнай драмы Оскара Ўайльда».

«І ўжо ў далейшым, пры працы над опэрай, у цэлага шэрагу „творцаў“ узьнікала жаданьне спэкуляваць на эпатажных аспэктах, якія, як паказвае практыка, знайсьці можна ў любым матэрыяле, а ў „Салямэі“ — тым больш. Што і адбываецца. Я глыбока перакананы, што гэты твор незаслужана карыстаецца падобнай славай. Гаворка тут ідзе не пра мярзотныя якасьці, уласьцівыя чалавеку. Зусім наадварот — пра сілу духу, дзякуючы якой чалавек, вызнаючы хрысьціянскія догмы маралі, можа застацца чалавекам. Гэтая гісторыя актуальная і надзённая як ніколі».

«У нас сьвецкая дзяржава», — опэрны сьпявак

Опэрны сьпявак Віктар Скорабагатаў сказаў карэспандэнту Свабоды, што перш чым ацэньваць спэктакль, трэба яго паглядзець. Опэра «Салямэя» раней ніколі не ішла ў Вялікім тэатры Беларусі, хоць яна ставіцца ва ўсім сьвеце.

«Што, нам памянялі музыку, лібрэта? Што ў іх, іншыя норавы? Не», — кажа сьпявак.

Паводле Скорабагатава, у Беларусі раней ішла опэра Штраўса «Кавалер ружы» і пасьля гэтага творы кампазытара больш ніколі ня ставілі. А музычная мова Штраўса досыць складаная, таму вельмі цікава паглядзець, што атрымалася цяпер, як беларускі тэатар спраўляецца з такім музычным матэрыялам.

Опэрны сьпявак лічыць ненармальным, калі нейкі мастацкі твор пачынаюць забараняць.

«Яшчэ ў часы Савецкага Саюзу ў нас была забаронена опэра „Навухадaносар“, бо яна была на біблійны сюжэт. І калі ўжо дазволілі гэтую опэру ставіць, я зразумеў, чаму яе забаранялі. Там настолькі магутная, запамінальная і клясная музыка, а сюжэт біблійны, і цяжка было б казаць наведнікам гэтага спэктакля, што рэлігія — гэта опіюм для народу. У гэтай сытуацыі крыху іначай, маўляў, гэта зьдзек з рэлігіі. Але ж яшчэ ніхто ня бачыў спэктакля.

У нас сьвецкая дзяржава, у нас царква адлучана ад дзяржавы. І таму ўсё, што некаму падабаецца ці не падабаецца — гэта ўсё там, на кухні», — сказаў Віктар Скорабагатаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG