Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Япіскапы супраць ЛГБТ. Што сказаў бы Ісус


Акцыя ў падтрымку ЛГБТ каля Міністэрства ўнутраных спраў у Менску, 28 чэрвеня 2018
Акцыя ў падтрымку ЛГБТ каля Міністэрства ўнутраных спраў у Менску, 28 чэрвеня 2018

Пратэстанцкія япіскапы прапануюць прыняць закон, які забароніць «ЛГБТ-прапаганду» сярод дзяцей, падлеткаў і моладзі. Але я ўпэўнена, што нам такой «прапаганды» трэба болей: хай у Менску праходзяць прайды роўнасьці, хай аднаполым парам дазволяць удачараць і ўсынаўляць дзяцей, хай узаконяць аднаполыя шлюбы.

Гэта ўсё ніяк ня будзе замінаць гетэрасэксуальным людзям брацца шлюбам, выхоўваць дзяцей і публічна цалавацца. Яны па-ранейшаму змогуць здраджваць адно аднаму, забываць пра дзяцей пасьля разводу і кідаць партнэрак і партнэраў, якія цяжка захварэлі. І як бы рэлігійныя дзеячы ні стараліся давесьці, што разнаполыя пары ў адрозьненьне ад аднаполых вельмі высокамаральныя, рэальнасьць паказвае, што гэта зусім не так.

Важна, якія каштоўнасьці дэманструюць дарослыя, а не які камплект геніталій яны маюць

Пры выхаваньні дзяцей важна, якія каштоўнасьці дэманструюць дарослыя, а не які камплект геніталій яны маюць. І тут ЛГБТ-супольнасьць у нечым выглядае больш высокамаральнай за рэлігійных актывістак і актывістаў. Гэта ж абаронцы так званых традыцыйных каштоўнасьцяў адстойваюць права біць дзяцей, а ў ЛГБТ-павестцы і блізка нічога падобнага няма.

ЛГБТ-павестка базуецца на ідэі важнасьці правоў чалавека і на тым, што каханьне мусіць перамагаць нянавісьць. Чаму ж хрысьціянскія рэлігійныя дзеячы вырашылі, што могуць манапалізаваць права кахаць? На жаданьне негетэрасэксуальных людзей быць прынятымі грамадзтвам гэтыя прадстаўнікі цэркваў рэагуць як малыя дзеці, калі ў іх адбіраюць цукеркі. Злосьць, непрыманьне, жаданьне зрабіць нейкую гадасьць у адказ. Я чытала Новы Запавет, і мне здаецца, Ісус бы такога не адобрыў.

Крый Божа ад той высокай маралі, дзе людзей проста выкідваюць з сацыяльнага жыцьця

Япіскапы лічаць, што забарона «прапаганды гомасэксуальнасьці» зможа абараніць права бацькоў на выхаваньне дзяцей у маральна здаровым асяродзьдзі. Матывацыя гучыць прыгожа, але крый Божа ад той высокай маралі, дзе людзей проста выкідваюць з сацыяльнага жыцьця праз тое, што яны выбудоўваюць аднаполыя рамантычныя стасункі. У нашым грамадзтве ў цэлым прынята не прыхоўваць сваё асабістае жыцьцё: людзі носяць шлюбныя пярсьцёнкі, трымаюцца на вуліцы за руку, абдымаюцца і цалуюцца ў публічных месцах, абмяркоўваюць сямейныя справы з каляжанкамі і калегамі. Але людзі, якія знаходзяцца ў аднаполых стасунках, часта пазбаўленыя такіх магчымасьцяў і вымушаны хлусіць усім навакольным, каб тыя ні аб чым не здагадаліся.

Няма нічога высокамаральнага ў тым, каб мець манаполію на права кахаць. Людзі ў аднаполых стасунках не злачынцы па змоўчаньні, і гэтыя стасункі ўвогуле нічым не адрозьніваюцца ад стасункаў у разнаполых парах: паўсюль бываюць канфлікты, паўсюль бываюць прыстойныя і непрыстойныя людзі і рашэньні. А акцэнт на сэксе робяць акурат «традыцыйна настроеныя» людзі.

Няма нічога высокамаральнага ў тым, каб мець манаполію на права кахаць.

Япіскапам няма чаго баяцца: ім нічога не пагражае. Ніхто ня стане адбіраць у іх дзяцей, каб аддаць аднаполым парам, ніхто ня стане прымушаць іх зьмяніць склад іх уласнай сям’і, ніхто не забароніць ім маліцца (хоць маглі б і папрасіць не выпячваць рэлігію, я лічу), і нават за шлюбныя пярсьцёнкі іх не будуць зьбіваць. Адкуль жа столькі страху?

Так званая ЛГБТ-прапаганда ніяк не закранае правы гетэрасэксуальных людзей. Усё ж вельмі проста: калі вы супраць аднаполых стасункаў, проста не ўступайце ў іх.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG